Дэпутат Валянцін Міхневіч правёў прыём грамадзян у Дзятлаве

Падзеі

2 лістапада Дзятлаўскі раён наведаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцін Міхневіч. Ён правёў свой першы прыём грамадзян на новай пасадзе ў якасці дэпутата па Дзятлаўскай выбарчай акрузе № 56.

Шэсць чалавек звярнуліся да Валянціна Уладзіміравіча са сваімі праблемамі і пытаннямі. Былі такія звароты, якія сведчаць, што людзі трапілі ў складаную сітуацыю, прайшлі ўжо не адну інстанцыю і вымушаны звярнуцца па дапамогу да службовых асобаў такога высокага рангу. Некаторыя ж грамадзяне прыйшлі на прыём хутчэй пазнаёміцца з дэпутатам і заадно, як кажуць, пагаварыць пра набалелае, “каб дэпутат быў у курсе і на высокім узроўні неяк пасадзейнічаў у вырашэнні праблемы”.

Між тым, Валянцін Міхневіч уважліва выслухаў усіх, хто прыйшоў, тактоўна даў неабходныя тлумачэнні, некаторыя пытанні ўзяў на асабісты кантроль.

Напрыклад, жыхарцы Дзятлава, якая прасіла аб пераглядзе разліку яе пенсіі, Валянцін Міхневіч паабяцаў звярнуцца ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь для ўдакладнення магчымага варыянту пераразліку пенсіі заяўніцы або аказання ёй дапамогі. Пытанне жыхаркі гарпасёлка Наваельня таксама будзе ўзнята на рэспубліканскім узроўні з дэпутацкім запытам у пэўныя структуры.

Гучала ў час прыёму просьба аб часовым працаўладкаванні. Яе выказала мясцовая пенсіянерка. Жанчына гатова пайсці на працу, каб дапамагчы хоць крыху свайму ўнуку-студэнту, паколькі сям’я мае цяжкае матэрыяльнае становішча.

Увагі заслугоўвае пытанне, якое, магчыма, непакоіць некаторых былых работнікаў “Аўтапарка №16”. Заяўнік звярнуўся да дэпутата са скаргай аб незаконным скарачэнні яго з работы пры рэарганізацыі дадзенага прадпрыемства. Мужчына мае льготы ліквідатара аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аднак у час прыёму спецыялісты адпаведных службаў удакладнілі, што ў “Аўтапарку №16” адбылася не рэарганізацыя, а закрыццё дадзенага прадпрыемства. На яго месцы пасля адкрыўся участак “Аўтобусны парк №2 горада Ліды”. У выніку, людзі прайшлі не праз працэдуру скарачэння штату, а праз працэдуру звальнення. Некаторых звольненых работнікаў Лідскі аўтапарк прыняў на працу, але не ўсіх.

Было пытанне, якое, па меркаванні заяўніцы, жыхаркі райцэнтра, мае шырокае грамадскае значэнне. Жанчына прасіла Валянціна Уладзіміравіча ўнесці прапанову на разгляд дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў аб датэрміновым выхадзе на пенсію апекуноў дзяцей-інвалідаў. Цяпер па заканадаўстве такое права маюць толькі родныя бацькі і ўсынавіцелі дзяцей-інвалідаў.

Ад другой жыхаркі райцэнтра ў час прыёму прагучала падзяка на адрас работнікаў раённага выканаўчага камітэта і дзятлаўскай міліцыі.

Усе пытанні і просьбы Валянцін Міхневіч узяў на заўвагу і паабяцаў вывучыць іх больш дасканала, пракансультавацца ў адпаведных органах і згодна з дзеючым заканадаўствам па магчымасці дапамагчы кожнаму, хто да яго звярнуўся.

І. КАМАРОВА
Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *