Пачасціліся крадзяжы веласіпедаў

Здарэнні і бяспека

На Гродзеншчыне з пачатку 2016 года зарэгістраваны 112 злачынстваў, звязаных з крадзяжамі веласіпедаў. Іх крадуць як для наступнага выкарыстання, так і з мэтай хуткага збыту, а прадаюць амаль за бясцэнак. Такія злачынствы ўчыняюць не толькі дарослыя, але і непаўналетнія.
Як сведчыць аналіз раскрытых злачынстваў, рэалізацыя веласіпедаў здзяйсняецца пераважна з дапамогай інтэрнэту, такіх сайтаў, як «Куфар» і «Гродзенскі форум».
Найчасцей веласіпеды крадуць з пад’ездаў шматкватэрных дамоў, нягледзячы на меры перасцярогі, якія прымаюць гаспадары двухколавых транспартных сродкаў.
У летні перыяд веласіпеды шырока выкарыстоўваюцца жыхарамі Дзятлаўскага раёна, асабліва ў сельскай мясцовасці. Нягледзячы на тое, што каштуюць яны нятанна, у большасці выпадкаў гаспадары мала ўвагі надаюць іх захаванасці. Аднак варта памятаць, што стаць пацярпелым ад крадзяжу можна даволі хутка, а вярнуць назад сваю маёмасць вельмі няпроста. Таму міліцыя раіць уладальнікам веласіпедаў заўсёды выконваць наступныя меры бяспекі:
— захоўвайце дакументы пасля пакупкі веласіпеда;
— запішыце нумары запчастак і захоўвайце запіс;
— сфатаграфуйце веласіпед: фота спатрэбіцца, калі давядзецца апазнаць транспартны сродак;
— не аддавайце веласіпед незнаёмцу, які просіць пакатацца на ім;
— не прасіце чужых людзей прыгледзець за веласіпедам;
— не захоўвайце веласіпеды ў пад’ездах і на лесвічных пляцоўках;
— пакідаючы веласіпед, прыстасаваннем для блакіроўкі фіксуйце да агароджы не толькі раму, але і адно кола;
— пры наяўнасці камераў відэаназірання пакідайце веласіпед у полі іх агляду;
— па магчымасці выканайце маркіроўку веласіпеда ў спецыялізаванай арганізацыі;
— не набывайце веласіпед у незнаёмцаў пры адсутнасці дакументаў на яго.
А. БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *