Самагонаварэнне — правапарушэнне, а не традыцыя

Здарэнні і бяспека

Праваахоўныя органы пастаянна вядуць барацьбу супраць самагоншчыкаў, якія займаюцца вырабам і продажам моцнага алкагольнага напою. Самагон часта з’яўляецца прычынай харчовых атручванняў, ужо не кажучы пра іншыя негатыўныя з’явы ў грамадстве, звязаныя з ужываннем спіртнога. Праблема гэта актуальная для ўсіх рэгіёнаў нашай краіны, і Дзятлаўшчыны ў тым ліку. Пад якія санкцыі звычайна трапляюць самагоншчыкі і іх «кліенты», карэспандэнтцы газеты расказаў старшы інспектар па дазвольнай рабоце аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Дзятлаўскага райвыканкама В. Грыцук.

— Віктар Віктаравіч, чаму самагон адносяць да сурагатнага алкаголю?

— Самагон значна адрозніваецца ад моцных алкагольных напояў, якія вырабляюць прамысловыя прадпрыемствы, наяўнасцю шкодных прымесяў. Найбольш небяспечная з іх — сівушнае масла, вельмі таксічнае для арганізма чалавека. І калі на прадпрыемствах пастаянна сочаць за якасцю прадукцыі, то самагон вырабляюць звычайныя грамадзяне, і ён можа быць не толькі няякасным, але і небяспечным для здароўя.

Згодна з заўвагай да артыкула 12.43 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, пад моцнымі алкагольнымі напоямі і самагонам разумеюць алкагольня напоі з аб’ёмнай доляй этылавага спірту 28 і больш працэнтаў, вырабленыя фізічнымі асобамі шляхам бражэння сыравіны і наступнай перагонкі. Правапарушэннямі з’яўляюцца: выраб самагону, выраб брагі як паўфабрыката для самагону, захоўванне самагонных апаратаў і самагоннай брагі.

— А што чакае парушальніка, у якога знайшлі што-небудзь з пералічанага?

—  За выраб фізічнымі асобамі моцных алкагольных напояў або брагі, захоўванне самагонных апаратаў законам прадугледжана папярэджанне або штраф да 5 базавых велічыняў з канфіскацыяй знойдзенага. За паўторнае парушэнне, учыненае на працягу года, штраф ужо складзе ад 5 да 30 базавых велічыняў з канфіскацыяй. Прычым, праваахоўнікі схіляюцца да меркавання, што «паўторнікам» штраф трэба даваць па максімуме.

— А ці можна вырабляць хатняе віно?

— Парадак вытворчасці і абароту алкагольных напояў рэгулюецца Законам Рэспублікі Беларусь ад 27 жніўня 2008 года №429-З «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай нехарчовай спіртаўтрымліваючай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту». Пунктам 2 артыкула 1 Закона дапускаецца выраб фізічнымі асобамі ў хатніх умовах віна, настоек, лікёраў, але толькі для ўласнага ўжывання. А пры іх рэалізацыі парушальнік трапіць пад санкцыі падпункта 2.18 пункта 2 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 верасня 2005 года N 11 «Аб удасканаленні дзяржаўнага рэгулявання вытворчасці і абароту алкагольнай нехарчовай спіртаўтрымліваючай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту». За такія дзеянні ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасць — штраф у памеры ад 5 да 20 базавых велічыняў з канфіскацыяй тавару.

Часткай 4 артыкула 12.27 КоАП РБ таксама ўстаноўлена адказнасць за продаж фізічнымі асобамі алкагольных напояў, у тым ліку ўласнай вытворчасці, у выглядзе штрафу ў памеры да 10 базавых велічыняў з канфіскацыяй алкаголю.

— Ці караюцца законам тыя, хто набывае самагон?

— Купля моцных алкагольных напояў, самагону і іх паўфабрыкатаў на «кропках» у незаконных гандляроў таксама правапарушэнне, якое караецца папярэджаннем або штрафам у памеры да 5 базавых велічыняў з канфіскацыяй купленага (артыкул 12.43 КоАП РБ).

— Ці можна дома захоўваць спірт?

— Фізічным асобам, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, дазваляецца перавозіць па тэрыторыі нашай краіны або захоўваць дома не больш за 5 літраў немаркіраванага акцызнымі маркамі алкаголю або не больш за 15 літраў алкагольных напояў без дакументаў, якія пацвярджаюць легальнасць іх пакупкі (гэта не распаўсюджваецца на самаробны алкаголь для ўласнага ўжытку).  У выпадку перавышэння нормы перавозкі або захоўвання, згодна з артыкулам 12.27 КоАП РБ, парушальнік будзе пакараны штрафам у памеры ад 10 да 100 базавых велічыняў з канфіскацыяй алкагольных напояў звыш нормы.

А за захоўванне фальсіфікаванага алкаголю і гандаль ім давядзецца заплаціць значна больш. У гэтым выпадку штраф складзе ад 100 да 200 базавых велічыняў з канфіскацыяй алкаголю.

Гутарыла І. СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *