Аўтаклуб чакаюць у кожнай вёсачцы раёна

Падзеі

Прыезд самадзейных артыстаў для вяскоўцаў заўсёды свята. Яны кідаюць хатнія справы, рыхтуюцца, хвалююцца ў чаканні ўжо знаёмага аўтобуса. А ён і ў спёку, і ў дождж, праз снежныя завеі вязе радасць, цеплыню і ўвагу, якіх так не хапае пажылым людзям, асабліва тым, што жывуць на ўскрайках вёсак або ў самых аддаленых куточках раёна, хто ўжо не мае фізічнай сілы і здароўя, каб дайсці нават да магазіна. І вось з імправізаванай сцэны льюцца песні, прыпеўкі, бойка грае гарманіст, гучаць гумарэскі і проста цёплыя словы прывітання, пажаданні здароўя, дабрабыту.

— Бывае, што канцэрты ладзім прама на падворках ля хатаў – не кожны пажылы чалавек ужо можа нават выйсці з дому, а хочацца, каб прыемна было ўсім, для каго ехалі, — расказвае загадчыца сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская. — Стацыянарных клубных установаў з кожным годам становіцца ўсё менш, але мы па-ранейшаму нясём культуру людзям, адраджаем традыцыі, народную творчасць. Імкнёмся выязджаць як мага часцей. У месяц аўтаклуб (цяпер – сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва) робіць па раёне ў сярэднім восем выездаў. Загадзя тэлефануем старастам вёсак, узгадняем дату. Яны — нашы галоўныя памочнікі, абыходзяць дамы, папярэджваюць мясцовае насельніцтва аб сустрэчы, што плануецца. Спяшаемся таксама ў сельскую глыбінку ў святы, Дні вёсак, віншуем з юбілеямі, наведваем ветэранаў, ладзім “агеньчыкі” для дзетак з абмежаванымі магчымасцямі, удзельнічаем у раённых акцыях. Летась у рамках культурна-забаўляльнай акцыі, прысвечанай 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, калектыў сектара разам з канцэртнай брыгадай выехаў з турам па аддаленых вёсках “Памяць у сэрцах і песнях”. Парадавалі жыхароў Малой і Вялікай Палонкі, Раготна, Яхноўшчыны, Чырвонага Бору, Міроўшчыны, Гірычаў. Адпрацавалі праграму пад назвай “Дарогамі Перамогі!” сумесна з  народным духавым аркестрам гарпасёлка Наваельня. З 70-годдзем на даму наш калектыў віншаваў жыхарку вёскі Яблынька Надзею Варган. З канцэртнымі праграмамі “Ад шчырага сэрца простымі словамі” і  “Грай гармонік весялей” нас сустракалі жыхары вёсак Мядзвінавічы, Явар, Гута, Руда Яварская.

DSC02105-(1)

DSC06769-(1)

Штат работнікаў сектара пазастацыянарнага абслугоўвання невялікі, усяго тры чалавекі, але няма сярод іх абыякавых людзей – творчыя, энергічныя, задорныя, чыя душа жыве ў песні. Пад вясёлыя прыпеўкі гарманіста-віртуоза Васіля Шпігановіча вяскоўцы адразу згаджаюцца на танцы, у каго ўжо не атрымліваецца – прытупваюць, седзячы на лаве. З Ірынай Бакшук любяць падпяваць знаёмыя песні, успамінаюць “Цячэ вада ў ярок”, “Ой, каліна, ой, маліна” і іншыя. Ад Ганны Харлінскай людзі заўсёды чакаюць свежы рэпертуар, ды такі, каб ад цёплых словаў тэкста песень і шчырасці выканання заплачаш, каб светла станавілася на душы і ў сэрцы – і спявачка не падводзіць сваіх слухачоў.

Сёлета загадчыца сектара Ганна Харлінская адзначыць 20-годдзе творчай дзейнасці. У 1996 годзе пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Цёткі яна прыйшла працаваць у Дзятлаўскі раённы дом культуры хормайстрам. Маладая, актыўная, поўная творчых ідэяў акрамя сольных выступленняў, узялася за стварэнне ансамбля. Назву яму дала “Ятранка”. Ансамбль заслужыў прызнанне слухачоў, не раз станавіўся прызёрам розных конкурсаў. З 2008 года “Ятранка” мае званне народнага ансамбля песні і музыкі. За дваццаць гадоў Ганна Валяр’янаўна змяніла некалькі пасадаў ва ўстановах культуры раёна, але “Ятранку” сваю не кінула, як і сольную кар’еру. У 2013 годзе ўзначаліла новы праект – аўтаклуб. Дарэчы, летась змянілася афіцыйная назва аўтаклуба – сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва. Але – толькі назва. За тры гады прывыклі вяскоўцы, што ёсць у іх нязменная крыніца добрага настрою, станоўчых эмоцый. А яшчэ – асаблівага клопату пра іх. Стала добрай традыцыяй сектара запрашаць у сумесную паездку старшыняў сельсаветаў, медыкаў, міліцыянераў, спецыялістаў аддзела па надзвычайных сітуацыях, цэнтра сацыяльных паслугаў.

— Гэта магчымасць для пажылых людзей папрасіць спецыялістаў паглядзець, ці ўсё добра з печкаю або газам, лішні раз не ехаць па таблетку ў райцэнтр, даведацца апошнія навіны, — тлумачыць Ганна Харлінская. – А нам, сектару, толькі прыемней, што і парадавалі людзей, і крышачку дапамаглі. Службам жа раённым, вялікі дзякуй, што заўсёды пагаджаюцца супрацоўнічаць.

На 2016 год у работнікаў сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва запланавана не менш насычаная праграма, чым летась. І галоўнае, што яны добра разумеюць – іх чакаюць у кожнай вёсачцы.

І. КАМАРОВА
Фота Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *