Аддзел, які зарабляе грошы

Падзеі

Праца работнікаў лясной гаспадаркі скіравана не толькі на вырошчванне, ахову і догляд лясоў. Галоўная задача аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас», па словах начальніка аддзела Андрэя Генрыхавіча Аверкава, — нарыхтоўка, перапрацоўка і рэалізацыя драўніны і піламатэрыялаў. У структуру аддзела ўваходзяць службы: маркетынгу, кантролю якасці, энергетыкі, а таксама цэх па перапрацоўцы драўніны, пляцоўка па адгрузцы лесаматэрыялаў на чыгуначнай станцыі «Наваельня».
Толькі летась тут было нарыхтавана 125722 кубічныя метры драўніны, за восем месяцаў 2015 года — 73843 кубаметры. На жаль, цяпер беларуская дрэваапрацоўка перажывае не лепшыя часы: назіраецца спад рэалізацыі прадукцыі на экспарт і на ўнутраным рынку. Аднак гэта не перашкаджае аддзелу вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас» быць рэнтабельным: за 8 месяцаў гэтага года рэнтабельнасць ад продажаў склала 9%.

IMG_ 007
— Калі курс еўра пачаў расці, — зазначае Андрэй Генрыхавіч, — замежныя пакупнікі сталі больш актыўнымі: экспарцёрам выгадна набываць нашу прадукцыю, цэны на якую не павышаліся. Дарэчы, у наступным годзе ў нашай краіне плануецца закрыць экспарт круглых лесаматэрыялаў — яны будуць рэалізоўвацца толькі на ўнутраным рынку. А пакуль за мяжу мы ў сярэднім прадаём каля 40% дзелавой драўніны і драўніннай тэхналагічнай сыравіны. Круглы лес карыстаецца попытам у польскіх і літоўскіх фірмаў. Асноўныя замежныя пакупнікі піламатэрыялаў — Польшча і Германія.
На ўнутраным рынку спажыўцоў нашай прадукцыі таксама шмат. Гандлюем праз Беларускую ўніверсальную біржу. Ёсць пакупнікі з Віцебскай, Мінскай абласцей, шмат пакупнікоў з Гродзенскай вобласці, якія забіраюць драўніну і піламатэрыялы сваім транспартам, ёсць пастаянныя кліенты, з якімі працуем не адзін год. Дровы набываюць пераважна Дзятлаўскае РУП ЖКГ і гарпаліва, з іх вырабляем і шчапу, на якой працуюць кацельні жылкамунгаса.
Калектыў нашага аддзела малады, зладжаны, паспяховы. Кіраўніцтва ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас» імкнецца палегчыць цяжкую працу нарыхтоўшчыкаў драўніны, набываючы спецыяльную тэхніку. Створана структурнае падраздзяленне лесапункта, дзе на нарыхтоўках ужо працуюць два шматаперацыйныя комплексы харвестары-фарвардары айчыннай і замежнай вытворчасці, якія сёлета за 8 месяцаў нарыхтавалі 24,5 тысячы кубічных метраў драўніны. Ручная праца выкарыстоўваецца пераважна пры правядзенні высечак догляду. Міністэрства лясной гаспадаркі паставіла перад лясгасамі задачу механізаваць нарыхтоўкі драўніны на 80%. Таму ёсць задумка ў недалёкай будучыні набыць трэці харвестар на невялікі аб’ём хлыста для высечак догляду. Праца прафесійнага вальшчыка траўманебяспечная, а пры механізаваных нарыхтоўках аператар абаронены браніраваным шклом і корпусам машыны, да таго ж аптымізуецца і паскараецца сам працэс нарыхтовак.

Тэкст: І. КАЎКЕЛЬ

Фота: П. АДАМЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *