Факты. Навіны. Падзеі

Падзеі

ПРАВЯДЗЕННЕ ПАСЯДЖЭННЯ ЦЭНТРВЫБАРКАМА
Правядзенне пасяджэння Цэнтрвыбаркама да назначэння даты выбараў —звычайная практыка, заявіла старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына на пасяджэнні камісіі.
«Справа ў тым, што мы рыхтуем для выбараў два падручнікі. Гэта дапаможнікі для тэрытарыяльных і ўчастковых камісій. Гэтыя падручнікі не прывязаны да даты выбараў. Але гэта аб’ёмныя тэксты, якія патрэбны ўжо на наступны дзень пасля назначэння даты выбараў», — растлумачыла Лідзія Ярмошына.
Яна таксама паведаміла, што на выбарах будуць працаваць 155 тэрытарыяльных выбарчых камісій. Яны будуць створаны не пазней, чым за 80 дзён да выбараў. Тэрмін іх паўнамоцтваў завяршаецца пасля апублікавання вынікаў выбараў. Такім чынам, камісіі будуць працаваць прыкладна 85 дзён.

ВІЗІТ ДЭЛЕГАЦЫІ МЕКСІКІ Ў БЕЛАРУСЬ
Візіт парламенцкай дэлегацыі Мексікі ў Беларусь паслужыў далейшаму развіццю двухбаковых адносінаў. Такое меркаванне выказаў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах Мікалай Самасейка ў ходзе сустрэчы з дэпутатам Палаты дэпутатаў Генеральнага кангрэса Мексіканскіх Злучаных Штатаў, старшынёй групы дружбы «Мексіка — Беларусь» Магдаленай дэль Сакора Нуньес Манрэаль.
Мікалай Самасейка канстатаваў, што дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Мексіканскімі Злучанымі Штатамі ўстаноўлены ў 1992 годзе, аднак да гэтага часу візіты на вышэйшым і высокім узроўнях арганізаваны не былі. Паводле словаў дэпутата, міждзяржаўныя кантакты дзвюх краінаў ажыццяўляюцца пераважна ў рамках міжнародных арганізацый, і цяперашні візіт у Беларусь — першы для мексіканскіх парламентарыяў.

РАЗВІЦЦЁ ШАЎКОВАГА ШЛЯХУ
Беларусь мае ўнікальныя перавагі для развіцця эканамічнага пояса новага Шаўковага шляху. Аб гэтым заявіў Старшыня КНР Сі Цзіньпін.
Ён адзначыў, што Беларусь размешчана адначасова і ў цэнтры Еўропы, і на новым Шаўковым шляху.
Кітай зацікаўлены ў развіцці ўсебаковага супрацоўніцтва з Беларуссю, у тым ліку на міжрэгіянальным узроўні. У сувязі з гэтым Старшыня КНР агучыў некалькі прапановаў, якія павінны садзейнічаць умацаванню сувязяў паміж рэгіёнамі. Адна з іх заключаецца ў тым, каб палепшыць бізнэс-клімат шляхам спрашчэння працэдуры рэгістрацыі прадпрыемстваў, прадастаўлення падатковых ільгот. Акрамя таго, краінам важна развіваць вытворчую кааперацыю. Кітайскі бок гатовы падзяліцца з беларускім перадавымі тэхналогіямі ў такіх сферах, як чыгунка, сувязь.

БЕЛАРУСЬ — НАЙВАЖНЕЙШЫ ПАРТНЁР РАСІІ
Беларусь была і застаецца найважнейшым партнёрам Расіі ў галіне гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй. Аб гэтым заявіў міністр сельскай гаспадаркі Расіі Аляксандр Ткачоў у Маскве на сустрэчы з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанідам Зайцам.
Аб’ём тавараабароту сельгаспрадукцыі паміж Беларуссю і Расіяй у 2014 годзе павялічыўся больш як на 3 працэнты. Асноўныя пазіцыі экспарту з Расіі ў Беларусь — гатовыя вырабы са злакаў, шакалад, рыба і морапрадукты, з Беларусі ў Расію — малако і малочная прадукцыя, сыры, каўбасы, рыбныя і мясныя кансервы.
У ходзе сустрэчы адзначана, што ва ўмовах вельмі высокай інтэнсіўнасці тавараабмену асаблівую ўвагу неабходна ўдзяляць бяспецы паставак сельскагаспадарчай прадукцыі і прадухіленню ўвозу прадукцыі ў абход прымяняемых Расіяй спецыяльных эканамічных мераў.
Развіваецца супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў галіне аграрнай навукі, падрыхтоўкі кадраў, выставачнай дзейнасці.

РЭАЛІЗАЦЫЯ ПРАЕКТАЎ У БЕЛАРУСІ РАСЦЕ
Інтарэс міжнародных фінансавых арганізацый да рэалізацыі праектаў у Беларусі расце. Такое меркаванне выказаў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Конрад Паўлік у Мінску на семінары для польскіх інвестараў «Магчымасці інвесціравання ў Беларусі ў кантэксце існуючых міжнародных інструментаў».
На яго думку, цікавасць міжнародных фінансавых арганізацый да Беларусі звязаны не толькі з праблемамі ў іншых краінах рэгіёна, якія да гэтага часу былі атрымальнікамі сродкаў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Сусветнага банка або Міжнароднай фінансавай карпарацыі. Конрад Паўлік нагадаў пра ўплыў супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі на трансфармацыю і развіццё польскай эканомікі. Рэалізацыя праектаў у розных сектарах польскай эканомікі, у тым ліку тых, якія не з’яўляліся прывабнымі з камерцыйнага пункту гледжання, дала магчымасць не толькі значна мадэрнізаваць эканоміку Польшчы, але і ўкараніць міжнародныя стандарты, звязаныя з прыцягненнем інвестыцый.
Конрад Паўлік станоўча ацаніў выкарыстанне Беларуссю магчымасцяў, якія прадастаўляе польская банкаўская сістэма і Карпарацыя страхавання экспартных крэдытаў.

МАРКІРОЎКА «ТАВАР МЫТНАГА САЮЗА»
ЕЭК плануе на працягу 1-2 гадоў зацвердзіць маркіроўку «Тавар Мытнага саюза». Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі па выніках пленарнага пасяджэння «Прамысловая інтэграцыя ў Еўразійскім эканамічным саюзе», член Калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Сяргей Сідорскі.
«Мы абмяркоўваем магчымасць вытворчасці ў нас, у ЕАЭС, прадукцыі, якая была б маркіравана «Тавар Мытнага саюза» або «Зроблена ў ЕАЭС». Такі тавар будзе адпавядаць нашым рэгламентам і бесперашкодна перамяшчацца па тэрыторыі Мытнага саюза», — растлумачыў Сяргей Сідорскі. Акрамя таго, ён падкрэсліў, што такая маркіроўка дасць права вытворцам з ЕАЭС актыўна канкурыраваць на рынку трэціх краінаў з маркай «Зроблена ў ЕАЭС».

БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКІ БІЗНЭС-ФОРУМ ПРАЙШОЎ У ГОМЕЛІ
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі больш за 20 польскіх кампаній і шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, органаў мясцовай выканаўчай улады, кіраўнікі абласнога аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, адміністрацыі СЭЗ «Гомель-Ратон».
Адбылася кантактна-кааперацыйная біржа, у час якой прадстаўнікі беларускіх і польскіх дзелавых колаў правялі двухбаковыя перагаворы. Кола інтарэсаў бізнэсменаў даволі шырокае: перапрацоўка сельскагаспадарчай сыравіны, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, дрэваапрацоўка. Замежныя госці наведалі некаторыя прадпрыемствы вобласці, дзе азнаёміліся з тэхналогіяй вытворчасці і ўзорамі выпускаемых вырабаў. У прыватнасці, ААТ «Гомельшкло», «Мілкавіта», «Гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір», «Рэчыцадрэў», прадпрыемстваў СЭЗ «Гомель-Ратон».
Акрамя таго, прайшлі перагаворы ў абласным выканаўчым камітэце, госці наведалі Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.

ОМСКАЯ ВОБЛАСЦЬ РАЗЛІЧВАЕ НА СУПРАЦОЎНІЦТВА З БЕЛАРУССЮ
Омская вобласць разлічвае на супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы вытворчасці сельгастэхнікі і транспарту. Аб гэтым паведаміла дырэктар дэпартамента гарадской эканамічнай палітыкі Адміністрацыі горада Омска Гульнар Айтхожына на Міжнародным форуме дзелавых колаў гандлёва-прамысловых палат Омскай вобласці Расіі, Казахстана і Літвы, які праходзіў у Мінску.
«Омская вобласць гатова супрацоўнічаць з Беларуссю ў розных галінах. Найбольшую цікавасць для Омска ўяўляе сфера вытворчасці транспарту. У складзе нашай дэлегацыі ёсць прадстаўнікі вытворцаў сельгастэхнікі, якіх цікавяць магчымасці супрацоўніцтва з беларускімі калегамі. Яшчэ адна сфера інтарэсаў — фармацэўтыка і вытворчасць медыцынскага абсталявання.» — адзначыла Гульнар Айтхожына.
Акрамя таго, дзелавыя колы Омскай вобласці зацікаўлены ў супрацоўніцтве па іншых напрамках, сярод якіх станкабудаванне, вытворчасць і пастаўка зборных дамоў з клеенага бруса, распрацоўка і выраб электратэхнічнай прадукцыі для нафтагазавай галіны, распрацоўка і вытворчасць тэхнікі для чыгуначнага транспарту, вытворчасць абсталявання для эканоміі вады, электрычнасці, цяпла, вытворчасць і продаж макаронных вырабаў і крупаў.
Акрамя ўстанаўлення дзелавых кантактаў дэлегацыя Омскай вобласці разлічвае на ўмацаванне культурных сувязяў.

БЕЛАРУСЬ ПРЫНЯТА Ў БАЛОНСКІ ПРАЦЭС
Беларусь прынята ў Балонскі працэс рашэннем міністраў адукацыі краінаў агульнаеўрапейскай прасторы.
Пытанне аб уключэнні Беларусі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі было абмеркавана на Канферэнцыі міністраў адукацыі краінаў агульнаеўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ў Ерэване (Арменія). Беларускую дэлегацыю ўзначаліў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.
На канферэнцыю былі запрошаны прадстаўнікі 47 краінаў. Былі падпісаны важныя дакументы, якія вызначаць лёс тысяч студэнтаў і навучальных установаў па ўсёй Еўропе, была абмеркавана Ерэванская дэкларацыя, важныя новаўвядзенні ў сферы адукацыі.
Ідэі стварэння еўрапейскай універсітэцкай супольнасці і адзінай Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ідуць ад найстарэйшага ў Італіі Балонскага ўніверсітэта. Яшчэ ў 1986 годзе, рыхтуючыся да 900-гадовага юбілею, кіраўніцтва ВНУ звярнулася да ўсіх універсітэтаў Еўропы з прапановай прыняць Вялікую хартыю ўніверсітэтаў — Magna Charta Universitarum. Ідэя была з энтузіязмам успрынята, і ў час юбілейных урачыстасцей у 1988 годзе гэты дакумент, які абвяшчае ўніверсальныя і вечныя каштоўнасці ўніверсітэцкай адукацыі, а таксама неабходнасць цесных сувязяў паміж імі, быў падпісаны рэктарамі 80 ВНУ. У 1999 годзе на радзіме Magna Charta, у Балонні, прайшла гістарычная Першая канферэнцыя трыццаці еўрапейскіх міністраў адукацыі. Прынятая імі дэкларацыя «Зона еўрапейскай вышэйшай адукацыі» вызначыла асноўныя мэты, якія вядуць да дасягнення супастаўнасці і, у канчатковым выніку, гарманізацыі нацыянальных адукацыйных сістэмаў вышэйшай адукацыі ў краінах Еўропы. З гэтай дэкларацыі і пачынаецца Балонскі працэс.

У ТУРЦЫЮ — ПА МЕДАЛЬ
У Стамбуле прайшла ХХІV Міжнародная выстава даследчых праектаў школьнікаў. Мэта мерапрыемства — матывацыя таленавітых школьнікаў да навукова-даследчай дзейнасці.
Асноўныя патрабаванні, што прад’яўляюцца да работ удзельнікаў, — арыгінальнасць і прымяненне даследчых методык на практыцы.
У гэтым годзе Беларусь прадстаўляла навучэнка 8 класа гімназіі № 1 г. Жодзіна Аляксандра Кахавец са сваёй работай “Упакоўка — каштоўны другасны рэсурс”.
Кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі выкладчыкі Стамбульскага ўніверсітэта, высока ацаніла даследчы праект беларускі. Аляксандра была ўдастоена медаля навуковага журы сярод замежных праектаў.

ЛІБЕРЫЯ СВАБОДНАЯ АД ЛІХАМАНКІ ЭБОЛА
Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла Ліберыю краінай, свабоднай ад ліхаманкі Эбола.
На працягу 42 дзён у афрыканскай дзяржаве не было зафіксавана ніводнага выпадку заражэння ліхаманкай.
Як паведамлялася, успышка ліхаманкі Эбола пачалася ў Заходняй Афрыцы ў лютым 2014 года. Усяго з пачатку эпідэміі ў Гвінеі, Ліберыі і Сьера-Леонэ памерлі 10895 чалавек, 26339 — заразіліся. У Ліберыі колькасць ахвяраў Эболы дасягнула 4608 чалавек, колькасць інфіцыраваных – 10322 чалавекі. Выпадкі захворвання зафіксаваны таксама ў Малі, Нігерыі, Сенегале, Іспаніі, Вялікабрытаніі і ЗША.

СТРАТЭГІЯ “2 ХВІЛІНЫ Ў ГАДЗІНУ”
Не сакрэт, што маларухомы лад жыцця наносіць цяжкі ўдар па здароўі. Гэта чацвёртая па распаўсюджанасці прычына смерці ў свеце ад неінфекцыйных захворванняў. Паводле словаў медыкаў, калі б людзі ўставалі на дзве хвіліны кожную гадзіну, гэта змяніла б сітуацыю. Паводле афіцыйных рэкамендацый, варта праяўляць фізічную актыўнасць мінімум 30 хвілін у дзень. І стратэгія “2 хвіліны ў гадзіну” дазваляе наблізіцца да дадзенага паказчыка. Такая выснова зроблена па выніках трохгадовага назірання за 3243 добраахвотнікамі. Супрацоўнікі медшколы ўніверсітэта Юты і ўніверсітэта Каларада высветлілі: калі чалавек проста стаяў гэтыя дзве хвіліны, то розніцы не было ніякай. А вось хуткая хадзьба, прыемныя клопаты ў садзе або ўборка зніжалі рызыку смерці на 33%. У ідэале да такой актыўнасці трэба дадаць 2,5 гадзіны ў тыдзень умераных па інтэнсіўнасці трэніровак. Пры гэтым кожная гадзіна, праведзеная ў крэсле, адымае ў чалавека 22 хвіліны жыцця. А вось кожная гадзіна фізічных практыкаванняў дабаўляе 90 хвілін жыцця.
БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *