Опубликовал

І.Кунахавец: «Парадак пачынаецца з дома»

З 2014 года галоўнае свята шанавання хлебаробаў змяніла свой фармат, аднак фестывалі-кірмашы па-ранейшаму ладзяцца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Абласныя “Дажынкі-2015” восенню гэтага года будзе сустракаць адміністрацыйны цэнтр нашага раёна – горад Дзятлава. Гэта значная і адначасова адказная падзея – своеасаблівы экзамен для кожнага з жыхароў Дзятлаўшчыны, час падвесці вынікі зробленага і паставіць новыя задачы. Пра тое, што ўжо дасягнута і што яшчэ мае быць у гарпасёлку Наваельня, карэспандэнтка пацікавілася ў старшыні Наваельнянскага пасялковага выканкама Ірыны Кунахавец .

IMG_5375

— Ірына Іванаўна, вы ўзначальваеце пасялковы савет з 2009 года. Што за гэты час было зроблена ў гарпасёлку?
— Я была прызначана на пасаду старшыні Наваельнянскага пасялковага выканкама ў лютым 2009 года, з таго часу нязменна працую тут. На працягу гэтага часу адным з прыярытэтаў у рабоце пасялковага савета было паляпшэнне ўмоваў жыцця насельніцтва, і ў гэтым напрамку за апошнія гады было зроблена нямала. У 2009-м праведзены рамонт шматпавярховага дома №3 па вуліцы Дзятлаўскай. У тым жа годзе была праведзена 100-працэнтная тэлефанізацыя гарпасёлка. Заменены электрычныя сеткі на 11 вуліцах нашага пасёлка. За апошнія пяць гадоў былі капітальна адрамантаваны дамы па вуліцах Лясная, 30А, Дзятлаўская, 15, Снітко 14А і Снітко 8А, дома №5 па вуліцы Чырвонаармейскай; зроблена мадэрнізацыя дома 30 па вуліцы Карла Маркса. У 2014 годзе была вырашана праблема капітальнага рамонту дома №45 па вуліцы Чырвонаармейскай: на аднаўленне даху і месцаў агульнага карыстання было выдаткавана 1035,1 мільёна рублёў. Таксама было адрамантавана 800 квадратных метраў даху шматпавярховых дамоў. У цэнтры ўвагі знаходзіліся не толькі жылыя дамы, але і вуліцы гарпасёлка: вуліца Шашэйная, якая адзіная дагэтуль не мела вулічнага асвятлення, была электрыфікавана; праведзены бягучы рамонт жвіровага пакрыцця вуліцы Талкуноўскай і завулка Талкуноўскага; ямачны рамонт вуліц Чырвонаармейскай, К. Маркса, Першамайскай, Леніна; штогод праводзіцца падсыпка, грэйдзіраванне і добраўпарадкаванне вуліц. Таксама быў завершаны рамонт самога будынка пасялковага выканкама.
— Ці вялося апошнім часам у гарпасёлку новае будаўніцтва?
— Нямала наваельнянцаў мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, і ў лютым 2009 года быў здадзены ў эксплуатацыю 50-кватэрны двухпад’езны жылы дом, дзе адна палова кватэраў была пабудавана за сродкі людзей, другая – сацыяльнае жыллё. Жыхары Наваельні, якія яшчэ мелі патрэбу ў жыллі, утварылі кааператыў, і ў 2011 годзе яшчэ 30 сем’яў гарпасёлка палепшылі жыллёвыя ўмовы, стаўшы навасёламі 30-кватэрнага кааператыўнага дома 17Б па вуліцы Дзятлаўскай. У пасёлку побач са шматпавярховымі дамамі былі абсталяваны дзіцячыя пляцоўкі.
— Наколькі эфектыўна ў Наваельні працуе жыллёва-камунальная гаспадарка?
— Робіцца ўсё магчымае, каб яна насамрэч функцыянавала эфектыўна. Яшчэ ў 2009 годзе на тэрыторыі гарпасёлка была пабудавана артсвідравіна, праводзілася замена цеплатрасы, водаправоду. У 2010 годзе быў усталяваны новы кацёл на цвёрдых відах паліва, які паспеў добра зарэкамендаваць сябе. У 2012 годзе ў пасёлку была адрамантавана і запушчана такая патрэбная наваельнянцам грамадская лазня. Таксама за гэтыя гады нашым аддзелам ЖКГ была праведзена мадэрнізацыя цеплавых сетак па вуліцах К. Маркса, Школьнай, Лясной, Дзятлаўскай, Снітко, замена цеплатрасы гарадской і туберкулёзнай бальніцы; заменены таксама 300 батарэяў у кватэрах. Шматгадовая праблема з якасцю вады знайшла сваё вырашэнне ў 2013 годзе з устаноўкай у гарпасёлку станцыі абезжалезвання. Каля ўсіх шматпавярховых дамоў былі ўсталяваны пляцоўкі для паасобнага збору адходаў, што паспрыяла нарыхтоўцы другаснай сыравіны. Аднак лепш за ўсякія словы гавораць лічбы: на рамонтна-будаўнічыя работы ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы толькі за 2012-2014 гады было выдаткавана 2850,6 мільёна рублёў.
— Чым радуе мясцовых жыхароў наваельнянскі гандаль?
— Найперш варта зазначыць, што за апошнія шэсць гадоў многія аб’екты гандлю і грамадскага харчавання падлягалі рамонту або мадэрнізацыі. У 2009-м наваельнянцаў сустрэў абноўлены магазін спажывецкай кааперацыі “Прадукты”, быў адрамантаваны фасад “Кулінарыі”. Добраўпарадкаванне аб’ектаў гандлю было працягнута наступным часам: праведзена мадэрнізацыя магазіна “Прэстыж”; рэканструявана цеплатраса для падключэння магазінаў “Пралеска”, “Прэстыж”, “Раніца”; капітальна адрамантавана кафэ “Сосны”. Для паляпшэння гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў гарпасёлку сталі працаваць фірмовыя магазіны Баранавіцкай птушкафабрыкі “Дружба”, Ашмянскага мясакамбіната, СВК “Граніт-Агра” і “Жукоўшчына”, дзе пастаянна ў асартыменце свежая садавіна і агародніна, мясныя вырабы і паўфабрыкаты. Нядаўна адкрыўся абноўлены магазін спажывецкай кааперацыі “Тавары для дома”.
— Што робіцца для паляпшэння жыцця наваельнянцаў?
— Літаральна штогод мясцовых жыхароў чакаюць прыемныя навіны. Напачатку маёй працы ў пасялковым выканкаме было шмат нараканняў на тое, што банкаўскае аддзяленне размешчана ў нязручным для людзей месцы, у 2010 годзе гэта праблема была вырашана: па вуліцы Дзятлаўскай з’явіўся новы будынак банка, а пазней у пасёлку сталі працаваць два банкаматы. Таксама быў праведзены частковы рамонт будынка “Дома быту”. Значнай падзеяй 2011 года стала адкрыццё новай АЗС, што зручна не толькі для мясцовага насельніцтва, але і для гасцей пасёлка. На чыгуначнай станцыі “Наваельня” быў уведзены ў эксплуатацыю новы бытавы корпус з майстэрняй і трыма гаражнымі боксамі. Яшчэ адно прыемнае і патрэбнае адкрыццё — новы будынак Наваельнянскага лясніцтва з размешчанымі на тэрыторыі бытавымі і гаражнымі памяшканнямі.
Аб’ектам сацыяльнай сферы ў нас надаецца пастаянная ўвага. За бюджэтныя сродкі быў праведзены рамонт харчблока і актавай залы ў Наваельнянскай сярэдняй школе; летась адчыніў свае дзверы новы будынак пасялковай бібліятэкі, быў праведзены капітальны рамонт аптэкі, адрамантаваны дах на Наваельнянскім аддзяленні паштовай сувязі. Знакавая падзея мінулага года – адкрыццё нядзельнай царкоўнай школы, якую актыўна наведваюць дзеці і моладзь пасёлка.
Не засталіся без увагі таксама аб’екты культуры і адпачынку: пасялковы Дом культуры атрымаў за кошт дзяржаўнага бюджэту новую мэблю і музычную апаратуру. Нарэшце было вырашана і пытанне з пасадачнымі месцамі на нашым стадыёне: там былі ўсталяваны новыя лаўкі.
— Якія праблемы ў рэгіёне на сёння патрабуюць вырашэння? Якія планы і задумкі маеце на 2015 год?
— Шмат зроблена на тэрыторыі гарпасёлка Наваельня, але ёсць яшчэ шэраг пакуль не вырашаных праблем. Сярод першачарговага – завяршыць асфальтаванне вуліцы Снітко і прыступіць да добраўпарадкавання іншых вуліц пасёлка. Таксама неабходны рамонт пасялковага Дома культуры, рамонт фасада аддзялення паштовай сувязі. Магазін “Раніца” ў Наваельні – адзіны, які яшчэ патрабуе рамонту. Ужо цяпер актыўна вядуцца работы па рэканструкцыі маста, які злучае Наваельню з дарогай да райцэнтра. Мы будзем і надалей працягваць работу, каб пасёлак станавіўся больш прыгожым і камфортным для жыцця людзей.
— Як самі жыхары гарпасёлка ставяцца да навядзення парадку на зямлі? Ці падтрымліваюць вашы ініцыятывы?
— Радуе тое, што жыхары Наваельні сапраўды нераўнадушныя да свайго пасёлка. Калі ў 2010 годзе ішоў рамонт помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, размешчанага па вуліцы Першамайскай, мясцовыя жыхары прымалі актыўны ўдзел у рабоце. З кожным годам становіцца ўсё больш добраўпарадкаваных тэрыторый, наваельнянцы трымаюць свае дамы і прысядзібныя ўчасткі ў належным санітарным стане. Хачу сказаць шчыры дзякуй тым людзям, якія разумеюць: парадак у населеным пункце пачынаецца з уласнага дома. Штогод на свяце пасёлка мы адзначаем самых руплівых гаспадароў. Сёлета імі сталі Уладзімір Іванавіч Калановіч, Алена Аляксееўна Салаш, Уладзімір Уладзіміравіч Самусевіч. Спадзяюся, што і надалей агульнымі намаганнямі мы будзем рабіць нашу Наваельню прыгожай, развітай і прывабнай для гасцей.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

1 0 825 06 Март, 2015 Інтэрв'ю Март 6, 2015

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *