Опубликовал

Добра мець прафесію, якую ты сам сабе выбраў

Куды вядуць нас жыццёвыя дарогі? Спачатку — за школьную парту, пасля — да прафесіі, бо выбраная аднойчы чалавекам справа, спадарожнічае яму на працягу ўсяго жыцця. Напярэдадні Дня міліцыі карэспандэнтка газеты пацікавілася ў супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, як яны прыйшлі на працу ў міліцыю, як сёння ацэньваюць свой выбар.

Аляксей Аляксеевіч Якімчык, старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі:

IMG_1528
— З дзяцінства захапляюся спортам, і калі ў старэйшых класах вырашаў, кім быць, зрабіў выбар на карысць прафесіі міліцыянера, бо з ёю ў мяне асацыяваліся пагоні, затрыманні, актыўны лад жыцця. Вучыўся ў Мінску, у акадэміі МУС. Туды прыйшоў запыт на падрыхтоўку мяне як спецыяліста крымінальнага вышуку, таму ў Дзятлава прыйшоў аператыўнікам. У аддзеле пачаліся кадравыя перастаноўкі, і мне прапанавалі першае павышэнне: з упаўнаважанага на старшага ўпаўнаважанага, але ўжо групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. На новай пасадзе — амаль два гады. Работа цікавая, падабаецца, хаця здараецца затрымлівацца на працоўным месцы амаль да раніцы. Гэта калі ладзім рэйды і затрыманні, або назапашваецца неадкладная папяровая работа, якой шмат. Сярод самых актуальных на сёння праблем — барацьба з нелегальным гандлем алкаголем. Нядаўна атрымалі інфармацыю пра жыхара Дзятлава, які гандлюе гарэлкай, наведаліся да яго і канфіскавалі 110 бутэлек з акцызнымі маркамі Расійскай Федэрацыі. Крыху раней затрымалі партыю тавараў, прывезеных на тэрыторыю Дзятлаўшчыны без адпаведных дакументаў на суму звыш 60 мільёнаў рублёў. Што тычыцца пагоняў, то людзі ў нас спакойныя, адэкватна рэагуюць на патрабаванні міліцыі, і выкарыстоўваць сілу не даводзіцца. Але заняткаў спортам не пакідаю. Каб быць у форме, два-тры разы на тыдзень наведваюся на спартпляцоўку. Рэгулярна выступаю за каманду Дзятлаўскага аддзела міліцыі на галіновых спаборніцтвах па валейболе, міні-футболе, кросе, самба, настольным тэнісе. На спаборніцтвах па настольным тэнісе летась быў 11-ы сярод 50 удзельнікаў. Найбольшых поспехаў дасягнуў у барацьбе самба. З’яўляюся чэмпіёнам вобласці 2014 года сярод супрацоўнікаў АУС па самаабароне без зброі ў вагавой катэгорыі да 90 кілаграмаў.

Яўген Аркадзьевіч Свораб, старшы аператыўны дзяжурны:

IMG_1531— Рашэнне стаць праваахоўнікам прыняў у старэйшых класах. Прыклад браў з блізкіх, якія служаць у сілавых структурах. Скончыў Мінскую акадэмію МУС і быў накіраваны оперупаўнаважаным у аператыўна-вышуковы аддзел упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама, дзе адпрацаваў два гады. Хацелася вярнуцца на малую радзіму, таму перавёўся ў Дзятлава оперупаўнаважаным групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. У дзяжурнай часці служу ўжо 12 гадоў. За гэты час у прафесіі не расчараваўся, хаця лёгкай яе не лічу. Служба ў міліцыі — занятак для сур’ёзных людзей, гатовых ахвяраваць дзеля справы вольным часам. Калі ў нас здараюцца напружаныя суткі, вярнуцца дахаты можам і ў другой палове дня: пакуль не разбяромся з зарэгістраванымі злачынствамі, пост не пакідаем. Ну, а ў спакойныя суткі — усё як звычайна. Дарэчы, любы званок у дзяжурную часць рэгіструецца і належыць далейшым разбіральніцтвам. Таму не раю грамадзянам па дробязях непакоіць міліцыю, тым больш, што за падманны выклік, згодна з законам, давядзецца плаціць штраф.

IMG_1539Вольга Іванаўна Ламака, старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі:

— Я скончыла юрфак Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, працавала ў судзе Дзятлаўскага раёна архіварыусам. Тагачасны начальнік групы кадраў дзятлаўскай міліцыі Аляксандр Казіміравіч Сачык прапанаваў мне пайсці ў аддзел. Я скончыла курсы перападрыхтоўкі ў Мінску. Вельмі складаныя, як у арміі: вывучалі прыёмы самаабароны, вучыліся трапна страляць. Затое ніколі не пашкадавала аб сваім выбары. У рабоце для мяне галоўнае — чалавек. Наша служба выконвае для насельніцтва 50 адміністрацыйных працэдур, таму справаў шмат. Работа з дакументамі патрабуе дакладнасці, а некаторыя людзі могуць нават сваё прзвішча напісаць з памылкамі. Таму маё працоўнае крэда — ветлівасць і ўважлівасць. Стараюся дасціпна адказаць на ўсе пытанні наведвальнікаў, каб чалавек пайшоў ад нас задаволены, бо ад гэтага залежыць імідж прафесіі. Дарэчы, па выніках 2012 года ў абласных прафесійных спаборніцтвах я заняла першае месца як лепшы супрацоўнік сярод аддзяленняў па грамадзянстве і міграцыі Гродзеншчыны. Вольны час люблю бавіць актыўна, захапляюся валейболам.

Вадзім Іванавіч Міхалевіч, начальнік аддзялення IMG_1548дзяржаўтаінспекцыі:

— Да арміі, каб не браць грошай у бацькоў, працаваў рэвізорам-кантралёрам прыгарадных цягнікоў. Пасля службы ў войску скончыў Магілёўскі каледж МУС і пачаў працаваць інспектарам дарожна-патрульнай службы АДАІ Лідскага райаддзела міліцыі. У 2012 годзе мяне накіравалі для далейшага праходжання службы ў Дзятлаўскі райаддзел міліцыі з павышэннем: на пасаду начальніка аддзялення дзяржаўтаінспекцыі. Тут давялося ўсё вывучаць нанова, бо раней было неабходна толькі выяўляць і караць парушальнікаў, а цяпер з’явілася шмат іншых накірункаў у рабоце. Найчасцей займаемся зваротамі грамадзян, кантролем за вулічна-дарожнай сеткай, разбіральніцтвам спрэчных момантаў. Па стане дарожнай бяспекі Дзятлаўшчыну можна назваць адносна спакойным раёнам: з кожным годам дарожная статыстыка па ўліковых ДТЗ паляпшаецца. Ну, а мы і надалей пастараемся паспяхова выконваць ускладзеныя на нас задачы.

Дзмітрый Іванавіч Скварчынскі, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку:

IMG_1554

— Я з дзяцінства марыў стаць міліцыянерам, хаця ніхто з родных не быў праваахоўнікам. Затое ўслед за мною працаваць у міліцыю прыйшоў мой малодшы брат Аляксандр. Цяпер ён — участковы інспектар у нашым райаддзеле. Мая дарога ў прафесію была доўгай. Спачатку скончыў юрфак Гродзенскага політэхнічнага тэхнікума, папрацаваў юрыстам у Дзятлаўскай сельгастэхніцы, пайшоў служыць у войска і трапіў у патрульную роту ў Гродна. Адразу пасля арміі падаў дакументы ў Мінскую акадэмію МУС, скончыў факультэт міліцыі па спецыялізацыі «аператыўна-вышуковая дзейнасць». Спачатку працаваў на пасадзе ўчастковага інспектара міліцыі, пасля прызначаны аператыўнікам і ўжо пяць гадоў як узначальваю аддзяленне крымінальнага вышуку. На службе здаралася рознае, але зазначу, што ўсё залежыць ад агульнага настрою чалавека, а нашы аператыўнікі здольны выконваць любыя задачы. Наогул, мы імкнёмся працаваць для людзей, бо яны спадзяюцца на нас. Прыемна вяртаць пацярпелым скрадзеную маёмасць. Дзеля такіх момантаў можна і ў засадзе памерзнуць.

Андрэй Яўгенавіч Юшкевіч, старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі:

IMG_2052
— Мае бацькі — педагогі, таму і я скончыў факультэт гісторыі і культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Але адчуваў, што педагогіка не зусім тая прафесія, якой хачу прысвяціць жыццё. Мой старэйшы брат, які таксама меў педагагічную адукацыю, на той час ужо працаваў участковым інспектарам міліцыі ў Гродне. І я таксама вырашыў перакваліфікавацца ў міліцыянеры. Збіраўся служыць у Гродне ў Дэпартаменце аховы. Пераканаў мяне Алег Фёдаравіч Шостак, які тады быў старшым участковым інспектарам міліцыі. Ён сказаў, што на Дзятлаўшчыне працаваць будзе лепш, бо людзі тут знаёмыя. Скончыўшы курсы перападрыхтоўкі ў Мінску, я прыйшоў у Дзятлаўскі райаддзел працаваць участковым інспектарам міліцыі. Да нядаўняга часу сачыў за парадкам на складаным участку ў Дзятлаве. А з кастрычніка 2014 года быў прызначаны на пасаду старшага інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Работа гэта адказная, бо працуем з крымінальнымі справамі, праз нашы рукі праходзіць шмат дакументаў. Ды і кантынгент у нас асаблівы — людзі з судзімасцю. Многія нават першую размову пачынаюць з агрэсіяй у голасе. Тут мне на дапамогу прыходзіць мая педагагічная спецыяльнасць, веданне псіхалогіі.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, я лічу сваю работу цікавай. Кожны дзень у мяне не падобны на іншы. Даводзіцца выконваць розныя службовыя задачы. Як і астатнія супрацоўнікі, мы ўдзельнічаем у вышуковых і прафілактычных мерапрыемствах, забяспечваем парадак у час масавых мерапрыемстваў. Пастаянна сядзець у кабінеце нам не даводзіцца.

Гутарыла І. СТЫРНІК

0 0 1026 06 Март, 2015 Падзеі Март 6, 2015

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *