Сыраробы рахункавалі прафсаюзныя справы і прафесійныя дасягненні

Сацыяльная сфера

У Дзятлаўскім раённым доме культуры прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод», у якой прынялі ўдзел 185 членаў арганізацыі. На пасяджэнні прысутнічалі старшыня Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу У. Ф. Навумчык, старшыня Гродзенскага абласнога камітэта І. С. Алізаровіч, старшыня раённага камітэта У. Ф. Казак.

На парадак дня былі вынесены пытанні: «Аб дзейнасці прафсаюзнага камітэта ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» за 2009-2014 гады», «Аб дзейнасці рэвізійнай камісіі за справаздачны перыяд», «Аб выбранні прафсаюзнага камітэта ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод», «Аб выбранні старшыні прафкама» , «Аб выбранні рэвізійнай камісіі і старшыні рэвізійнай камісіі», «Аб выбранні дэлегата на абласную справаздачна-выбарчую канферэнцыю».

З асноўным дакладам выступіла старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» Л. В. Лябецкая. Яна расказала, што работа прафсаюзнага камітэта была скіравана на абарону правоў і законных інтарэсаў кожнага члена пярвічкі, стварэнне спрыяльных умоваў працы і адпачынку, умацаванне арганізацыі, матывацыю членства ў ёй. Цяпер пярвічка завода налічвае 253 чалавекі. З пачатку 2014 года яе папоўнілі 15 чалавек. Асноўны дакумент, які абараняе правы і інтарэсы работнікаў, — калектыўная дамова паміж імі і наймальнікам, дырэктарам ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» А. М. Дубовікам. Усе члены прафсаюзнай арганізацыі маюць права на абарону іх сацыяльна-працоўных правоў і прафесійных інтарэсаў, яго рэалізоўвае прафсаюзны камітэт, камісія па ахове працы, камісія па працоўных спрэчках. Штогод на прадпрыемстве складаецца графік працўных водпускаў, грамадскія інспектары з ліку работнікаў сочаць за захаваннем бяспечных ўмоваў працы. На заводзе падтрымліваецца добрая традыцыя віншаваць работнікаў з днямі нараджэння, юбілеямі. Членам калектыву аказваецца матэрыяльная дапамога ў сувязі з вяселлем, нараджэннем дзіцяці, да провадаў у войска, да прафесійнага, шэрагу каляндарных святаў, дзецям работнікаў уручаюцца навагоднія падарункі, дапамога аказваецца і ў складаных жыццёвых сітуацыях. Яшчэ адзін від дапамогі — на курортна-санаторнае лячэнне членам пярвічкі і іх дзецям. Не забываюцца на прадпрыемстве пра ветэранаў вытворчасці, аказваюць ім матэрыяльную падтрымку да прафесійнага свята, Дня пажылых людзей, Дня абаронцы Айчыны, 8 Сакавіка, Калядаў, падпісваюць на раённую газету «Перамога».

У ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» праводзяцца культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы. Для экскурсій, выезду спартсменаў, турыстаў выдзяляецца бясплатны транспарт за кошт наймальніка. Людміла Вацлаваўна падзякавала дырэктару завода А. М. Дубовіку за разуменне праблем, гатоўнасць да дыялогу, уважлівыя адносіны да прапановаў прафсаюзнай арганізацыі, а членам пярвічкі — за актыўны ўдзел у жыцці калектыву.

Старшыня рэвізійнай камісіі С. І. Басай расказала аб выкарыстанні членскіх узносаў на працягу справаздачнага перыяду. Члены пярвічкі прынялі ўдзел у абмеркаванні дакладаў, прапанавалі іх зацвердзіць і прызнаць работу прафкама за справаздачны перыяд здавальняючай. Пераважнай колькасцю галасоў падтрымалі прапанаваных кандыдатаў у склад прафсаюзнага камітэта, рэвізійнай камісіі. Паколькі старшыня прафкама Л. В. Лябецкая пасля 17 гадоў паспяховай работы выказала жаданне перадаць эстафету маладым членам калектыву, давялося выбраць і новага прафсаюзнага лідара. Была прапанавана кандыдатура А. В. Кібіня, якога калегі падтрымалі аднагалосна, ён жа, дзякуючы чарговаму галасаванню, стаў дэлегатам на абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю.

За выніковую працу, дружны калектыў, парадак на прадпрыемстве дзятлаўскім сыраробам падзякаваў старшыня Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу У. Ф. Навумчык. Ён павіншаваў работнікаў з прафесійным святам, уручыў Ганаровую грамату рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Л. В. Лябецкай, аб’явіў падзякі галоўнаму механіку прадпрыемства І. Б. Ляху, інжынеру-мікрабіёлагу Л. К. Каско.

Да віншаванняў і пажаданняў далучыўся старшыня абкама прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу І. С. Алізаровіч. Ён падзякаваў Л. В. Лябецкай за 17 гадоў бездакорнай працы на чале прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод». Уручыў Ганаровыя граматы Л. В. Лябецкай і Т. В. Малько, тэхніку па стандартызацыі, аб’явіў падзяку за шматгадовую добрасумленную працу І. Я. Шыгіда.

Часова выконваючая абавязкі дырэктара ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод», галоўны інжынер прадпрыемства В. А. Болцік павіншавала ветэранаў вытворчасці і калектыў з прафесійным святам, расказала аб працоўных дасягненнях сыраробаў:

— Удзельная вага вырабленай за 10 месяцаў ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» прадукцыі склала 26,8% у агульным аб’ёме вытворчасці і 71,4% у агульным аб’ёме экспарту раёна. Вынікі нашай работы аказваюць значны ўплыў на работу ўсяго прамысловага комплексу Дзятлаўшчыны. Aд гаспадарак і насельніцтва раёна за 10 месяцаў 2014 года паступіла 39721 тона малака, што складае 101,5% у параўнанні з мінулым годам. Вядзецца актыўная работа па рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытворчасці, бо поспехі на рынку залежаць ад інавацый, маркетынгу, інвестыцый. Без пастаяннага асваення новых тэхналогій у нашай вытворчасці немагчыма наладзіць выпуск новых прадуктаў. За апошнія гады пабудаваны амаль новы завод: у 2008 годзе ўстаноўлена вытворчая лінія для вырабу сычужнага сыру, у 2010-ым — пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю цэх па вытворчасці канцэнтраванай сыроваткі, у 2011-ым усталявана паўаўтаматычная лінія па вытворчасці чэдэрызаваных сыроў, у 2012 годзе праведзена мадэрнізацыя апаратнага ўчастка, у 2013-ым — уведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання вады, цяпер завяршаецца рэканструкцыя цэха па вырабе мяккіх відаў сыроў тыпу «рыкота».

За 10 месяцаў гэтага года аб’ём таварнай прадукцыі ў дзеючых цэнах склаў 241 мільярд або 130,8% да мінулагодняга ўзроўню, аб’ем рэалізацыі склаў 230 мільярдаў рублёў, у тым ліку на экспарт — 192 мільярды, або 18 мільёнаў 896 тысяч долараў ЗША. Усяго за гэты час было выраблена 3390 тон сычужнага сыру і 607 тон вяршковага масла. 83% сваёй прадукцыі ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» пастаўляе на экспарт. У нас шырокі асартымент высакаякаснай прадукцыі, і мы рэгулярна прымаем удзел у выставах і кірмашах, адкуль заўжды вяртаемся з узнагародамі. Гэты год не стаў выключэннем: прадукцыя завода заваявала 3 залатыя і 4 сярэбраныя медалі на 23 міжнароднай выставе «Увесь свет харчавання» ў Маскве. Удзел у выставах спрыяе папулярызацыі прадукцыі нашага прадпрыемства на ўнутраным і знешнім рынках.

Напрыканцы мерапрыемства лепшыя работнікі ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» атрымалі граматы, падзячныя пісьмы, прэміі за шматгадовую працу і да прафесійнага свята. Завяршылася сустрэча канцэртам, які падрыхтавалі для сыраробаў работнікі культуры.

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *