Дзімаўна

Сацыяльная сфера

26 гадоў, у красавіку наступнага года будзе ўжо 27, працуе ў сельгасвытворчасці ў Рудзе Яварскай Святлана Дзмітрыеўна Скрундзь
Пра незвычайнае прозвішча-зварот да жанчыны “Дзімаўна” я дачуўся ў раённым сельгасупраўленні. І адразу стала цікава сустрэцца-пагутарыць з чалавекам, якога адначасова ласкава і шаноўна – Дзімаўна – назвалі і з гэтым словам штодня да яго звяртаюцца. Назаўтра сустрэліся ў Хвінявічах – загадчыца Рудаяварскага вытворчага ўчастка прыехала сюды на вытворчую нараду. Усміхнулася пры вітанні і вабнымі ямінкамі на шчоках адразу пацвердзіла дакладнасць свайго наймення – Дзімаўна. Вось што расказала мне пра сваё, і не толькі сваё, жыццё-быццё ў адметнай для нашага раёна Рудзе Яварскай.

ПРА КІРАВАННЕ

Дасведчаныя людзі сказалі, што Дзімаўна, а яна цяпер самы галоўны начальнік у Рудзе Яварскай, можа арганізаваць сваіх рудаяварцаў-працаўнікоў сельгасучастка “на любы подзвіг”. І зрабіць гэта, што кажуць, “без шуму і пылу”, таму што ведае падыходы да кожнага тутэйшага чалавека. Як гэтаму навучылася?
Міхаіл Іванавіч Ламака, успамінае Святлана Дзмітрыеўна, вымагаў і штораз напамінаў ёй: твая задача – работа з людзьмі. У нас ёсць галоўны аграном, аграном па абароне раслін, аграном па насенняводству – яны тэхнолагі, яны няхай думаюць пра тэхналогіі, пра расліны. А ты – арганізатар, ты думай як людзьмі кіраваць, вучыся гэтаму.
Міхаіл Іванавіч Ламака – колішні старшыня калгаса “Перамога” з адміністрацыйным цэнтрам у Рудзе Яварскай. Дачасна пайшоў з жыцця, пакінуўшы пра сябе добрую памяць. Калі ўшчуваў пра якую правіну, прыгадвае Святлана Дзмітрыеўна, то нязлосна і злоснага не запамінаў на чалавека, не помсціўся. І пад сябе не гроб, не квапіўся на калгаснае дабро. Справядлівы быў чалавек. М. Ламака стаўся яе першым працоўным кіраўніком: пры ім пасля заканчэння вучобы яна пачала працоўную біяграфію – з прызначэння на пасаду брыгадзіра (загадчыка) цэнтральнага вытворчага ўчастка ў Рудзе Яварскай. Праўда, размяркоўвалі яе ў іншую гаспадарку – калгас “Запаветы Леніна” ў Войневічах. Але раённае сельгасупраўленне перайначыла размеркаванне па-свойму: быў патрэбны загадчык участка ў “Перамозе”, туды і накіравалі.

ПРА СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЬ

Пра жыццё ў Рудзе Яварскай яна, вядома, не марыла. Яна і пра агранамію як спецыяльнасць не марыла. Вясковая дзяўчынка з дзятлаўскай вёсачкі Карыца-1 хацела стаць медыкам. Але… Спазнілася з паступленнем у Слонімскае медвучылішча. Вось ужо гэтыя жаночыя зборы!.. І бацька, вясковы механізатар, адвёз нязбытную доктарку ў Навагрудскі сельгастэхнікум. Глянуўшы ў атэстат (а там значылася ўсяго адна тройка – па рускай мове), прынялі дзяўчынку нават без уступных экзаменаў. Ці лёгка вучылася па выпадковай, гэтак, бачыце, атрымалася, спецыяльнасці? Прызнаецца, няпроста. Трэба ж было паспяваць і па школьных прадметах за 9-10 класы (яна паступіла пасля 8 класаў), і па спецыяльных. Але і сцярпелася, і злюбілася. А самым любімым прадметам па спецыяльнасці стала – абарона раслін. Можа, гэтак азвалася дзіцячая мара пра абаронцу, якая, прыставаўшыся да абставін, перайначылася з абаронцы здароўя людзей у абаронцу здароўя раслін. У 1988 годзе навучанне было завершана, яна прыехала працаваць.

ПРА АДКАЗНАСЦЬ

Руда Яварская – пушчанская ваколіца Дзятлаўшчыны. Зямля небагатая, шанцаў на лідарства мясцовае сельгаспрадпрыемства не мела ніколі. Праўда, зорны момант у яго біяграфіі ўсё-такі здарыўся. І Дзімаўна як загадчыца ўчастка мае да яго непасрэднае дачыненне. З дзесятак гадоў таму зоркі над Рудой Яварскай сышліся выключна ўдала: дажджы над мясцовымі сенажацямі ішлі па раскладу, складзенаму мясцовымі аграномамі, і травы цягнуліся да зорак, гледзячы на лес. Парупіліся механізатары, і багатыя ўкосы своечасова ляглі ў сянажныя траншэі, у склады і стагі. Нарыхтоўка кармоў была ў тое лета рэкордная, а з улікам папярэдняга нішчымнага года прырост нарыхтоўкі фуражу аказаўся рэкордны на ўсю Беларусь. І рудаяварскае сельгаспрадпрыемства было прызнана такі – пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва! Што было тое было. Але гэта быў момант, выключэнне з правіла. Звычайна мясцовым арганізатарам сельгасвытворчасці даводзілася змагацца з разнастайнымі дэфіцытамі, што абумоўлены малою даходнасцю прадпрыемства. У тым ліку і дэфіцытам спецыялістаў. Менавіта з гэтай прычыны праз дзесятак гадоў гаспадарання на палетках, Святлану Скрундзь папрасілі пагаспадарыць на ферме. Загадчык фермы ад’ехаў на сесію (вучыўся завочна), а ферму без сур’ёзнага нагляду ніяк не пакінеш. Як чалавек адказны Дзімаўна на прапанову пагадзілася. Тым больш, што прасілі прыгледзець за фермай усяго на адзін месяц. У выніку “камандзіроўка” ў жывёлагадоўлю для яе расцягнулася на… пяць гадоў.
Жывёлагадоўчая кар’ера Святланы Дзмітрыеўны мела ўсе шанцы на працяг, але зноў умяшаліся дэфіцытна-кадравыя абставіны: галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр? Волкаў паехаў на 5-месячную стажыроўку ў Германію. Хто яго падменіць? Паступіла прапанова, і як чалавек адказны Дзімаўна на прапанову пагадзілася. Потым акажацца, што падмена была пяцімесячнай “рэпетыцыяй” чарговых перамен у яе біяграфіі. Праз два гады Дзімаўну як чалавека адказнага на стала зацвердзяць галоўным аграномам (А. Волкаў пяройдзе на працу ў іншае сельгаспрадпрыемства). Потым здарацца яшчэ арганізацыйныя перамены, і ў выніку рэарганізацый СВК “Рудаяварскі” ў статусе вытворчага ўчастка будзе далучаны да СВК “Хвінявічы”. А Дзімаўна, страціўшы ў статуснасці сваёй пасады, прыме адказнасць за ўсё колішняе сельгаспрадпрыемства з яго палямі, лугамі і фермамі як загадчыца вытворчага ўчастка. Таму што адказны па жыцці яна чалавек.

ПРА ТЭХНІЧНАСЦЬ

З трактарамі Святлана Дзмітрыеўна асвоілася з маленства: бацька быў калгасным механізатарам і яго жалезны конь па колішняй завядзёнцы часта стаяў на хатнім падворку. Прывыкла і да рыку рухавіка, і да паху саляркі. У тэхнікуме збольшага навучылася трактарам кіраваць, што пацверджана адпаведным пасведчаннем. А ў Рудзе Яварскай асвойвала розныя мадэлі сельгасмашын. І патрэба здаралася (зноў-такі кадравы дэфіцыт), і проста цікавасць да тэхнікі яе не абмінула. У выніку Дзімаўна не проста ўмее ехаць на трактары, яна ўмее на трактарах – працаваць. У прыватнасці, асвоіла МТЗ-1221, на Т-150 культывавала поле і нават трамбавала сянаж у траншэі. Бо трэба было. Спраўляецца з “Амкадорам”. Хто навучыў? Калі ў сям’і тры першакласныя спецыялісты тэхнічнага профілю навучанне перастае быць праблемаю.
Дзімаўна руліць і аўтамабілем. Навучанне шафёрству адбывалася так: на лузе збіралі цюкі прасаванага сена (былі некалі невялікія прамавугольныя цюкі, якія адзін чалавек мог без асаблівай напругі падняць і закінуць у кузаў грузавіка). Калгасны шафёр уключаў першую перадачу і перадаваў руль прыгожай дзяўчыне з вабнымі ямінкамі на шчоках. Руліць грузавіком на шырокім лузе было і лёгка, і прыемна, асабліва з улікам наяўнасці побач такога ўважлівага інструктара. З удзячнасці за адметную шафёрскую навуку давялося выйсці за яго замуж. Пасля грузавіка Святлана Дзмітрыеўна лёгка асвоіла легкавік, у Слоніме здала на правы. Кажа, што ездзіць любіць. Ці хутка ездзіць? Да сотні разганяецца, на добрай шашы – да 120. А ліхачыць, прызнаецца, ёй забаранілі родныя мужчыны. Яна слухаецца сваіх любых мужчын. І яе паслухмянасць не засталася незаўважанаю: калі ў мамы канчаткова зламаўся службовы доўгага веку аўтамабіль, сыны скінуліся са сваіх заробкаў і купілі ёй УАЗ – машыну для палявых і гравійных дарог, якіх у ваколіцы Руды Яварскай абсалютная большасць.

ПРА СЯМ’Ю

Іх пяцёра, яны жывуць пад адным дахам: дзве жанчыны і трое мужчын. Усе працаздольныя – чацвёра – працуюць на рудаяварскім сельгасучастку. Святлана Дзмітрыеўна – загадчык участка, начальнік над усімі. Муж Уладзімір – вадзіцель і механізатар. Старшы сын Уладзімір – слесар, аўтамеханік, вадзіцель, механізатар, цяпер працуе на “Амкадоры”. Малодшы сын Аляксей – вадзіцель МАЗа. Усе трое мужчын – першакласныя спецыялісты і складаюць роўна трэць ад механізатарскай “магутнасці” вытворчага ўчастка (усяго механізатараў на ўчастку 9). Пятая ў сям’і і яе старэйшына – Таіса Васільеўна, мама Святланы Дзмітрыеўны. Усім пяцярым падабаецца Руда Яварская, яе лясныя ваколіцы, недалёкая Шчара, яны любяць тут жыць, яны не збіраюцца нікуды, ні ў якія гарады, адгэтуль з’язджаць. У хлопцаў, акрамя тэхнікі, ёсць яшчэ адно захапленне – паляванне, для якога ў пушчанскіх лясах месца досыць.

ПРА МАМУ

Таіса Васільеўна – ахоўніца хатняга ачагу. Святлана Дзмітрыеўна прызнаецца, што не ўяўляе, як бы справілася з доглядам сваіх мужчын без мамы. Улетку (з дадаткам вясны і восені) загадчыца ўчастка на працы з 6 гадзін раніцы і, лічы, да цямна. Нярэдка і па цёмнаму трэба наведацца на фермы (МТФ у Гуце, аўчарня, трусовая ферма і ферма па дарошчванні БРЖ у Рудзе Яварскай), пераканацца, што клопаты там спарадкаваны. Мужчыны таксама вяртаюцца дахаты зазвычай позна. Гэтак і выходзіць, што большасць штодзённых хатніх “заданняў” дастаюцца Таісе Васільеўне. Мама ва ўсім дапамагае, удзячна прызнаецца Святлана Дзмітрыеўна. Згодна жанчыны не толькі гатуюць, мыюць, прыбіраюць. Згодна вырошчаюць і кветкі: з самых любімых у іх – шпажнікі, ігольчатыя вяргіні, ружы.

ПРА ПРОЗВІШЧА

Хто канкрэтна прыдумаў для Святланы Дзмітрыеўны Скрундзь гэта харошае прозвішча – Дзімаўна – гісторыя замоўчвае і спасылаецца на народную творчасць. А народная творчасць, мы ведаем, не памыляецца.

Б. ВАРНА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *