Дзіцячы адпачынак: яркі, актыўны, здаровы

Спорт і турызм

Пачатак восені адзначыўся правядзеннем у Гродне выставы-кірмашу “Еўрарэгіён “Нёман”, дзе актыўны ўдзел прынялі таксама і дзятлаўчане. Дзятлаўскі цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі падзяліўся з наведвальнікамі выставы сваімі праектамі. Пра турыстычнае лета, гасціннасць для дзяцей і ўражанні ад выставы карэспандэнт гутарыла з дырэктарам цэнтра Тамарай Юранковай.

— Тамара Канстанцінаўна, што вы паказвалі на выставе “Гродзеншчына турыстычная”, якая прайшла ў межах “Еўрарэгіёна “Нёман”?

— Мы прадстаўлялі наведвальнікам выставы турыстычны патэнцыял Дзятлаўскага раёна. Гэта экскурсійныя маршруты па Дзятлаве, раёне, рэспубліцы, маршруты пешых вандровак, тэматычных і камбінаваных, а таксама ўвесь спектр аграсядзібаў Дзятлаўшчыны.

— Дык якімі сцяжынамі можна пайсці гасцям?

— На сёння ў нас распрацаваны дзесяць маршрутаў, якія ўвайшлі ў зборнік турыстычных маршрутаў Гродзенскай вобласці і папулярныя у жыхароў Гродзеншчыны. Ёсць маршруты, прывабныя і для замежных турыстаў. На выставе да нас падыходзілі прадстаўнікі Польшчы, Літвы, з якімі мы абмяняліся ўзаемавыгаднымі прапановамі. У прыватнасці, ішла гаворка пра адпачынак дзяцей па абмене.

— Чым адзначылася турыстычнае лета на Дзятлаўшчыне?

— Лета-2014 было вельмі яркім, актыўным, здаровым. Мы прынялі ўдзел у абласным праекце перасоўных турысцкіх лагераў “Запрашаем у госці да нас”. Мы прымалі навагрудскіх дзяцей, якім прадаставілі пляцоўку і ўсё неабходнае для размяшчэння. Яны засталіся вельмі задаволеныя турыстычнай зменай, мы таксама радыя, што ўсё атрымалася. Правялі дзве змены актыўнага адпачынку, калі дзеці самі гатавалі сабе ежу, праводзілі мерапрыемствы, адпачывалі і набіраліся здароўя на ўвесь год. Да таго ж, надвор’е спрыяла такому адпачынку. Прыемна было чытаць у Інтэрнэце эмацыянальныя, часам нават вершаваныя водгукі пра наш лагер. Паказальным з’яўляецца і тое, што дзеці з году ў год ахвотна наведваюць наш летнік. Ёсць нават рэкардсмены – Ангеліна Гусева і Ірына Міхайлоўская наведалі нас ужо па дзевяць разоў.

— Якім чынам працуеце з дарослымі турыстамі?

— Галоўная форма работы – гэта турысцкія злёты. Сёлета, як ніколі, мы вельмі актыўна ўдзельнічалі ў арганізацыі ўсіх злётаў, якія праводзіліся на Дзятлаўшчыне.

— На вашу думку, ці гатовы гісторыка-культурны патэнцыял Дзятлаўшчыны для сустрэчы з турыстамі?

— Што тычыцца культурных адметнасцяў і гістарычных помнікаў, хацелася б бачыць наш раён у іншым ракурсе. Найперш, вельмі хочацца, каб палац Радзівілаў аднавілі, ён можа стаць турыстычнай жамчужынай нашага раёна. Таксама дом-сядзіба Ігната Дамейкі можа мець больш прывабны выгляд, бо ёсць турысты, якія актыўна цікавяцца гэтай тэмай. Затое ёсць распрацаваныя турыстычныя маршруты па праваслаўных і каталіцкіх храмах, памятных знаках Дзятлаўшчыны. Гэта Дварэц, Горка, Наваельня, Раготна, Вензавец і іншыя населеныя пункты раёна. Колькі часу таму мы працавалі ў Горцы сумесна з газетай “Наш час” у межах праекта, прысвечанага старажытным валунам. Людзі, якія знаёмяцца з легендай пра тыя ж цудадзейныя валуны, хочуць пасля ўбачыць іх на свае вочы.

— Нядаўна пачаўся навучальны год, і вы прадставілі на выставе чамадан школьнага жыцця. Тамара Канстанцінаўна, што б вы паклалі ў свой чамадан?

— У чамадане школьнага жыцця я захавала б усё тое, чаго мы дасягнулі за гэтыя гады і дадаць туды заўсёднае жаданне працаваць і надзеі на лепшае. А калі казаць менавіта аб прадстаўленым экспанаце, то гэта ўдзельнік праекта “Музей у чамадане”, у які, акрамя школьнага, увайшлі міні-музеі “Чамадан памяці”, “Чамадан сямейных традыцый”. Тры новыя чамаданы праекта мы збяром у гэтым навучальным годзе – “Дзеля дабра Радзімы”, “Народны каляндар” і “Трафеі вайны”.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *