Старшыня Беларускай партыі “Белая Русь” Вольга Чамаданава сустрэлася з партыйным актывам Дзятлаўшчыны. Размова ішла аб колькасным і якасным саставе партыі, партыйным будаўніцтве, рэальных дзеяннях дзеля будучыні нашай краіны.



Старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь”, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі адзначыў, што ў партыі ўжо больш за 400 жыхароў раёна. Ён расказаў аб развіцці і дзейнасці структуры ў 2025 годзе, падтрыманні грамадскіх ініцыятыў, удзеле ў дабрачынных акцыях, суботніках, сустрэчах у калектывах і абазначыў бліжэйшыя планы:

– Работа ў Дзятлаўскім аддзяленні будзе прадоўжана ў розных напрамках з улікам партыйных каштоўнасцяў: захаванне стабільнасці, бяспекі, устойлівага эканамічнага развіцця. Партыя “Белая Русь” імкнецца да ўмацавання незалежнасці і працвітання Беларусі, абароны нацыянальных інтарэсаў і культурных традыцый, захавання суверэнітэту. Дзятлаўскае аддзяленне падтрымлівае праграму партыі і накіруе ўвесь свой патэнцыял на яе рэалізацыю.

Вольга Чамаданава адзначыла, што толькі за 2025 год Беларуская партыя “Белая Русь” прырасла больш чым на 30 %. Сёння яна фарміруе сваю структуру з улікам асаблівасцей і патэнцыялу кожнага рэгіянальнага падраздзялення, далучаючы членаў, здольных на канкрэтныя дзеянні. Яе мэта заключаецца ў стварэнні актыўнай грамадзянскай супольнасці, якая рэалізуе важныя сацыяльныя ініцыятывы.

Па словах Вольгі Мікалаеўны, пытанне адзінства ўнутры партыі з’яўляецца фундаментальнай задачай:
– Да нас далучаюцца грамадзяне, якія праявілі ініцыятыву і пацвердзілі сваю прыхільнасць да дзяржаўнага курса краіны рэальнымі справамі. Гэта людзі, якія падтрымліваюць палітыку нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Кожны член партыі абавязаны добрасумленна выконваць свае службовыя абавязкі, стаць правадніком нашых ідэй сярод насельніцтва, падкрэсліла ў сваім выступленні Вольга Чамаданава. Праграма партыйнай дзейнасці ўключае два асноўныя напрамкі – сацыяльны і эканамічны, яна была ўдакладнена з улікам ключавых прыярытэтаў пяцігадовага плана сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Кансалідацыя яе прыхільнікаў дазваляе ўстанаўліваць сувязі не толькі ўнутры краіны, але і на міжнароднай арэне. Партыя ўмацоўвае міжнародныя кантакты, у ліку якіх Расійская Федэрацыя, Кітайская Народная Рэспубліка, Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам.

Адной з бліжэйшых мэт для партыйцаў становіцца наладжванне ўзаемадзеяння з насельніцтвам як у віртуальнай прасторы, так і ў рэальным жыцці. Неабходна не толькі абазначаць існуючыя праблемы рэгіёнаў, але і аператыўна вырашаць іх, адштурхоўваючыся не ад асабістых інтарэсаў, а агульных. Важным інструментам стане ўдасканаленне сістэмы грамадскіх прыёмных, якія пераўтвараюцца ў грамадска-палітычныя цэнтры пры рэгіянальных аддзяленнях партыі. Гэтыя цэнтры стануць месцам, дзе кожны грамадзянін зможа выказаць свае пажаданні.

– Для нас важна не проста называцца палітычнай партыяй, а даказаць камунікацыяй з людзьмі, справамі, падыходамі, якія прапаноўваем, што сапраўды можам называцца патрыётамі. Мы сёння адказныя за тое, у якой краіне будуць жыць нашы дзеці і ўнукі. Паверце, яны ўсё заўважаюць і бяруць з нас прыклад. Калі мінуць гады, і нашы нашчадкі скажуць: “Дзякуй за тое, што мы жывём у такой краіне” – мы ўсё рабілі правільна.

Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць задаць пытанні Вользе Чамаданавай. Яны цікавіліся рэалізацыяй новых партыйных праектаў, якасцямі характару сапраўднага лідара і выпрабаваннямі на шляху партыйнага будаўніцтва, работай моладзевага крыла партыі “Іскра”, мерапрыемствамі да Года беларускай жанчыны.








Вольга Мікалаеўна падзякавала дзятлаўчанам за цёплы прыём і паабяцала, што карціна з краявідамі Дзятлава, якую ёй уручылі на памяць аб сустрэчы, зойме сваё месца ў музеі Беларускай партыі “Белая Русь”, які плануецца стварыць у перспектыве.
– Помніце аб важным: мы жывём у шчаслівай мірнай краіне з моцным нацыянальным лідарам. Прадаўжаць жыць у такіх абставінах будзем і далей толькі ў тым выпадку, калі разам, пераадольваючы складанасці, збіраючыся з думкамі і сіламі, будзем працаваць дзеля нашай краіны, – падрахункавала сустрэчу старшыня Беларускай партыі “Белая Русь”.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Годбелорусскойженщины