У Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы на пасяджэнні медыцынскага савета падвялі вынікі дзейнасці за 2025 год і абмеркавалі перспектывы работы на 2026-ы. У мерапрыемстве прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка.

Галоўны доктар установы Віктар Яцкевіч расказаў аб функцыянаванні сферы аховы здароўя:

– У 2025 годзе работа нашай бальніцы была накіравана на выкананне рашэння выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады”.

У Дзятлаўскім раёне медыцынская дапамога насельніцтву аказваецца ў 23 структурных падраздзяленнях: цэнтральнай райбальніцы, Казлоўшчынскай і Новаяльнянскай гарадскіх бальніцах, Гезгалаўскай бальніцы сястрынскага догляду, 4 амбулаторыях доктара агульнай практыкі, 14 стацыянарных ФАПах, адным модульным і адным перасоўным. Установы аховы здароўя абслугоўваюць 21 949 чалавек. Тут працуюць 597 чалавек, з іх 68 дактароў. У 2025 годзе на першае працоўнае месца прыбыло 9 маладых спецыялістаў.

Для паляпшэння якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва набыта новае абсталяванне, напрыклад, стаматалагічныя ўстаноўкі, аўтамабілі “Купава”, “ЮніСКАФ”, апарат ультрагукавы дыягнастычны, электракардыёграфы, ложкі, камп’ютары.

На бягучы рамонт затрачана больш за 400 тысяч рублёў, на капітальны – больш за 300 тысяч. Платных медыцынскіх паслуг за мінулы год аказана амаль на 300 тысяч рублёў.

Аб арганізацыі стацыянарнай і амбулаторна-паліклінічнай дапамогі расказалі намеснікі галоўнага доктара Алена Якубоўская і Наталля Літвінская.

Медыцынская дапамога ў стацыянары аказваецца на 221 ложку. За мінулы год тут прайшлі лячэнне 6077 пацыентаў. У службе хуткай дапамогі абслугоўванне выклікаў ажыццяўляюць 3 фельчарскія брыгады, у 2025 годзе выканана больш за 7 тысяч выездаў. Для лячэння пацыентаў было набыта лекавых сродкаў на 1 мільён 861 тысячу рублёў. Кошт аднаго ложка-дня склаў 182 рублі, адзін выклік хуткай медыцынскай дапамогі – 236 рублёў.

Першасны выхад на інваліднасць у мінулым годзе склаў 185 выпадкаў, 77 – сярод працаздольных жыхароў раёна. Сярод асноўных яе прычын – анкалагічныя захворванні, паказчык дзіцячай інваліднасці ў 2025 годзе – 14 выпадкаў.

Сярод задач на 2026 год, якія паставілі перад сабой медыкі раёна, – далейшае зніжэнне ўзроўню смяротнасці і анказапушчанасці, узмацненне эпідэміялагічнай бяспекі і зніжэнне ўзроўню захваральнасці насельніцтва, павышэнне якасці медыцынскай дапамогі, правядзенне дыспансерызацыі, развіццё інфраструктуры аховы здароўя, фарміраванне ў людзей здаровага ладу жыцця.

– У цэлым дзяржавай, раённым выканаўчым камітэтам надаецца сур’ёзная ўвага медыцынскай сферы. Сёння нас хвалюе ўкамплектаванасць кадрамі, замацаванне маладых спецыялістаў, а для гэтага вырашаецца пытанне з жыллём для іх. Укладваюцца немалыя сродкі ў рамонт установаў аховы здароўя, набываецца абсталяванне – паляпшаюцца ўмовы працы, таму і ад медыцынскіх работнікаў мы чакаем плённай і выніковай працы, каб у наступны раз, падводзячы вынікі, радавалі станоўчыя паказчыкі. Вялікі вам дзякуй за работу, часам вельмі напружаную і нялёгкую. Жадаю ўсім поспехаў, дабра і шчасця вам і вашым сем’ям, – падвёў вынікі пасяджэння Вадзім Бялятка.

За добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм падзячным лістом Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны доктар-рэабілітолаг Вольга Калодка, доктар-тэрапеўт Ігар Сільчук, фельчар Інэса Шэлест. Падзяку начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама атрымалі медсёстры Наталля Глуская, Святлана Кійко, вадзіцель Анатолій Высоцкі, грамату Дзятлаўскай ЦРБ – медсястра Іна Каракулька, спецыяліст па арганізацыі закупак Станіслава Аблажэй, загадчык гаспадаркі Валерый Юргілевіч.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации