Вясёлы школьны званок у новым навучальным годзе празвінеў 1 верасня для 1911 навучэнцаў Дзятлаўшчыны. Упершыню селі за парты 153 першакласнікі.

Вучняў, педагогаў Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук, бацькоў з Днём ведаў павіншавалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч, протаіерэй Валерый Мануйла, ксёндз Алег Жураўскі.





Бурнымі апладысментамі віталі самых маленькіх удзельнікаў урачыстай лінейкі – першакласнікаў, якія адпраўляюцца ў доўгую вандроўку па краіне ведаў са сваёй першай настаўніцай Людмілай Баброўскай, а таксама выпускнікоў і іх класнага кіраўніка Таццяну Сямашка.



Пачалося свята з Дзяржаўнага гімна, права падняць Дзяржаўны сцяг прадаставілі навучэнкам Аляксандры Міклаш, прызёру адкрытай абласной навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі “Купалаўская вышыня” і Арыне Рой, лідару піянерскай дружыны школы.





– Шчыра віншую ўсіх з Днём ведаў! – павітала прысутных дырэктар школы Алена Круглова. – Для кожнага гэта асаблівае свята. Для першакласнікаў – шлях у новыя веды, для выпускнікоў – час станаўлення, вырашэння свайго далейшага лёсу, для настаўнікаў – новы этап і дасягненні. Наша школа з кожным годам становіцца ўсё лепшай і прыгажэйшай, тут створаны ўсе ўмовы для вучобы. Няхай навучальны год прынясе нашым вучням новыя веды, творчыя адкрыцці. Паважаныя настаўнікі і бацькі, дзякуй вам за працу, цярпенне, любоў да дзяцей. Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам дабіцца працвітання нашай школы, раёна, краіны.



Да віншаванняў далучыўся Андрэй Садоўскі:

– Дарагія сябры, прыміце найлепшыя пажаданні з пачаткам новага навучальнага года! Для кагосьці гэты год стане першым крокам у займальны свет ведаў, для іншых – часам упартай працы і імкнення да дасканаласці, а для выпускнікоў – фінішнай прамой, якая вядзе ў дарослае жыццё.

Варта адзначыць, што Новаяльнянская школа славіцца дасягненнямі сваіх навучэнцаў. Гэта сумесны вынік і бацькоў, і педагогаў. Няхай і надалей хлопчыкі і дзяўчынкі прадаўжаюць тыя слаўныя традыцыі, якія закладзены ў гэтай установе адукацыі. Першакласнікам жадаю не хвалявацца і не баяцца цяжкасцяў, бо побач з вамі – мудрыя настаўнікі, любячыя бацькі і старэйшыя таварышы, на якіх варта раўняцца. Выпускнікам – правільна выбраць свой далейшы арыенцір у жыцці, будучую прафесію. Наперадзе – новы навучальны год. Няхай ён стане часам адкрыццяў і яркіх перамог! Поспехаў усім, сіл і натхнення!




Па шматгадовай добрай традыцыі ў гэты святочны дзень першакласнікі атрымалі важны падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі – кнігі “Мая Радзіма – Беларусь”.


Ганаровае права даць першы званок прадаставілі навучэнцу 11 класа Аляксею Умоўскаму і першакласніцы Ганне Жых.

Новы навучальны год ва ўсіх школьнікаў нашай краіны пачаўся з урока па тэме “Веды сёння – сіла і росквіт Беларусі заўтра!”.












































































































































Святлана ГРЫШЫНА
Фота аўтара, Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ, Таццяны САНЮК