Тры гады таму да Дня Незалежнасці на Дзятлаўшчыне адкрылі турыстычны веламаршрут № 489  “Партызанскай сцяжынай па Ліпічанскай пушчы”, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні 3 ліпеня, у юбілейны 80-ы год Вялікай Перамогі, калектыў райвыканкама на чале са старшынёй Андрэем Садоўскім, а таксама прадстаўнікі сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, духавенства праехалі па ім, такім чынам аддаючы даніну памяці і павагі гераічнаму подзвігу продкаў.

Адпраўным пунктам маршруту стаў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе старшы навуковы супрацоўнік Вольга Цюшляева расказала аб партызанскім руху на Дзятлаўшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вольга Мікалаеўна нагадала, што ў 2024 годзе Дзятлава было ўдастоена вымпела “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Навучэнцы сярэдняй школы № 3 імя І. Ю. Філідовіча ў тэатралізаванай форме ўспомнілі аб слаўным подзвігу земляка, чыё імя носіць іх навучальная ўстанова. Дзятлаўчане ўшанавалі памяць Іосіфа Філідовіча, а таксама загінулых жыхароў Малой Волі, якую называюць сястрой Хатыні.

У Рудаяварскім лясніцтве ўдзельнікі велапрабегу атрымалі веласіпеды і рушылі па маршруце памяці. Веласіпедны шлях працягласцю 14 кіламетраў прайшоў ад лясніцтва да партызанскага шпіталя, які быў знойдзены мясцовымі краязнаўцамі праз 75 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Ён пралягаў праз месцы, звязаныя з гісторыяй і культурай нашага краю, найперш – трагічнымі падзеямі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Сярод іх – пахаванне ахвяраў фашысцкага генацыду сям’і Чайкоўскіх, на месцы гібелі якіх цудоўным чынам вырас сяміствольны клён, быццам у памяць аб усіх забітых; пахаванне знішчанай фашыстамі сям’і Кашкала; касцёл Святога Іосіфа – помнік драўлянага дойлідства, царква Святога Архангела Міхаіла, пабудаваная з дрэва ў форме крыжа, месца размяшчэння фашысцкага гарнізона, двойчы разгромленага партызанамі. Аб святынях расказалі і правялі супольную малітву ў храме іх настаяцелі – айцец Аляксей Лаўнік і ксёндз Андрэй Лішко, які таксама ўдзельнічаў у памятных велапрабегу. Удзельнікі маршруту ў суправаджэнні экскурсаводаў – навучэнцаў школ Дзятлаўскага раёна – пазнаёміліся з гісторыяй кожнага памятнага месца, усклалі вянкі і кветкі да магілаў ахвяраў генацыду.

У канцы турыстычнай сцяжыны гасцей велапрабегу чакаў пункт прызначэння – сам партызанскі шпіталь, дарогу да якога цаной свайго жыцця не выдаў Іосіф Філідовіч. У ваенны час шпіталь быў востравам сушы сярод непраходнага балота, за час існавання ў ім вылечыліся каля 500 цяжкапараненых.  На ўваходзе – манумент з цэльнага бруса з уваходам у форме пяціканцовай зоркі, якая сваімі абрысамі нагадвае ўваход у Брэсцкую крэпасць. Гасцей шпіталя чакала тэатралізаваная пастаноўка, у якой дзятлаўскія школьнікі і іх педагогі змаглі перадаць атмасферу тых часоў, калі шпіталь жыў, функцыянаваў, лячыў і ратаваў жыцці партызан. Тут дзейнічалі не толькі медыцынскае аддзяленне, але і школа, лазня, палявая кухня і нават хлебапякарня. У вольны час насельнікі шпіталя не забывалі аб душэўнай песні пра перамогу над фашыстам і сваю Радзіму. Адметнасцю стала тое, што сёлета сіламі нераўнадушных дзятлаўчан на тэрыторыі шпіталя была створана сапраўдная партызанская зямлянка, якую з цікавасцю наведалі госці мерапрыемства.

Веламаршрут пакінуў моцныя эмоцыі ва ўсіх яго ўдзельнікаў, адчуванне таго, што яны дакрануліся да жывой гісторыі роднага краю. Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Андрэй Садоўскі, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама:

– Сённяшні велапрабег асаблівы па некалькіх прычынах: па-першае, ён адбываецца напярэдадні галоўнага для ўсіх беларусаў свята – Дня Незалежнасці, па-другое, мерапрыемства аб’яднала два пакаленні дзятлаўчан у знакавых гістарычных месцах. Сёння выдатна выступалі юныя і маленькія экскурсаводы, думаю, гэты вопыт ім запомніцца на ўсё жыццё, а педагогам дапаможа ў выхаванні сапраўдных патрыётаў. Нягледзячы на тое, што сённяшні веламаршрут некароткі, ён насычаны, таму праходзіцца на адным дыханні, будзе цікавым не толькі дзятлаўчанам, але і гасцям раёна. Ладзіць паходы і паездкі па памятных месцах раёна, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, стала добрай традыцыяй для калектыву райвыканкама. Рады быў зноў раздзяліць гэты вопыт са сваімі калегамі напярэдадні знамянальнай падзеі, нават надвор’е сёння спрыяла нам.  Шчыра віншую землякоў з надыходзячым Днём Незалежнасці! Жадаю ўсім мірнага неба, шчасця і дабрабыту.

Ганна Будзько, галоўны спецыяліст аддзела па юрыдычнай рабоце і зваротах грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама:

– Удзельнічала ў такім велапрабегу ўпершуню, рада, што атрымала магчымасць паглядзець на гісторыю Дзятлаўшчыны пад другім ракурсам. Сёння мы наведалі трагічныя для дзятлаўчан месцы, каб ушанаваць памяць землякоў. Вельмі парадавалі дзеці, якія выступалі ў ролі экскурсаводаў і герояў тэтралізаваных гістарычных пастановак. Было вельмі захапляльна і цікава. Асобных словаў патрабуе рэканструкцыя побыту і атмасферы партызанскага лагера, мы быццам сапраўды пабывалі ў мінулым. Дзякуй усім за магчымасць пазнаваць гісторыю роднага краю такім нестандартным чынам.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #День Независимости

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации