У Дзятлаўскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адбылася сустрэча раённага кіраўніцтва на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім з маладымі спецыялістамі, якія прыбылі ў наш раён на першыя працоўныя месцы.


Прысутнічалі таксама кіраўнікі раённых службаў, лідары грамадскіх і прафсаюзных аб’яднанняў. У цэнтры ўвагі былі пытанні, якія могуць хваляваць моладзь на пачатку працоўнага шляху. Спецыялісты далі кампетэнтныя парады маладым работнікам, падзяліліся актуальнай інфармацыяй, якая дапаможа больш якасна арганізаваць быт і вольны час працоўнай моладзі, паспрыяе далейшаму прафесійнаму станаўленню.








– Штогод на Дзятлаўшчыну прыбывае каля дзевяноста-ста маладых спецыялістаў, і гэты год не выключэнне, лічба склала 84 чалавекі, – зазначыў Андрэй Садоўскі. – Значна папоўніліся сферы адукацыі – больш за 20 работнікаў, аховы здароўя – 13, сельскай гаспадаркі 16, прыйшла моладзь і ў іншыя арганізацыі. Задача кіраўніцтва раёна – стварыць для вас матэрыяльную базу, вырашыць пытанні з жыллём. Кожны год мы забяспечваем маладых работнікаў арэнднымі кватэрамі, сёлета таксама ёсць такая магчымасць. Ваша задача – сабраць неабходныя дакументы. Хутка ў эксплуатацыю будзе пушчаны і заселены рэканструяваны арэндны дом. Дзятлаўшчына не маленькая, тут жывуць каля 22 тысяч чалавек, знаходзіцца больш за 200 населеных пунктаў, вылучаецца раён і зручнай лагістыкай.

Мы даражым маладымі работнікамі, якія ў нас замацоўваюцца, добрых прыкладаў даволі шмат, ёсць актывісты. Разам з тым, падкрэслю, што ў прафесіі важна рэалізавацца, а для гэтага трэба працаваць і над сабой, і на працоўным месцы. Атрыманыя ў час вучобы веды адчувальна адрозніваюцца ад практыкі, таму ў вас будуць старэйшыя вопытныя настаўнікі. Калі пастараецеся, усё ў вашых руках. Спадзяюся, вам спадабаецца на Дзятлаўшчыне, для гэтага мы зробім усё неабходнае. У нас ёсць, дзе сябе праявіць, вырасці ў кар’еры. Я шчыра жадаю ўсім поспехаў.

Форум прадоўжыла бліц-знаёмства, у час якога кожны малады чалавек падняўся з месца і коратка расказаў пра сябе.




Важкі блок інфармацыі моладзь атрымала ад прадстаўнікоў службаў і арганізацый раёна. Якія на Дзятлаўшчыне магчымасці кар’ернага і прафесійнага росту, патлумачыла галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Інэса Кібінь. Галоўны спецыяліст сектара рознічнага карпаратыўнага бізнесу цэнтра банкаўскіх паслуг № 407 ААТ “ААБ Беларусбанк” Наталля Юшкевіч расказала пра магчымасці адкрыцця льготнага крэдыту, які дапаможа на новым месцы вырашыць бытавыя пытанні. Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік спыніўся на не менш важнай тэме – пастаноўкі на чаргу маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. З разнастайнымі прапановамі турыстычнага, культурнага і спартыўнага баўлення вольнага часу, развіцця творчых здольнасцяў маладых спецыялістаў азнаёмілі начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Андрэй Нікіпорчык, загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда, мастацкі кіраўнік Дятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Дудкіна, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.











Настаўніца замежнай мовы Хвінявіцкай сярэдняй школы, ураджэнка Дзятлаўскага раёна Ангеліна Кароль падзялілася ўласным вопытам, як можна паспяхова рэалізаваць сябе ў прафесіі, кар’еры, грамадскім жыцці, працуючы ў сельскай навучальнай установе.

Добры настрой і пазітыўныя эмоцыі ўдзельнікам сустрэчы падарылі работнікі культуры.




Напрыканцы маладых спецыялістаў чакалі новыя прыемныя сюрпрызы – тэатралізаваная экскурсія “Штэтл: ажыўшая гісторыя Дзятлава” ад раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра і наведванне абноўленай музейнай экспазіцыі “Дзятлаўшчына са старажытных часоў да сучаснасці”, дзе гасцей сустракала дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вераніка Паўлоўская, а з гісторыяй краю знаёміла галоўны захавальнік музейнага фонду Валянціна Дорда.
























Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае