У Новаяльнянскай сярэдняй школе імя А. А. Шаўчук адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з членамі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.

Воіны-інтэрнацыяналісты сабраліся разам у школьнай зале, каб ненадоўга зазірнуць у мінулае, калі маладымі салдатамі служылі ў далёкім Афганістане, падзяліцца надзённымі клопатамі і падзеямі, якія адбыліся за год, атрымаць заслужаныя ўзнагароды.






Гасцей мерапрыемства павітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.
– 37 гадоў мінула з той пары, калі апошняя калона савецкіх салдат пакінула Рэспубліку Афганістан, у памяці засталіся кадры хронікі, на якіх баявыя машыны праязджалі мост праз раку Амудар’ю. Гэтыя падзеі назаўжды пакінулі след у вашым сэрцы і памяці, – адзначыў ён. – Паважаныя воіны-інтэрнацыяналісты, мы выказваем словы павагі не толькі загінулым, але і ўсім тым, хто з гонарам і годнасцю прайшоў гэты шлях. Вы – прыклад для маладога пакалення. Прыміце словы шчырай удзячнасці і пажаданні самага дарагога для нас усіх – мірнага неба і моцнага здароўя вам і вашым блізкім.

Аляксандр Станіслававіч уручыў падзячныя лісты старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў воінам-інтэрнацыяналістам Віктару Антончыку (цяпер працуе ў Дзятлаўскім РУП ЖКГ), Валерыю Івашку (Новаяльнянскі КХП), Ігару Баравікову (Рэспубліканская туберкулёзная бальніца “Наваельня”).


Да яго словаў далучыўся намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка:
– Вы з гонарам выканалі свой воінскі абавязак, праявіўшы лепшыя чалавечыя якасці. Сёння ваш вопыт і вашы словы неацэнныя для выхавання патрыётаў, якія беражліва захоўваюць праўду пра вайну ў Афганістане, каб перадаць яе сваім нашчадкам. Гэта неабходна як для сучаснікаў, так і будучых пакаленняў, каб ведаць і любіць сваю Радзіму.

Падзячнымі лістамі старшыні Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны Алег Галавенка (Дзятлаўскае РУП ЖКГ), Юрый Камінскі і Анатоль Марук (КСУП “Хвінявічы”).



Педагогі і навучэнцы школы падрыхтавалі для гасцей канцэртную праграму, запрасілі зрабіць сумесны фотаздымак на памяць аб сустрэчы.



Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае