Паваслаўныя вернікі і госці горада сабраліся ў храме, каб ушанаваць памяць святых Рускай праваслаўнай царквы, якія прынялі пакутніцкую смерць за веру або падвергліся выгнанню.


Святочную літургію для дзятлаўчан служылі благачынны цэркваў Дзятлаўскай царкоўнай акругі іерэй Іаан Кісель, клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай іерэй Аляксей Сцепановіч, сакратак Навагрудскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Дзмітрый Сёмуха.



Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і яго намеснік Вадзім Бялятка прынялі ўдзел разам з землякамі ў супольнай малітве.






У гэты дзень праваслаўныя хрысціяне адзначаюць пачатак першага падрыхтоўчага тыдня да Вялікага посту, які называецца Тыдзень аб мытары і фарысеі. Аб гэтым узгадаў у час пропаведзі Іаан Кісель:

– Гасподзь праз прытчу заклікае нас ніколі не асуджаць бліжніх, заўсёды глядзець на свае недахопы і грахі, якіх у нас таксама многа. Праз царкву зямную Гасподзь заклікае з пакорай маліцца, дзе б мы ні былі.


З нагоды ўрачыстасці адбыўся хрэсны ход па тэрыторыі храма і малітва за спачын душы архіепіскапа Феафана Семянякі.












Протаіерэй Дзмітрый Сёмуха павітаў прыхаджан, перадаў архіпастырскае блаславенне Уладыкі Гурыя разам з найлепшымі пажаданнямі.

– Сёння асаблівы дзень, калі мы праслаўляем святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай, якая аб’ядноўвае праваслаўных хрысціян Беларусі, Расіі і Украіны. Мы павінны быць разам, каб жыць у міры, працаваць, праслаўляць імя Божае, – адзначыў ён. –Не забывайце, што самае каштоўнае і стабільнае ў свеце – гэта сям’я, на фундаменце якой будуецца грамадства, наша краіна, а з краін складаецца цэлы свет. Без сям’і свет абрынецца.
Андрэй Садоўскі таксама павіншаваў праваслаўных вернікаў са святам:

– Паважаныя служыцелі храма, шаноўныя землякі. Сёння для нас асаблівы дзень, які мы рады раздзяліць з вамі ў супольнай малітве у памяць аб тых, у чый гонар названы наш сабор. Праваслаўная царква на ўсіх этапах свайго існавання цярпела ганенні і выпрабаванні, але яна выстаяла. Новае пакаленне жыве ў цудоўны мірны час і ведае тыя страшныя старонкі гісторыі толькі з хронік і аповедаў. Мы жывём у краіне, якая развіваецца і будуецца ў адзінстве мудрасці кіраўніцтва і народа. Толькі за апошнія тры дзесяцігоддзі было пабудавана і адрамантавана шмат беларускіх храмаў, не выключэнне і наш сабор. Кіраўнік дзяржавы не раз узгадваў аб тым, што ў пераменлівым нестабільным свеце Беларусь застаецца астраўком стабільнасці і бяспекі, гэта адчувае кожны грамадзянін. Сёння ўсе разам мы молімся не толькі за сваіх землякоў, але і за мір у суседніх краінах, за славянскія народы, якія павінны жыць у згодзе.

З нагоды свята кіраўнік раёна падарыў храму і яго прыхаджанам ікону Матроны Маскоўскай, якая дапамагала веруючым у гады Вялікай Айчыннай вайны і прадаўжае гэта рабіць сёння праз сваё нябеснае заступніцтва.
– Ікона была спецыяльна выразана з дзятлаўскага дуба майстрамі прадпрыемства “Канвіга” нашага раёна, – расказаў Андрэй Уладзіміравіч. – Няхай у малітвах да яе кожны знойдзе суцяшэнне і падтрымку.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga