Восьмага лютага па ўсёй Беларусі прайшла рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену. Пунктам правядзення РЦЭ ў Дзятлаўскім раёне па традыцыі стала сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.

Для ўдзелу ў іспытах зарэгістравалася 150 навучэнцаў з дзесяці ўстановаў адукацыі па адзінаццаці вучэбных прадметах. Самай папулярнай стала матэматыка, на другім месцы – біялогія, на трэцім – грамадазнаўства. Для навучэнцаў была арганізавана цэнтралізаваная дастаўка да месца правядзення РЦЭ. Усе яны прыходзілі і прыязджалі не паасобку, а арганізавана – класамі ў суправаджэнні педагогаў, з сельскіх школ – на школьных аўтобусах. Пры ўваходзе ў пункт правядзення экзамену быў арганізаваны строгі прапускны рэжым. Уваход навучэнцаў у памяшканні ажыццяўляўся на падставе дакумента, які сведчыць асобу, і пропуску.
Арганізацыю і правядзенне рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену ў пункце забяспечвала арганізацыйная камісія ў складзе дзевяці чалавек – прадстаўнікоў аддзела адукацыі райвыканкама, Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета, кіраўніцтва і педагогаў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча. Для правядзення РЦЭ было задзейнічана 15 аўдыторый, прыцягнуты 52 педагагічныя работнікі з установаў агульнай сярэдняй адукацыі раёна. У пункце арганізавана медыцынскае суправаджэнне, таксама працаваў буфет, сумесна з зацікаўленымі службамі былі забяспечаны бяспечныя ўмовы знаходжання.
У 11 гадзін у аўдыторыях пачаўся іспыт. З тых, хто зарэгістраваўся, прынялі ўдзел 149 чалавек, адзін не з’явіўся з прычыны хваробы. За ходам правядзення экзамену назіраў упаўнаважаны прадстаўнік для вывучэння пытанняў арганізацыі і правядзення рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену Вольга Грышчанкова, старшы выкладчык кафедры спецыяльнай і інклюзіўнай педагогікі Акадэміі адукацыі. Вольга Віктараўна адзначыла, што пункт падрыхтаваны да правядзення рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену, усё прайшло ў спакойнай абстаноўцы.
– Гэта важнае мерапрыемства і для дзяцей, і для ўсіх арганізатараў экзамену, – адзначыла начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Марына Лашкоўская. – Навучэнцы даведаліся, якім чынам ажыццяўляецца прапускны рэжым у пункт правядзення, як арганізавана жараб’ёўка, як заняць месца ў аўдыторыі. Яны паспрабавалі запоўніць бланкі ЦЭ, зразумелі, як пры неабходнасці выправіць памылку, даведаліся ўзровень складанасці заданняў. Такая рэпетыцыя дапаможа навучэнцам у будучым эфектыўна спраўляцца са стрэсам. Інфармацыю аб выніках рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену навучэнцы змогуць даведацца на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў у асабістым кабінеце ўдзельніка.
Таццяна УМОЎСКАЯ,
намеснік начальніка аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga