Яркім акцэнтам на завяршэнні Года добраўпарадкавання стала ўрачыстае адкрыццё пасля рамонту будынка Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік і супрацоўнікі камітэта, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, сацыяльныя работнікі раёна, навучэнцы і педагогі гімназіі № 1, жыхары горада Дзятлава.

Кіраўнік раёна павіншаваў прысутных з гэтай знакавай падзеяй і падзякаваў за работу ўсім, хто набліжаў увод у строй аб’екта:

– Адметна, што пачатак рэспубліканскай акцыі “Ад усёй душы” супала з адкрыццём абноўленага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сацыяльная абарона людзей – адзін з прыярытэтаў нашай дзяржавы. У Дзятлаўскім раёне з гэтай сферы працуюць Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і сацыяльны пансіянат “Колас”. Пад сацыяльнай абаронай знаходзяцца 30 % насельніцтва раёна (больш за сем тысяч чалавек) – гэта пенсіянеры і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. У Год добраўпарадкавання праводзілася маштабная работа па ўсіх напрамках. Радуе, што ўсе планы, якія складваліся яшчэ год таму, паспяхова рэалізаваны. Толькі на сацыяльную абарону сёлета было выдзелена дадатковых сродкаў каля 450 тысяч рублёў: набылі спецыяльны транспарт, правялі рамонты і абнавілі мэблю ва ўстановах. Тым больш прыемна, што рамонты найчасцей праводзіліся не з запрашэннем падрадных арганізацый, а сіламі саміх работнікаў Цэнтра. Словы ўдзячнасці адрасую дырэктару ўстановы Таццяне Нікіпорчык за вялікую працу. Думаю, што тыя, для каго прызначаны абноўленыя памяшканні, дастойна ацэняць вашы старанні.

Андрэй Уладзіміравіч уручыў калектыву Цэнтра сертыфікат на 15000 рублёў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

– Вітаю вас, шаноўныя жыхары цудоўнага горада Дзятлава, аднаго з самых прыгожых у Гродзенскай вобласці, – звярнулася да гасцей мерапрыемства Вольга Сядзельнік. – Найперш хачу падзякаваць кіраўніцтву раёна і асабіста Андрэю Уладзіміравічу за тое, што спадзяванні сацыяльнай службы былі пачуты, усе абяцанні – выкананы. Калі ствараюцца камфортныя ўмовы для атрымальнікаў сацыяльных паслуг, выдатныя ўмовы працы для нашых работнікаў, упэўнена, што ўся сацыяльная служба будзе яшчэ эфектыўней. Жадаю, каб абноўлены будынак стаў для вашага калектыву адпраўной кропкай добрай стваральнай працы для людзей. Значна, што адкрыццё абласнога этапу чацвёртай  рэспубліканскай акцыі “Ад усёй душы”, зацверджанай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, адбываецца менавіта на Дзятлаўшчыне.

Сацыяльная абарона вашага раёна заўсёды мае высокія пазіцыі ў абласным рэйтынгу работы, жадаю і надалей трымаць высокую планку і толькі паляпшаць вынікі.

З нагоды адкрыцця Вольга Георгіеўна ўручыла цэнтру сертыфікат на 1000 рублёў.

Са словамі ўдзячнасці да ўсіх, хто дапамагаў у рамонтных работах фінансамі, працай і падтрымкай, звярнулася дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Нікіпорчык.

– Хачу асабіста падзякаваць Вользе Георгіеўне Сядзельнік і Андрэю Уладзіміравічу Садоўскаму за маральную і фінансавую дапамогу, аказаную ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы Цэнтра. У Год добраўпарадкавання мы правялі вялікую работу і галоўнае – мы аб’ядналіся: работнікі, наведвальнікі, сем’і нашых калег. Словы ўдзячнасці адрасую спонсарам КСУП “Войневічы”, ТАА “Ізакам”, ТАА “Панэкспа”, Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, якія дапамаглі нам адкрыць пакой здароўя для грамадзян пажылога ўзросту. Дзякую супрацоўнікам Дзятлаўскага РАНС, райвыканкама, мужчынам райцэнтра за тэхнічную падтрымку. Мы працавалі з пазітывам і агеньчыкам: увесь працэс адлюстроўвалі ў міні-фільмах і выйгралі абласны конкурс відэаролікаў да Года добраўпарадкавання, – расказала яна. – Сёння мы ўсе абяцаем, што ў будучым прадоўжым сумленна і эфектыўна працаваць дзеля людзей і ніколі не падвядзём тых, хто ў нас верыць.

Калектыў і наведвальнікі Цэнтра разам з валанцёрамі гімназіі № 1 горада Дзятлава падрыхтавалі маштабны флэшмоб, у якім адлюстравалі розныя аспекты працоўнай дзейнасці, патрыятызм, веру ў сваю справу і людзей.

Пасля перарэзвання сімвалічнай чырвонай стужкі прысутных запрасілі на экскурсію па абноўленых кабінетах, дзе дарагіх гасцей сустрэлі ў лепшых дзятлаўскіх традыцыях добрай песняй і духмянымі караваямі.

Сёння ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва створаны ўсе ўмовы для работы калетыву, правядзення сустрэч грамадзян пажылога ўзросту і ўсіх, хто мае патрэбу ў дапамозе спецыялістаў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут функцыянуюць аб’яднанні па інтарэсах для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і пенсіянераў, працуе пакой прыёму ежы, дзе наведвальнікі Цэнтра могуць гатаваць і ўдзельнічаць у майстар-класах, кабінет здароўя і рэлаксацыі для грамадзян пажылога ўзросту – сапраўдны міні-санаторый, дзе працуе кваліфікаваны медработнік, функцыянуе сучасная медыцынская тэхніка. Кожнае памяшканне Цэнтра абстаўлена з любоўю і беражлівасцю, каб адчуваць сябе, як дома.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА #ЧистоПоГродненски

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации