23 снежня на Дзятлаўшчыне стартаваў абласны этап рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы”, закліканай падарыць увагу, падтрымку і святочны настрой людзям старэйшага пакалення, яшчэ раз выказаць удзячнасць за іх вопыт і ўклад у жыццё грамадства.

У абноўленай актавай зале раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва за святочным чаяваннем сабраліся госці элегантнага ўзросту з Дзятлаўскага, Слонімскага, Зэльвенскага і Мастоўскага раёнаў. Павіншаваць іх прыйшлі кіраўніцтва раёна, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік, работнікі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама, артысты Дзятлаўшчыны.







Вольга Георгіеўна раскрыла сэнс гэтай маладой беларускай традыцыі:

– Чатыры гады таму ў Беларусі была заснавана цудоўная дабрачынная акцыя, якая дае магчымасць узгадаць, што побач ёсць людзі, якім патрэбна асаблівая ўвага. Гэта ветэраны вайны, працы, выдатныя дзеячы, якія даказалі, што сваёй адданай працай могуць стварыць такую квітнеючую моцную Рэспубліку Беларусь. У пасляваенныя гады яны аднаўлялі народную гаспадарку, паказваючы прыклад настойлівасці і працавітасці. За ўсё, што сёння мы маем, дзякуем людзям працы, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Хачу адзначыць, што нашы энергічныя людзі залатога ўзросту актыўна ўдзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці краіны, паказваючы прыклад маладым. Шчыра жадаю вам моцнага здароўя і вялікай увагі ад родных і грамадства. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму, намесніку старшыні Вадзіму Бялятку, старшыні Савета дэпутатаў Аляксандру Бараноўскаму за вялікую ўвагу, якая ўдзяляецца сістэме сацыяльнай абароны. Адкрыццё абноўленага памяшкання Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – значная падзея не толькі для Дзятлаўшчыны, але і для ўсёй вобласці. Шчыра віншую нашых калег, працоўныя калектывы з такім выдатным падарункам да навагодніх і калядных святаў.





Да гасцей мерапрыемства звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

– Сёння мы адкрываем цудоўную навагоднюю, вельмі патрэбную акцыю для людзей пажылога ўзросту – адну з самых удзячных, кранальных і цудоўных. Хочацца, каб у гэтыя навагоднія святы і надалей нашы родныя і блізкія былі здаровыя, шчаслівыя. Усім жадаю дабрабыту, цяпла ў кожным доме, міру ў нашай краіне і выдатнага настрою.
Да словаў віншавання далучыўся намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка. Ён пажадаў шаноўным дзятлаўчанам бадзёрасці духу, моцнага здароўя і мірнага неба над галавой.






Удзельнікі мерапрыемства прымалі віншаванні і песні ад артыстаў Дзятлаўшчыны, удзельнічалі ў конкурсах, разам з вядучай Аленай Капковіч узгадвалі факты са свайго жыцця, звязаныя з навагоднімі святамі, дзяліліся добрым настроем і шчырымі эмоцыямі. Ад кіраўніцтва раёна і Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва кожны госць атрымаў памятныя падарункі.


Віншавальная эстафета прадоўжылася візітам у сацыяльны пансіянат “Колас”, дзе Вольга Сядзельнік разам з калегамі і Вадзімам Бяляткам паўдзельнічалі ў дабрачынным адкрыцці акцыі “Ад усёй душы”, у час якой Вольга Георгіеўна падзякавала за работу калектыву пансіяната, уручыла яе кіраўніку Ігару Ціхану падарунак – дзве тысячы рублёў на паляпшэнне матэрыяльнай базы. Для гасцей правялі экскурсію па ўстанове, у час якой прадэманстравалі, як шмат было адрамантавана і абноўлена ў Год добраўпарадкавання, паказалі вынікі працатэрапіі, якой займаюцца насельнікі пансіяната, і ўручылі сувеніры на памяць аб сустрэчы.

























Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА #ЧистоПоГродненски