Весела і ўрачыста з песнямі ад мінскай групы “Добрыя людзі”, шчырымі пажаданнямі і заслужанымі ўзнагародамі ў ААТ “Дварэц-Агра” 21 жніўня адсвяткавалі “Дажынкі” з сімвалічнай назвай “Зямля родзіць – хлебароб шануе!”.

Эпіцэнтрам урачыстай дзеі стала пляцоўка перад Дварэцкім домам культуры, дзе працаваў гандаль, дэгустацыю смачнай прадукцыі праводзіў Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, свае вырабы прадставіў мясцовы майстар па лозапляценні Сяргей Балыкоў.




Павіншаваць аграрыяў з галоўнай падзеяй сельскагаспадарчага года прыехалі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, генеральны дырэктар ААТ “Молочный Мир” Марына Анікеева, намеснік дырэктара Гродзенскага аграпрамсаюза Іван Алізаровіч, дырэктар Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” Андрэй Жыдко, старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч, святары мясцовых храмаў іерэй Сергій Антошкаў і ксёндз Дзмітрый Папянюк.




– Гаспадаркай атрыманы важкі каравай: агульны намалот разам з азімым рапсам склаў 14 000 тон (на 2000 тон больш, чым летась), – прывёў лічбы дырэктар ААТ “Дварэц-Агра Дзмітрый Дожын. – Валавы збор збожжавых і зернебабовых – 11,5 тысячы тон пры ўраджайнасці 46,8 цэнтнера з гектара, валавы збор азімага рапсу – 2379 тон пры ўраджайнасці 35,1 цэнтнера з гектара, што з’яўляецца абсалютным рэкордам для гаспадаркі. Гэтаму папярэднічала грунтоўная работа. Пачыналася яна з нашага з намеснікам дырэктара Дзянісам Тамкевічам планавання будучага ўборачнага канвеера. У сельгаспрадпрыемства дастаткова збожжаўборачнай тэхнікі, машын, аднак “вузкае месца” – збожжасушыльная гаспадарка: неабходна было падабраць культуры, сарты, гібрыды, доглядавыя аперацыі, каб работы правесці хутка. Гэта ўдалося, сёння ўсё высушана, складзена ў засекі. Вялася планамерная работа па давядзенні ўраджаю да патрэбнай якасці, каб атрымаць максімальны эканамічны вынік. Вырасцілі каля 600 тон піваваранага ячменю і скіравалі яго на “Белсолад”, практычна завершылі здачу дзяржзаказа пшаніцы на Беларускую біятэхналагічную карпарацыю, большая частка рапсу рэалізавана па максімальных цэнах Групе кампаній садружнасці. Цяпер пра людзей. Абсалютным лідарам на жніве-2026 на беларускім камбайне стаў Вячаслаў Кастусік, які намалаціў 3295 тон з 688 гектараў, другі вынік у Аляксандра Кастусіка – 3001 тона (ён яшчэ дапамагаў ТАА “РоданАграПол”), трэцяе месца заняў Сяргей Ляўкевіч – 2828 тон. Дзякую за працу Сяргею Радзюку за 2300 тон і дапамогу філіялу “АграМілк”, асобна хачу адзначыць запрошанага з ААТ “Новаяльнянскі КХП” Аляксандра Чувака, які стаў рапсавым тысячнікам. Сярод вадзіцеляў лепшы Дзмітрый Маліка, які перавёз 3120 тон, другі і трэці вынікі 2776 тон у Сяргея Лагуты і 2566 тон у Валяр’яна Жукоўскага. На асноўным збожжасушыльным комплексе КЗСВ-30 больш за 8 тысяч тон высушылі аператары Павел Глацько, Сяргей Сіневіч, Аляксандр Курашоў, Аляксандр Галай, а таксама жаночая частка калектыву – Ірына Лішык, Наталля Лагута. На другім комплексе, дзе дапрацоўвалі насенне, шчыравалі Аляксей Гародка, Аляксей Сачык, Арцём Семяновіч пад кіраўніцтвам Івана Ашмяна. Падводзячы вынік, шчыра дзякую ўсім, хто прымаў удзел у атрыманні ўраджаю, пачынаючы з сяўбы і доглядавых мерапрыемстваў да лагістыкі, усе малайцы!

Па традыцыі каравай новага ўраджаю кіраўніку сельгаспрадпрыемства з нагоды свята ўручыў яго намеснік Дзяніс Тамкевіч.




– “Дажынкі” – галоўнае свята хлебароба, прыемна на іх прысутнічаць, калі ёсць важкія намалоты, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі. – Плённым для Дзятлаўшчыны быў 2025 год, а сёлетні стаў яшчэ больш паспяховым, у тым ліку для вашай гаспадаркі. Памятаю, пяць гадоў таму на дварэцкія палеткі выходзілі 13 зношаных камбайнаў, цяпер усяго сем, і парк абноўлены практычна поўнасцю. На гэтай тэхніцы працуюць прафесіяналы, якім не хапіла плошчаў, нават дапамагалі іншым. Шэфскай арганізацыяй поўнасцю абнаўляецца тэхнічная база гаспадаркі, за што шчыры дзякуй Марыне Анікеевай. Вялікая падтрымка аграсектару краіны аказваецца з боку Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Разам з тым, вынікі залежаць ад працавітых людзей, якія з’яўляюца нашай галоўнай каштоўнасцю. Упэўнены, што нямала дасягненняў у вас наперадзе. Са святам, дабрабыту вам і новых перамог.

Кіраўнік раёна ўручыў дыпломы пераможцаў Аляксандру Кастусіку, Дзмітрыю Маліку, каштоўныя падарункі райвыканкама – Дзянісу Тамкевічу, Андрэю Спасюку, Валяр’яну Жукоўскаму, Васілю Жыху, Андрэю Ляўкевічу, Аляксандру Чуваку.







– Самыя галоўныя героі сёння – спецыялісты, якія закладвалі гэты ўраджай і збіралі яго, але звяртаюся і да іншых работнікаў гаспадаркі, – зазначыла Марына Анікеева. – Раслінаводства складае аснову жывёлагадоўлі, што дасць нам наступны фінансавы прырост. Сёлета атрыманы цудоўны вынік, і я ўпэўнена, што гэтыя палеткі могуць яшчэ больш. Ведаю, што раготнаўская зямля раней выкарыстоўвалася для важкіх ураджаяў агародніны. У нас усё наперадзе. Каб вы спакойна прыходзілі на работу і сваімі стараннямі дабіваліся большага, патрэбны грашовы і тэхнічны дабрабыт. Для аблягчэння працы ў гаспадарцы я ўручаю падарачны сертыфікат на набыццё бульбасартавальнага комплекса і грашовы – на будаўніцтва траншэі для кармоў, а таксама прадуктовы набор для частавання ад ААТ “Молочный Мир”. Дзякую за падтрымку Андрэю Садоўскаму і спадзяюся на далейшае супрацоўніцтва.



Віншавальную эстафету перанялі Іван Алізаровіч, Кацярына Хілімончык, Уладзімір Казак. Моладзевы лідар уручыла падарункі маладым работнікам Аляксею Гародка, Аляксею Сачыку, Арцёму Семяновічу. Кіраўнік раённай галіновай прафсаюзнай арганізацыі – Аляксандру Сямашку, Паўлу Глацько, Людміле Мазура.







Самую працяглую цырымонію ўзнагароджання правёў дырэктар ААТ “Дварэц-Агра” Дзмітрый Дожын. Заслужаныя ўзнагароды ад яго атрымалі Вячаслаў Кастусік, Аляксандр Кастусік, Сяргей Ляўкевіч, Дзмітрый Маліка, Сяргей Лагута, Валяр’ян Жукоўскі, Аляксандр Чувак, Аляксандр Журскі, Анатоль Апанасік, Сяргей Сямашка, Наталля Лагута, Ірына Лішык, Іван Ашмян.














У агульным караваі раёна дастойны ўклад кожнага працаўніка, а таму лепшыя спецыялісты гаспадарак яшчэ пачуюць словы падзякі і атрымаюць узнагароды на раённым свяце “Дажынкі-2026”, якое пройдзе ў Дзятлаве 29 жніўня.








Ірына СТЫРНІК
Фота Наталлі АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины