Два гады дзятлаўчане з нецярпеннем чакалі адзін з самых пяшчотных, вытанчаных і грацыёзных конкурсаў, які ладзіцца ў рамках моладзевага праекта “Тваё лета-2026” у горадзе Дзятлаве. На адкрытай пляцоўцы раённага  Цэнтра культуры і народнай творчасці прыгажуні нашага раёна прадставілі сябе і пазмагаліся за перамогу ў “Марафоне нявест”.

Сёлета ўдзел у конкурсе прынялі 11 дзяўчат – работніцы разлікова-касавага цэнтра № 22 у горадзе Дзятлаве ААТ “Белаграпрамбанк”,  Дзятлаўскай ЦРБ, СГФ “АграМілк”, Новаяльнянскага КХП, Дзятлаўскага лясгаса, дзіцячага сада № 2, сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, а таксама канкурсанткі з Баранавічаў і Мінска.

Першы конкурс “Вясельнае дэфіле” даў магчымасць гледачам і журы пазнаёміцца з удзельніцамі, ацаніць іх грацыю, артыстызм і арыгінальнасць вобраза. У каго самы доўгі вэлюм, журы вызначала ў другім выпрабаванні. Інтрыгуючым і складаным быў забег нявест, дзе канкурсанткі паказалі сваю спартыўную падрыхтоўку. Фіналам праграмы стаў конкурс, які нарадзіўся з рэальнай вясельнай традыцыі – кіданне букетаў.

Добры настрой і высокі градус шоу падтрымлівалі музычныя кампазіцыі ў выкананні прафесійных і самадзейных артыстаў Дзятлаўшчыны.

На памяць аб конкурсе кожная нявеста была адзначала дыпломам удзельніцы і сувенірам.

Журы вызначыла самых яркіх і таленавітых прыгажунь, прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: дыплом пераможцы атрымала Марыя Сярэдзіна, якая прадстаўляла Дзятлаўскую ЦРБ, крыху не хапіла да перамогі ўладальніцы другога месца Алене Слясарчык з Новаяльнянскага КХП. Завяршыла тройку лідараў канкурсантка ад разлікова-касавага цэнтра № 22 у горадзе Дзятлаве ААТ “Белаграпрамбанк” Ганна Губко, якая атрымала дыплом трэцяй ступені.

Святочная праграма прадоўжылася песнямі, танцамі і яркім фестывалем фарбаў. На працягу капусніка “Тваё лета” працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі “Сілачы”, адбыўся забег паўзункоў і зумба-дзвіж. Дзяцей чакалі гандлёвыя кропкі з прысмакамі і надзіманыя горкі, аква-грым ад Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Нявесты падзяліліся ўражаннямі ад конкурсу.

Таццяна Раманцэвіч, дзіцячы сад № 2 горада Дзятлава:

– Сама я родам з Ліды, але цяпер жыву ў Дзятлаве, куды прыехала па размеркаванні працаваць выхавальнікам. Нядаўна я даведалася, што ў горадзе рыхтуецца такое яркае свята, і ў мяне загарэліся вочы. Вось ён: рэальны шанц заявіць аб сабе, уліцца ў культурнае жыццё горада, пазнаёміцца з людзьмі. Вясельная сукенка – гэта асаблівы ўбор, які многія дзяўчаты надзяваюць толькі аднойчы ў жыцці, а “Марафон нявест” – не проста конкурс, а сапраўдны маніфест жаноцкасці і прыгажосці. Марафон падарыў мне неверагодную атмасферу і падтрымку гледачоў, атрымала магутны зарад пазітыву і веру, а наш выхад стаў яркім упрыгажэннем свята ў Дзятлаве. Сваім выступленнем будзем натхнілі ўсіх навокал.

Алена Слясарчык, Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў:

– Пра “Марафон нявест” даведалася з сацыяльных сетак: гартаючы ленту Інстаграм, убачыла пост газеты “Перамога” і падумала, можа і мне паўдзельнічаць? Аднак усё ж сумнявалася. Тым самым знакам стала запрашэнне да ўдзелу, якое прыйшло на адрас арганізацыі, і я вырашыла: буду ўдзельнічаць у “Марафоне нявест”! На рабоце адразу арганізавалася група падтрымкі. Я пакуль не замужам, і мне, як і іншым дзяўчатам, хацелася надзець вясельную сукенку. Падрыхтоўка да конкурсу ішла вельмі цікава: мы пазнаёміліся з дзяўчатамі, шмат смяяліся, даведваліся для сябе нешта новае. Дзякуй арганізатарам марафона за магчымасць адчуць сябе нявестай і перажыць незабыўныя эмоцыі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

Похожие публикации