Абмеркавалі тры пытанні: выкананне патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1, прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця і праект бюджэту на 2024 год.
За паказчыкамі і лічбамі – людзі
– Намаганні мясцовай улады, кіраўнікоў і калектываў арганізацый накіраваны на забеспячэнне бяспекі, аднак, калі няшчасныя выпадкі адбываюцца, значыць, кожны адказны спецыяліст, кожны работнік на сваім месцы можа выконваць сваю работу лепш, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі пры абмеркаванні першага пытання пасяджэння па рэалізацыі ў Дзятлаўскім раёне патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 г. № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.
Пажары: забіваюць алкаголь, курэнне і абыякавасць
За 11 месяцаў 2023 года на тэрыторыі раёна адбылося 23 пажары, сярод іх 2 – на сельскагаспадарчых аб’ектах і адзін пажар транспартнага сродку прадпрыемства.
Людзі загінулі ў Жукоўшчынскім (3) і Дзятлаўскім (1) сельсаветах.
За азначаны перыяд рамонт пячнога ацяплення выкананы ў 57 домаўладаннях грамадзян, якія маюць патрэбу ў дадатковай сацыяльнай абароне, электраправодкі – у 17, устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ў 131 домаўладанні. За кошт сродкаў мясцовага бюджэту, прадпрыемстваў і прыцягнення іншых крыніц устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі з вывадам сігналу на знешнюю святлогукавую прыладу ў домаўладаннях 32 грамадзян ва ўзросце 80 гадоў і старэйшых і ў домаўладаннях 17 сем’яў, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Па выніках абследаванняў домаўладанняў Дзятлаўскім РАНС накіравана 218 інфармацый зацікаўленым суб’ектам прафілактыкі для прыняцця мераў рэагавання, а таксама 204 лісты працаздольным дзецям для аказання неабходнай дапамогі пажылым бацькам.
Вытворчы траўматызм
У 2023 годзе ў арганізацыях раёна звольнена за прагулы і іншыя парушэнні працоўнай дысцыпліны 49 чалавек, за знаходжанне на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення – 12.
Мабільная група райвыканкама па аказанні практычнай і метадычнай дапамогі ў забеспячэнні выканання заканадаўства аб ахове працы 84 разы наведвала арганізацыі і прадпрыемствы раёна, выяўлена 729 парушэнняў. Парушэнні ўхіляюцца ва ўстаноўленыя тэрміны.
У 2023 годзе на Дзятлаўшчыне зарэгістраваны два выпадкі вытворчага траўматызму са смяротным зыходам і адзін з цяжкім зыходам.
Дарогі. Барацьба з п’янствам
У параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года колькасць уліковых дарожна-транспартных здарэнняў скарацілася з 9 да 8, было менш пацярпелых у іх людзей, загінулых няма.
У адным дарожна-транспартным здарэнні пацярпела дзіця, якое парушыла правілы дарожнага руху.
За неналежнае ўтрыманне праезнай часткі дарог і вуліц да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 50 службовых асобаў дарожных і камунальных арганізацый раёна; за кіраванне транспартнымі сродкамі з тэхнічнымі няспраўнасцямі або з умовамі, пры якіх эксплуатацыя іх забаронена, – 88 вадзіцеляў прадпрыемстваў і арганізацый. Прыняты меры адміністрацыйнага ўздзеяння ў дачыненні да 86 службовых асобаў, якія дапусцілі да эксплуатацыі такія транспартныя сродкі.
За 11 месяцаў 2023 года ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі ізалявана 29 дзятлаўчан, у тым ліку 12 – якія маюць судзімасць.
З незаконнага абароту канфіскавана 234,5 літра алкаголю.
Бяспека на вадзе
У сферы арганізацыі прафілактычнай і растлумачальнай работы сярод насельніцтва па папярэджанні няшчасных выпадкаў на вадзе ў працоўных калектывах, установах адукацыі раёна створана 56 пярвічных арганізацый, у якіх налічваецца 1954 члены АСВОД.
Заняткі па навучанні плаванню школьнікаў летам праходзяць на пляжы ў Дзятлаве, а ў ацяпляльны сезон выкарыстоўваюцца магчымасці басейна ў Навагрудку. На працягу года праведзены шэраг дадатковых прафілактычных мер з мэтай недапушчэння гібелі на водных аб’ектах і папулярызацыі спорту: забяспечана ўстаноўка вулічнага асвятлення на пляжы ў райцэнтры; электрыфікацыя выратавальнага паста АСВОД, усталяваны душ, альтанка для адпачынку грамадзян, дзве распранальні і дзве арэлі.
Аднак, нягледзячы на работу, якая праводзіцца, у 2023 годзе на тэрыторыі раёна адбылося 2 выпадкі ўтаплення.
****
На пасяджэнні былі заслуханы кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, у якіх у 2023 годзе былі выяўлены недахопы па арганізацыі бяспечных умоваў працы; члены раённых камісій, якія адказваюць за кантроль і стварэнне спрыяльных умоваў для пражывання людзей.
****
Што датычыцца прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, на пасяджэнні было адзначана, што галоўнай мэтай развіцця Дзятлаўшчыны ў 2024 годзе з’яўляецца рост канкурэнтаздольнасці эканомікі на аснове эфектыўнага выкарыстання мясцовага рэсурснага патэнцыялу і канкурэнтных перавагаў для павышэння якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва. Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў, у працэнтах да 2023 года, прагназуецца на ўзроўні 103,5 %; вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сельскагаспадарчых арганізацыях – 107,1 %; рознічны тавараабарот гандлю праз усе каналы рэалізацыі – 104,3 %.
Бюджэт раёна ў наступным годзе будзе мець сацыяльную скіраванасць. Асноўная частка сродкаў (75 %) пойдзе на адукацыю, ахову здароўя і ЖКГ.
Вывучыўшы прадстаўленыя справаздачы і ўдакладніўшы ўсе пытанні, якія цікавілі, дэпутаты аднагалосна прагаласавалі за зацвярджэнне праектаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і раённага бюджэту на 2024 год.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga