29 снежня было адзначана прыемнай падзеяй для Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы: яшчэ адзін новы аўтамабіль хуткай дапамогі, набыты за сродкі рэспубліканскага бюджэту, папоўніў аўтапарк установы.
Павіншаваць людзей ў белых халатах з прыемным падарункам і ўрачыста перадаць ключы ад новай машыны прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вадзім Бялятка і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова.
Медыцына – адзін з прыярытэтных напрамкаў развіцця Дзятлаўскага раёна і нашай рэспублікі. Штогод раённае кіраўніцтва робіць сур’ёзны ўклад у развіццё мясцовай сістэмы аховы здароўя і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы за кошт мадэрнізацыі, правядзення капрамонтаў, набыцця спецабсталявання і аўтатранспарту. У 2023 годзе неаднаразова выдзяляліся дадатковыя асігнаванні на бягучыя рамонты будынкаў і збудаванняў, у тым ліку хірургічнага аддзялення, замену вокнаў бальніцы сястрынскага догляду, рамонты ФАПаў.
– Напярэдадні навагодніх святаў асабліва прыемна дарыць падарункі, таму я рады выканаць гэту пачэсную місію, – адзначыў Вадзім Бялятка. – Работа ў аддзяленні хуткай дапамогі вельмі няпростая: гэта бяссонныя ночы, цяжкія выезды, складаныя пацыенты. Дзякуй вам за гэту гуманную справу. Кіраўніцтва нашага раёна ў сваю чаргу надае вельмі вялікую ўвагу ўстановам аховы здароўя, цяпер, напрыклад, рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя для будучага капітальнага рамонту Новаяльнянскай гарпасялковай бальніцы. Мяркую, прадоўжыць абнаўляцца і транспартны парк. Поспехаў вам у рабоце і ўсяго найлепшага ў новым годзе.
Вадзім Бялятка ўручыў загадчыку аддзялення хуткай дапамогі Міхаілу Сільвановічу ключы ад новай машыны, а ён перадаў іх вадзіцелю – Валерыю Чыжыку.
– Жадаю “зялёнага святла” не толькі на рабоце, але і ў жыцці, каб усё ўдавалася. Здароўя вам і вашым сем’ям, дзякуй за цяжкую і стрэсавую работу. Няхай яна прыносіць задавальненне, – павіншавала калектыў намеснік галоўнага доктара па медыцынскай часці Алена Якубоўская.
Медыкі, аглядаючы новы транспартны сродак, адзначылі яго “важкія плюсы” – вакуумную шыну для цяжкіх траўмаў і эвакуацыйнае крэсла, якія значна аблягчаюць транспарціроўку хворых.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga