На Дзятлаўшчыне з 10 лютага па 10 чэрвеня праходзіць раённая PR-акцыя “Дзіцячы свет без жорсткасці і гвалту”.

На што скіравана гэта прафілактычнае мерапрыемства і якую важную праблему ўздымае, расказала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Кацярына Ляўкевіч:

– Наш цэнтр, пачынаючы з 2023 года, сумесна з установамі адукацыі Дзятлаўскага раёна праводзіць мерапрыемствы, скіраваныя на прыцягненне ўвагі насельніцтва і ўсіх зацікаўленых бакоў да праблемы гвалту, жорсткага абыходжання з дзецьмі.  

Пра гэта ў краіне сказана і напісана шмат, аднак праблема не толькі не знікла, але і набыла яшчэ большую актуальнасць у апошнія дзесяцігоддзі. Калі гаворка ідзе пра жорсткасць і гвалт, самай уразлівай катэгорыяй з’яўляюцца дзеці. Асаблівую вастрыню пытанне набывае, калі пагроза зыходзіць ад самых блізкіх людзей – бацькоў, старэйшых братоў і сёстраў, бабуляў, дзядуляў.

Шкоду дзіцяці нанесці проста. “Палягчае” распаўсюджванне жорткасці ў адносінах да непаўналетніх недасведчанасць бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, аб тым, якія меры ўздзеяння на дзіця недапусцімыя, іх неразуменне, што не кожнае пакаранне ідзе малому на карысць. Немалаважнае значэнне мае і нізкая прававая культура, недастатковае веданне заканадаўчых нормаў, якія абараняюць правы дзіцяці і гарантуюць пакаранне для асоб, якія ўчынілі гвалт.  

Раней цяжка было сабе ўявіць, што гвалт і жорсткасць набудуць сацыяльны характар, і дзеці не змогуць адчуваць сябе ў бяспецы ні дома, ні па дарозе ў школу, ні ў час прагулак. Сёння дарослым неабходна вучыць сваіх сыноў і дачок базавым правілам абароны ўласных межаў чалавека, уменню казаць “не”. Для гэтага найперш трэба пабудаваць з непаўналетнімі даверлівыя адносіны. У размовах цікавіцца не толькі вучэбнымі дасягненнямі, але і ўзаемаадносінамі з равеснікамі, іншымі дарослымі. Надзвычай важна своечасова заўважыць, пра што маўчыць дзіця.

Напрыканцы хачу заклікаць нашых землякоў не заставацца раўнадушнымі да чужой бяды. Калі вы становіцеся ахвярай або сведкам сямейнага гвалту, не чакайце трагедыі – звяртайцеся па дапамогу. Вырашыць гэту праблему магчыма толькі пры арганізацыі сур’ёзнай, мэтанакіраванай, сістэмнай работы ўсіх зацікаўленых асоб, якія займаюцца абаронай правоў дзяцей.  

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации