У рамках сацыяльна-культурнага праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” удзельнікі творчага калектыву сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці разам са старшынёй Вензавецкага сельвыканкама павіншавалі загадчыцу Вензавецкага ФАПа Валянціну Лябецкую з 75-годдзем. Гэта ветлівая, добразычлівая жанчына, нягледзячы на свой узрост, усё яшчэ працуе, аказвае медыцынскія паслугі насельніцтву. Юбілярка шчыра парадавалася віншаванням, падарункам і добрым песням.

Валянціна Мікалаеўна нарадзілася ў вёсцы Лявонавічы. Сям’я была моцнай і дружнай, цёплыя адносіны з сястрой Ларысай засталіся на ўсё жыццё. Дзяўчынка з дзяцінства марыла стаць медыкам, таму пасля заканчэння школы паступіла ў Слонімскае медыцынскае вучылішча. На першае працоўнае месца па накіраванні Валянціна паехала працаваць у Ашмянскі раён. Менавіта там яна пазнаёмілася і выйшла замуж за ўраджэнца Дзятлаўскага раёна з вёскі Савічы Леаніда Лябецкага. У 1971 годзе маладая сям’я вярнулася ў Дзятлаўскі раён. Пасля нараджэння дзяцей – сына Сяргея і дачкі Наталлі – Валянціна Мікалаеўна працягнула сваю працоўную дзейнасць на ФАПах у вёсках Малдавічы, Гернікі, Міроўшчына і ўжо шмат гадоў працуе на Вензавецкім ФАПе загадчыцай.
– Гэта адзін з самых паважаных людзей у Вензавецкім сельсавеце. Ноччу і днём Валянціна Мікалаеўна гатовая аказаць любому чалавеку медыцынскую дапамогу. І як прафесіянал, і як чалавек яна заслугоўвае толькі павагі, слоў захаплення і падзякі. Я ведаю Валянціну Мікалаеўну даўно і заўсёды захапляўся яе прафесіяналізмам, высокімі маральна-этычнымі якасцямі. Ад імя ўсіх жыхароў Вензавецкага сельсавета жадаю нашай дарагой Валянціне Іванаўне моцнага здароўя, дабрабыту і як мага даўжэй быць разам з намі, быць у страі, – так з павагай аб юбілярцы адклікаецца старшыня сельвыканкама Алег Шымко.

– Вельмі люблю сваю працу. Мой медыцынскі стаж склаў ужо 53 гады. Працую, пакуль магу. У клопатах і старэць няма калі. А гэтыя гады праляцелі як адно імгненне, таму што побач заўсёды былі добрыя людзі і Бог. Я багаты чалавек. Усё маё багацце – гэта мае дзеці, чацвёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў. Дзякуй лёсу за гэта.
Хачу адзначыць, што вельмі важна знайсці сваю нішу ў жыцці, я маю на ўвазе прафесію. Калі чалавек на сваім месцы, то ён з задавальненнем ходзіць на працу, больш прадуктыўна там сябе праяўляе. Ад добрага спецыяліста і яму, і дзяржаве толькі карысць. Жадаю кожнаму знайсці любімую справу, а таксама бадзёрасці духу ўсім, аптымізму, дабрабыту, заўсёды добрага настрою і міру ва ўсім свеце, – такія шчырыя павучальныя словы пачулі напрыканцы сустрэчы з Валянцінай Лябецкай – выдатнай жанчынай, прафесіяналам, чалавекам мудрым, з вялікім жыццёвым вопытам. Няхай усе пажаданні спраўдзяцца.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga