З 1 студзеня 2025 года ўступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2024 года № 1055.
Раней прынятыя рашэнні падлягаюць перагляду на працягу шасці месяцаў.
Як цяпер працуе камісія па справах непаўналетніх райвыканкама, расказала намеснік старшыні камісіі Святлана Залучан.
– Страціў сілу Дэкрэт Прэзідэнта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у ненадзейных сем’ях”. Новым нарматыўным актам зацверджаны парадак прызнання камісіямі па справах непаўналетніх рай- і гарвыканкамаў дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы і маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, а таксама ўстаноўлены крытэрыі і паказчыкі такога становішча. Першы з такіх паказчыкаў, калі не задавальняюцца асноўныя жыццёвыя патрэбы дзіцяці. Маецца на ўвазе, што бацькі дапускаюць сістэматычную адсутнасць ежы, жылыя памяшканні ўяўляюць пагрозу жыццю і бяспецы з-за парушэння супрацьпажарных патрабаванняў, дарослыя сістэматычна не выконваюць рэкамендацыі медыцынскіх работнікаў па прафілактыцы, дыягностыцы і лячэнні дзяцей, перашкаджаюць атрыманню непаўналетнімі абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі, на працягу аднаго месяца з дня рэгістрацыі нараджэння або з дня пераезду на новае месца жыхарства так і не ажыццявілі рэгістрацыю дзяцей або выяўлены факты, якія пацвярджаюць, што бацькі не кантралююць паводзіны і месца знаходжання дзіцяці і яно самавольна сыходзіць з дому, бадзяжнічае, учыняе самапашкоджанні ці атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні, абодва бацькі ці адзін з іх, калі другога няма, на працягу больш за тры месяцы не працуюць. Пералічаныя фактары могуць прысутнічаць у сукупнасці ці паасобку.
Другі вылучаны заканадаўствам крытэрый, калі бацькамі не забяспечваецца нагляд за паводзінамі непаўналетніх, іх ладам жыцця, і яны ўчыняюць дзеянні, якія ўтрымліваюць прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння або злачынства. А дакладней: у адносінах да бацькоў дзіцяці два і больш разоў на працягу года былі ўстаноўлены факты прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, вызвалення ад яе за неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў, а таксама калі ў адносінах да бацькоў непаўналетняга ў рамках адміністрацыйнага або крымінальнага працэсу ўстаноўлены факты, якія пацвярджаюць, што яны не кантралююць паводзіны і месца знаходжання дзіцяці, з-за чаго яно ўчыніла правапарушэнне і ў адносінах да яго пачата індывідуальная прафілактычная работа.
Трэці крытэрый, на жаль, таксама даволі распаўсюджаны для нашага раёна. Калі бацькі, іншыя асобы, якія ўдзельнічаюць у выхаванні і ўтрыманні дзяцей, вядуць амаральны лад жыцця і аказваюць шкоднае ўздзеянне на непаўналетніх, злоўжываюць сваімі правамі, жорстка абыходзяцца з сынамі і дочкамі, што ўяўляе небяспеку для жыцця і здароўя малых. Актуальна гэта і калі ўстаноўлены факты прыцягнення дарослых да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, вызвалення ад яе, адзначаюцца факты ўжывання імі псіхаактыўных рэчываў, алкаголю, у выніку чаго да бацькоў выкарыстоўваліся прафілактычныя меры ўздзеяння або ўстаноўлены выпадкі іх жорсткага абыходжання з дзецьмі, фізічнага, сексуальнага, псіхалагічнага гвалту, а таксама калі ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення дарослыя ўчынілі злачынства ў сферы хатняга гвалту, устаноўлены выпадкі ўхілення ад дыспансернага назірання, якое ажыццяўляецца ў сувязі з наяўнасцю хранічнага або працяглага псіхічнага расстройства ці праяўляецца сіндром залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў.
– Як павінны дзейнічаць службы прафілактыкі?
– Пры выяўленні неспрыяльнай для дзяцей абстаноўкі мясцовыя арганізацыі неадкладна пісьмова інфармуюць аб гэтым аддзел адукацыі па месцы жыхарства сям’і. Не пазней за адзін рабочы дзень, які ідзе за днём паступлення інфармацыі, аддзел накіроўвае гэтыя звесткі ва ўстанову адукацыі, дзе вучацца ці выхоўваюцца такія дзеці або дзіця. Калі малое яшчэ не наведвае ўстанову адукацыі, то звесткі высылаюць у сацыяльна-педагагічны цэнтр па месцы жыхарства сям’і. Кіраўніком установы, якая атрымала гэта паведамленне, на працягу аднаго працоўнага дня, які ідзе за днём атрымання інфармацыі, прымаецца рашэнне аб правядзенні сацыяльнага расследавання і саставе камісіі. Праводзіцца такое расследаванне ў тэрмін, які не перавышае 15 працоўных дзён. На падставе акта абследавання ўмоў жыцця і выхавання дзіцяці ажыццяўляецца аналіз наяўнасці ў сям’і крытэрыяў і паказчыкаў сацыяльна небяспечнага становішча, пра якія мы ўжо гаварылі раней, і рыхтуецца абагульненая інфармацыя вынікаў сацрасследавання для разгляду на пасяджэнні савета прафілактыкі ўстановы, які прымае рашэнне аб далейшым алгарытме работы: хадайнічаць у камісію па справах непаўналетніх райвыканкама або рэкамендаваць бацькам звярнуцца да спецыялістаў па дапамогу для ўхілення цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Калі пацверджаны крытэрыі сямейнага недабрабыту і інфармацыя паступіла ў камісію па справах непаўналетніх райвыканкама, то аб даце і часе правядзення пасяджання ў абавязковым парадку ў пісьмовай або электроннай форме паведамляецца бацькам.
Па выніках разгляду матэрыялаў камісія можа прыняць адно з наступных рашэнняў: аб прызнанні крытэрыяў і паказчыкаў сацыяльна ненадзейнага становішча дзяцей і тэрміне іх ухілення з вызначэннем адпаведных мерапрыемстваў або адмове ў прызнанні наяўнасці крытэрыяў сямейнага недабрабыту з пазначэннем прычын і рэкамендацыямі ўстанове адукацыі па далейшай рабоце з сям’ёй.
Калі па рашэнні камісіі сям’я трапляе на ўлік як ненадзейная, то пачынаюць рэалізоўвацца мерапрыемствы па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія ў ёй гадуюцца, бо менавіта ў адносінах да іх адбываецца прызнанне ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Рэалізацыю мерапрыемстваў па ўхіленні крытэрыяў і паказчыкаў сацыяльнага недабрабыту, выкананне плана, сацыяльнае суправаджэнне сям’і забяспечваюць службы прафілактыкі з перыядычным разглядам вынікаў па пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga