Прырода Беларусі – гэта багацце не аднаго пакалення. Каб выхаваць у нас, школьнікаў, беражлівыя адносіны да ляснога фонду і прыроды роднага краю, пашырыць і паглыбіць веды ў галіне экалогіі, аховы прыроды, у нашай школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы каля двух гадоў функцыянуе школьнае лясніцтва “ЛесКам+”. “Лескамаўцы” актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах і акцыях, праводзяць сустрэчы з малодшымі школьнікамі, аднагодкамі, расказваюць ім пра сваю дзейнасць, як важна працаваць у камандзе, рабіць агульную і патрэбную справу, знаёмяць з роднай прыродай, мерамі па яе абароне, дзейнасцю спецыялістаў лясной гаспадаркі.


У перыяд правядзення акцый “Дай лесу новае жыццё!”, “Лес! Дабро! Парадак!” члены школьнага лясніцтва і навучэнцы 7-9 класаў удзельнічалі ва ўладкаванні экалагічнай сцежкі на базе Рудаяварскага лясніцтва, ачысцілі ад смецця ўчасткі ляснога масіву Вензавецкага лясніцтва. Сумесна з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Дзятлаўскага лясгаса Аляксеем Урбановічам, галоўным ляснічым Канстанцінам Дзісько і памочнікам ляснічага Вензавецкага лясніцтва Юліяй Лабковай для навучэнцаў 7 класа праведзены экскурсіі па экалагічнай сцежцы Вензавецкага лясніцтва, дзе яны азнаёміліся з асаблівасцямі лясных экасістэм, прызначэннем дэндрапаркаў, метадамі выяўлення і барацьбы са шкоднікамі, прафілактыкі пажараў у лесе. Спецыялісты Дзятлаўскага лясгаса ў час экскурсіі расказалі аб асаблівасцях дзейнасці лясной галіны, вытворчасці, якая наладжана ў гаспадарцы, аб выкарыстанні драўніны і пелет з яе, экспарце вырабленай прадукцыі.

Многія сямікласнікі выказалі жаданне таксама стаць “лескамаўцамі” і працаваць на карысць Дзятлаўшчыны, а, значыць, для будучыні роднай Беларусі.
Ганна ЛАЎРЭНЦЬЕВА,
юны журналіст газеты “Перамога”, навучэнка 9 “Б” класа, член школьнага лясніцтва “ЛесКам+” сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава імя А. М. Чурылы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #образование