Захаванасць маёмасці мае надзвычай важнае значэнне як для людзей, так і для арганізацый усіх формаў уласнасці.
Як забяспечыць яе надзейна, прафесійна, гарантавана, расказаў начальнік Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Дзяніс Грынцэвіч:

– Што такое ахоўная сігналізацыя? Гэта комплекс тэхнічных прылад і адчувальных датчыкаў, якія спрацоўваюць пры несанкцыянаваным пранікненні. Яе галоўны элемент – прыёмна-кантрольны прыбор (ПКП), які забяспечвае кантроль стану датчыкаў, індыкацыю рэжымаў працы абсталявання і фарміраванне трывожных паведамленняў. Датчыкі маментальна спрацоўваюць пры з’яўленні аб’екта ў зоне аховы. Яны бываюць розных тыпаў: рэагуюць на рух, разбіванне шкла, а таксама мікрахвалевыя, магнітна-кантактныя, інфрачырвоныя (з вуглом ахопу да 180 градусаў і зонай рэагавання ў 10-26 метраў). ПКП звычайна падключаецца да электрасеткі, але пры аварыйным адключэнні электрычнасці да 24 гадзін можа працаваць аўтаномна на акумулятарнай батарэі.
Акрамя ахоўнай сігналізацыі, ёсць магчымасць устанавіць кнопку трывожнай сігналізацыі, як стацыянарную, так і радыёбірулькі, якія можна насіць з сабой, з радыусам дзеяння да кіламетра. Яны дапамогуць падаць трывожны сігнал на пульт цэнтральнага назірання ў выпадку, калі чалавеку пагражае фізічны гвалт ці іншыя супрацьпраўныя дзеянні або ёсць рызыка для асабістай і маёмаснай бяспекі. Падключэнне такой трывожнай сігналізацыі да пульта цэнтралізаванага назірання падраздзялення Дэпартамента аховы дазваляе ў выпадку любой неспадзяванай сітуацыі прымаць аператыўныя меры рэагавання. Пры спрацоўванні датчыкаў трывожны сігнал па сродках электроннага модуля з GSM-адаптара маментальна паступае на пульт і да адрасата адразу ж выбываюць супрацоўнікі групы затрымання. Сігналізацыя гарантуе абарону ад крадзяжоў і несанкцыянаваных пранікненняў на ахоўны аб’ект.
Ахоўны комплекс – гэта яшчэ і эфектыўнае рашэнне для абароны офісных або вытворчых памяшканняў, бо ён дае магчымасць істотна эканоміць сродкі за кошт адмовы ад вартавой аховы.
Калі ёсць неабходнасць устаноўкі трывожнай сігналізацыі, звяртацца трэба ў Дзятлаўскі аддзел Дэпартамента аховы. Нашы спецыялісты выканаюць шырокі спектр работ: ад праектавання сістэмы да яе мантажу, пуска-наладкі, далейшага сэрвіснага абслугоўвання, ажыццявяць устаноўку і падключэнне сістэм відэаназірання. Супрацоўнікамі аддзела не дапушчана крадзяжоў з ахоўных аб’ектаў, што сведчыць аб высокай эфектыўнасці і мэтазгоднасці выкарыстання ахоўных паслуг.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga