Падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Дарогамі воінскай славы”, які стартаваў у чэрвені мінулага года і праходзіць у рамках рэспубліканскай героіка-патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе – 80”. Конкурс прысвечаны дзвюм юбілейным датам: 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Удзел у абласным этапе прымалі 60 творчых праектаў.

Лаўрэатам першай ступені ўзроставай катэгорыі 10-14 гадоў стала дзевяцікласніца гімназіі № 1 горада Дзятлава Ксенія Золатава (кіраўнік Алена Радомская).

У конкурсе дзве намінацыі: “Зорны паход” і “Дарогай памяці ідзём”. Навучэнцы распрацоўвалі маршрут турыстычнага пахода, які ўключае не менш за чатыры тэматычныя аб’екты, што знаходзяцца ў родным раёне, горадзе ці тэрытарыяльна набліжаны да іх. У гістарычных і іншых крыніцах канкурсанты вывучалі інфармацыю аб гэтых аб’ектах, аналізавалі ўжо існуючыя экскурсійныя маршруты ваенна-патрыятычнай скіраванасці, якія ёсць у раёне. У выніку імі былі распрацаваны праекты новых маршрутаў і справаздачы аб удзеле ў турыстычных паходах выхаднога дня па аб’ектах, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. 

Ксенія Золатава з праектам “Генацыд беларускага народа. Дзятлаўшчына – месцы памяці” стала пераможцай намінацыі “Дарогай памяці ідзём”

– Распрацавана пешая экскурсія для навучэнцаў 5-11 класаў, якая дапамагае больш даведацца аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны на Дзятлаўшчыне і такіх страшных з’явах, як Генацыд і Халакост, – расказалі гімназістка і яе кіраўнік Алена Радомская. – У маршрут увайшлі такія месцы памяці нашага раёна, як урочышча Цагельня, дзе знаходзіцца мемарыял спаленым жывымі 303 землякам-вязням дзятлаўскай турмы з ліку партызан і тых, хто падтрымліваў з імі сувязь; брацкая магіла ў кірунку вёскі Курпешы, дзе пахаваны 2,5 тысячы прадстаўнікоў дзятлаўскай яўрэйскай абшчыны, расстраляныя 30 красавіка 1942 года; месца прымусовага ўтрымання палонных ва ўрочышчы Жыбартаўшчына, дзе ў 1943 годзе размяшчаўся канцлагер для партызан, іх сем’яў і жыхароў, якіх падазравалі ў садзейнічанні партызанскаму руху; манумент “Дзеці ліхалецця” на могілках горада Дзятлава, дзе пахаваны 76 выхаванцаў дзіцячага прытулка з розных куткоў Савецкага Саюза, іх выхавальніца Валянціна Кэп і адпачывальнікі міжнароднага піянерскага лагера “Наваельня”; брацкая магіла на старых яўрэйскіх могілках райцэнтра – месца, дзе 6 жніўня 1942 года  забіты яшчэ дзве тысячы прадстаўнікоў дзятлаўскай яўрэйскай абшчыны, а побач – магіла партызанскага доктара Ёскеля Атласа, астанкі якога перапахавалі ў 2006 годзе, а раней яны знаходзіліся ў Ліпічанскай пушчы. Паблізу магіла яшчэ 56 ахвяраў Дварэцкага гета, якіх знайшлі ў Дварцы ў 2010 годзе ў час будаўнічых работ: яны былі забіты фашыстамі ў 1943 годзе.

Гімназісты не толькі добра ведаюць і перыядычна наведваюць гэтыя памятныя мясціны, але і робяць усё магчымае, каб захаваць аб іх гістарычную памяць. Ва ўстанове функцыянуе музей “Гісторыя і культура народаў Дзятлаўшчыны”, створаны відэаролік “Лічбы на сэрцы”, аб’екты маршруту прэзентаваны на канферэнцыі Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс”. Педагогі і навучэнцы ўстановы ўдзельнічалі ў міжнародным конкурсе “Ахвяры нацызму і месцы знішчэння ў Беларусі”, таксама 6 жніўня, у дзень канчатковай расправы над яўрэйскай абшчынай у Дзятлаве, арганізоўвалася тэматычная міжнародная анлайн-канферэнцыя, падтрымліваецца супрацоўніцтва з рэспубліканскай прэсай.

Ірына СТЫРНІК

Фота прадастаўлена гімназіяй

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#награда #нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина #образование 

Похожие публикации