У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў святочны канцэрт-шанаванне, прысвечаны надыходзячаму Дню медыцынскіх работнікаў.

Павіншаваць прафесіяналаў з вялікім сэрцам прыйшлі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый-партнёраў, духавенства.

Цёплыя словы віншавання ў адрас медыцынскіх работнікаў Дзятлаўшчыны выказаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Дзень медыцынскіх работнікаў аб’ядноўвае ўсіх людзей без выключэння, бо здароўе з’яўляецца фундаментальнай каштоўнасцю, залогам сямейнага шчасця і ўстойлівага развіцця грамадства. Для нашага раёна развіццё аховы здароўя было і застаецца безумоўным прыярытэтам сацыяльнай палітыкі. За апошні год праведзены бягучы рамонт лабараторыі, мадэрнізацыя рэнтгеналагічнага аддзялення паліклінікі, распачаты бягучы рамонт стэрылізацыйнага аддзялення, праводзіцца рэканструкцыя Новаяльнянскай паліклінікі.

Але якімі б сучаснымі ні былі бальнічныя карпусы і абсталяванне, душой медыцыны заўсёды застаецца сам работнік – чалавек з гарачым сэрцам і халодным розумам, які здольны прыняць боль як свой, не разгубіўшы пры гэтым здольнасці дзейнічаць дакладна і прафесійна.

Медыцынскую дапамогу насельніцтву Дзятлаўскага раёна аказваюць 584 работнікі, з іх 67 дактароў, 252 сярэднія медыцынскія работнікі, 265 чалавек малодшага медыцынскага персаналу. З вялікай павагай я звяртаюся да ветэранаў галіны. Дзякуй вам за падмурак, традыцыі міласэрнасці, якія вы заклалі. Ваш вопыт для нас – бясцэнная спадчына. Здароўя вам і нізкі паклон! Асаблівыя словы хачу адрасаваць нашай моладзі – маладым спецыялістам, якія выбралі гэты нялёгкі шлях і прыйшлі працаваць у наш раён. Вы – будучыня аховы здароўя нашай малой радзімы.

Беларускія медыкі – надзейны шчыт нацыі, а ваша работа – гарант нашай дэмаграфічнай бяспекі. Дзякуй вам за тое, што вяртаеце людзям радасць жыцця і веру ў лепшае, а вашым сем’ям – за цярпенне і разуменне.

У гэты святочны дзень я жадаю вам таго, што вы штодня дорыце іншым – моцнага здароўя. Няхай у вас будзе як мага менш трывожных выклікаў і цяжкіх хворых, вас заўсёды акружаюць удзячныя погляды пацыентаў і клопат блізкіх людзей, спаўняюцца ўсе прафесійныя і асабістыя мары. Міру, шчасця і дабрабыту вам і вашым сем’ям.

Кіраўнік раёна павіншаваў галоўнага доктара Віктара Яцкевіча са святам і выдатным заканчэннем Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Андрэй Уладзіміравіч уручыў заслужаныя ўзнагароды за працу: Ганаровую грамату Дзятлаўскага райвыканкама – доктару-педыятру Таццяне Чыгір, доктару-анестэзіёлагу-рэаніматолагу Валянціне Хлюст, медыцынскім сёстрам Дануце Сокал, Таццяне Жалнерчык, загадчыцы аптэкі Ларысе Бялятка; падзячныя лісты старшыні райвыканкама – медыцынскім сёстрам Марыі Балабанскай, Дзіяне Шнэйдар, медыцынскай сястры-анестэзістцы Алене Лебедзь, інструктару па ЛФК Вользе Дораш, фармацэўту-рэцэптару Ганне Чарнікевіч, санітарцы Наталлі Ламака, Таццяне Хадасевіч, Ірына Юркевіч. Падзякай міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь была адзначана медыцынская сястра Алена Ражко.

Ганаровай граматай раённага савета дэпутатаў былі ўзнагароджаны доктар стаматолаг-тэрапеўт Святлана Басай, фельчар-лабарант Алена Лішык, загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 55 Лідзія Баравік; падзячным лістом старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў – фельчар Іна Грамадская, медыцынская сястра Вольга Станкевіч, загадчыца аптэкі № 208 Таццяна Ермалаева, медыцынскі брат Сяргей Кучынскі, фельчар-лабарант Наталля Сіняк; падзячным лістом Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў – медыцынская сястра Алена Крупіца.

Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Вадзім Бялятка павіншаваў прысутных з надыходзячым прафесійным святам, пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту і міру на зямлі, а таксама ўручыў узнагароды і памятныя падарункі ад РГА “Белая Русь”. Падзяка старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама аб’яўлена санітарцы Галіне Грышук.

Сёлета медыцынскае аддзяленне пансіяната “Колас” прызнана пераможцам абласнога конкурсу на лепшае медаддзяленне сярод сацыяльных пансіянатаў вобласці, калектыў адзначаны Ганаровай граматай  камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама.

Павіншаваць людзей самай міласэрнай прафесіі прыйшоў настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Казлоўшчына Георгій Ярмоліч.

Павіншаваў свой калектыў з прафесійным святам і падзякаваў кожнаму за работу галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Віктар Яцкевіч:

– Рады павіншаваць вас, шаноўныя калегі, з Днём медыцынскіх работнікаў. Ужо больш за два гады мы разам з вамі плячо да пляча стаім на абароне здароўя жыхароў нашага Дзятлаўскага раёна. На працягу гэтага часу зроблена шмат, мы стараліся ўдзяліць увагу ўсім структурным падраздзяленням бальніцы, праводзілі рамонты і новае будаўніцтва, прадаўжаем работу на ФАПах і ў кабінетах раённай паліклінікі, закупку абсталявання. Напярэдадні нашага прафесійнага свята хачу выказаць вам словы ўдзячнасці за вашу працу. Прафесія патрабуе ад нас глыбокіх ведаў,  самаадданасці, майстэрства і міласэрнасці. Кожны дзень вы ратуеце самае каштоўнае – жыццё і здароўе людзей, вяртаеце ім веру ў будучыню. За кожнай перамогай – каласальная праца. Шчыра жадаю, каб, асвятляючы жыццё іншых, вы не згаралі самі. Кожны дзень напаўняйце яркімі фарбамі, збірайце эмоцыі, якія пранесяце ўсё жыццё, любіце шчыра, працуйце самааддана. Здароўя вам, мірнага неба над галавой і няхай у вас у жыцці ўсё атрымліваецца.

Віктар Казіміравіч уручыў узнагароды за плённую працу і сертыфікаты аб занясенні на Дошку гонару ўстановы аховы здароўя. Сёлета яна папоўнілася імёнамі загадчыка Казлоўшчынскай гарадской пасялковай бальніцы Ігара Сільчука, загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Дзятлаўскай ЦРБ Арцёма Орсіка, старшых медыцынскіх сёстраў Людмілы Балабанскай, Святланы Семяновіч, загадчыцы аптэкі Галіны Пракудзінай, загадчыцы аддзялення медыцынскай рэабілітацыі Вольгі Калодка,  доктара-хірурга Уладзіміра Максімовіча.  

Прафсаюзныя ўзнагароды калегам уручыў старшыня пярвічнай арганізацыі прафсаюза Дзятлаўскай ЦРБ Валерый Макарчык.

Ад раённага камітэта ГА “БРСМ” медыкаў павіншавала першы сакратар арганізацыі Кацярына Хілімончык. Яна ўручыла памятныя падарункі маладым людзям, якія працуюць у гэтай сферы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации