У аграгарадку Дварэц прайшоў сельскі сход па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі.

Старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч давёў актуальную інфармацыю аб сельскім савеце, яго структурах і тым, як выконваюцца арганізацыямі і жыхарамі сельсавета правілы бяспекі.

З пачатку года на тэрыторыі Гродзенскай вобласці зарэгістраваны 567 пажараў, у якіх загінулі 48 чалавек; у нашым раёне колькасць вогненных здарэнняў дасягнула 30, ёсць чатыры загінулыя. Ва ўсіх выпадках прычынай пажараў з гібеллю стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення. Другой распаўсюджанай прычынай з’яўляецца парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення і цеплагенерыруючых агрэгатаў. Самым эфектыўным спосабам абараніць сябе і сваё жыллё ад вогненных надзвычайных сітуацый застаецца аўтаномны пажарны апавяшчальнік.

Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык нагадаў прысутным, што восень – час праверыць перад ацяпляльным сезонам сістэму пячнога ацяплення, наведаць пажылых бацькоў, каб яшчэ раз упэўніцца, што ў іх дома ўсё падрыхтавана да надыходзячага сезона халадоў.

Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі адзначыў, што колькасць учыненых злачынстваў (105 фактаў) у раёне ў верасні амаль дасягнула паказчыка 12 месяцаў мінулага года. Самымі распаўсюджанымі застаюцца кіберзлачынствы, ахвярамі якіх дзятлаўчане становяцца, нягледзячы на пастаянныя папярэджанні. Зламыснікі па тэлефоне прадстаўляюцца работнікамі банка, пошты, электрычных і газавых сетак, “радуюць” павелічэннем пенсіі або наадварот запалохваюць, каб завалодаць асабістымі данымі грамадзян. З улікам памяншэння светлавога дня і пераменлівага надвор’я на першы план выходзіць бяспека дарожнага руху: уважлівасць і асцярожнасць вадзіцеляў, паводзіны матацыклістаў, а для пешаходаў – абавязак пазначаць сябе святлоадлюстроўваючымі элементамі ў цёмны час сутак.

Напярэдадні Дня пажылых людзей дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Нікіпорчык расказала, як шмат клопату ўдзяляецца адзінокім грамадзянам ва ўзросце і хто дапамагае.    

Дзеці – самае каштоўнае ў нашым жыцці, а клопат аб іх – найважнейшая задача бацькоў, замацаваная на заканадаўчым узроўні.  Яны павінны дбаць аб фізічным, духоўным і маральным развіцці дзяцей, іх здароўі, адукацыі і падрыхтоўцы да самастойнага жыцця. Тэмы адказнасці за непаўналетніх у сваім выступленні закранула спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Сіўко:

– На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна 73 непаўналетнія з 27 сем’яў прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы, 10 дзяцей з 5 сем’яў маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне і часова забраны ў бацькоў.

Таццяна Генрыхаўна расказала, што з 21 верасня па 21 кастрычніка на тэрыторыі Гродзенскай вобласці праходзіць акцыя “Сям’я для кожнага дзіцяці”, у час якой грамадзянам дапамагаюць стаць прыёмнымі бацькамі або апекунамі дзяцей, якія былі пазбаўлены сямейнага цяпла.

Аб правілах карыстання газавым абсталяваннем у побыце, як падрыхтаваць да зімы і праверыць сістэмы вентыляцыі, расказаў дырэктар Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар. Таксама ён нагадаў алгарытм паводзінаў у выпадку выяўлення паху газу ў памяшканні або на вуліцы.

Вадзім Бялятка падвёў вынік выступленняў:

– Спецыялісты розных сфер давялі інфармацыю аб бяспецы, якая ніколі не бывае лішняй. Аб гэтым сведчыць колькасць пажараў, злачынстваў і здарэнняў у бытавой сферы. Часта корань праблемы – у недастатковай інфармаванасці, даверлівасці, спагадлівасці, якая ўласціва нашаму менталітэту і якую зламыснікі выкарыстоўваюць для сваіх мэтаў. Заклікаю вас быць уважлівымі, заўсёды аналізаваць інфармацыю, з якой бы крыніцы вы яе не атрымалі, не рабіць паспешных вывадаў і дзеянняў, не заставацца абыякавымі да чужой бяды.

Пасля сустрэчы аграгарадкоўцы змаглі задаць гасцям асабістыя пытанні.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

Похожие публикации