Напярэдадні прафесійнага свята ў калектыве Дзятлаўскага ДРБУ-119 прайшоў урачысты сход, які наведаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.
Галоўны інжынер ДРБУ-119 Аляксей Гірык агучыў вынікі работы за 9 месяцаў і павіншаваў калег з надыходзячым Днём аўтамабіліста і дарожніка.
Аляксандр Бараноўскі выказаў падзяку работнікам дарожнай галіны за высокі прафесіяналізм:
– Ваша прадпрыемства – адно з ключавых у нашым раёне. Усе мы бачым, як пераўвасабляецца Дзятлаўшчына: будуюцца новыя дарогі, рамантуюцца вуліцы. Дзякую вам за плённую працу на карысць роднага краю! Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў шчыра віншую вас з прафесійным святам. Жадаю прадпрыемству моцна стаяць на нагах, цікавых прыбытковых праектаў, высокіх заробкаў, дабрабыту ў сем’ях, спакою, мірнага неба над галавой і моцнага здароўя.
Аляксандр Станіслававіч павіншаваў работнікаў арганізацыі і ўручыў заслужаныя ўзнагароды за шматгадовую выніковую працу. Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны начальнік ДРБУ-119 Дзмітрый Мазоль, вадзіцель аўтамабіля Андрэй Абражэй; падзячным лістом старшыні Дзятлаўскага райвыканкама – машыніст аўтагрэйдара Аляксандр Сідорчык, вадзіцель аўтамабіля Юрый Рэгіневіч; Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў – бухгалтар Таццяна Пазнякова; падзячным лістом старшыні раённага Савета дэпутатаў – начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Сяргей Хайко, трактарыст Мікалай Кіслы.
Ганаровую грамату КУП “Гроднааблдарбуд” уручылі вадзіцелю аўтамабіля Сяргею Мілейку.
Да віншаванняў далучылася старшыня прафсаюза ДРБУ-119 Таццяна Пазнякова, яна ўручыла калегам прафсаюзныя ўзнагароды.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga