Менавіта гэта пытанне, а таксама як зрабіць такія экскурсіі яшчэ больш цікавымі, папулярнымі і запатрабаванымі ў турыстаў і вернікаў, абмеркавалі спецыялісты з праваслаўнымі і каталіцкімі святарамі на семінары-практыкуме “Аналіз турыстычнага патэнцыялу рэлігійнага віду турызму Дзятлаўскага раёна”.

Сустрэча прайшла ў рамках месячніка рэлігійнага турызму пад кіраўніцтвам загадчыка сектара спорту і турызму Дзмітрыя Ёды з удзелам калектыву раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра, галоўных спецыялістаў аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкам Марыны Абрамчык, аддзела адукацыі райвыканкама Алены Гарановіч, дырэктара Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргея Каско.

Арганізатары семінара ўручылі святарам сувенірную і паліграфічную прадукцыю з лагатыпам Дзятліцы, якая з’яўляецца брэндавым знакам раённага турызму.


Аб рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “За бяспеку разам” прысутным расказаў інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Дзятлаўскага РАНС Арсеній Сенкавец, раздаў памяткі і заклікаў да супрацоўніцтва.


– Фармат нашага мерапрыемства ўключае практычную частку, што дазваляе глыбей далучыцца да гісторыі Дзятлаўшчыны, – адзначыла галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка.




Вандроўка пачалася ў самым “сэрцы” райцэнтра на плошчы 17 Верасня, дзе заўжды кіпела жыццё. Чым цікавіліся дзятлаўчане сотні гадоў таму, што цанілі, як праходзілі выпрабаванні, на якія былі багаты розныя гістарычныя эпохі, расказала экскурсавод Алена Абрамчык.



Экскурсію па касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі правёў ксёндз Андрэй Лішко. Святар нагадаў, што ў 1624-1646 гадах касцёл быў фундаваны ўладальнікам мястэчка Вялікім Канцлерам Літоўскім Львом Сапегам і яго сынам Казімірам. У 1743-м моцна пацярпеў ад пажару. У 1743-1751 гадах – адноўлены за сродкі Мікалая Фаўстына Радзівіла. Сэрцы гэтага мецэната, яго жонкі і сына Ежы пасля смерці захоўваюцца ў адной з калонаў храма, што пацвердзіла нядаўняя рэстаўрацыя.



Пабывалі прысутныя і ў праваслаўных храмах райцэнтра. Спаса-Праабражэнская царква з’явілася ў мястэчку ў пачатку XVI стагоддзя, дзякуючы заснавальніку горада Канстанціну Астрожскаму. Храм перажыў змяненні, яго гісторыя да гэтага часу вывучаецца, а ў 1998 годзе ў ім некалькі дзён міраточыла Галгофа. Яна перанесена ў сабор святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай. Гісторыю сабора расказалі экскурсавод Алена Абрамчык і благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель, які засяродзіў увагу гасцей і на цікавых рэлігійных экспанатах, якія знаходзяцца ў храме і вылучаюць яго сярод іншых.









У гарадскім пасёлку Наваельня ўдзельнікі семінара пабылі ў царкве Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, узведзенай у другой палове ХІХ стагоддзя замест спаленага храма. У аграгарадку Дварэц наведалі касцёл Божага цела, пабудаваны на сродкі сям’і мясцовых магнатаў Пратасевічаў, а таксама фамільныя могілкі, дзе пахавана Апалінарыя Пратасевіч, а ў якасці помніка на яе магіле ўстаноўлены Самотны Анёл. Звязаныя з ім легенды дайшлі і да нашага часу. Не абышлі ўвагай мясцовую царкву Пакрова Прасвятой Багародзіцы, якая была ўзведзена на месцы ранейшага храма пасля паўстання беларускай шляхты 1831-1833 гадоў па тыпавым праекце, які ў народзе меў назву “мураўёўка”.




















У Дварэцкай сярэдняй школе адбылося пасяджэнне круглага стала з падвядзеннем вынікаў сустрэчы.


– На Дзятлаўшчыне распрацаваны 16 маршрутаў, сярод якіх 11 прапаноўваюць турыстычны паказ праваслаўных і каталіцкіх храмаў раёна, у тым ліку якія маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў, – расказала Наталля Калодка. – Цяпер ідзе работа над маршрутам “На ўскрайку Ліпічанскай пушчы, або Накрышская гісторыя”, які ўключае храм Святых благаверных князёў Барыса і Глеба ў вёсцы Накрышкі. Для яго распрацоўваецца турыстычная навігацыя, а ў бліжэйшы час пройдзе зацвярджэнне ў Нацыянальным турыстычным агенцтве.

Наталля Калодка зазначыла, што з 22 храмаў раёна 15 уключаны ў турыстычныя маршруты. У гэтым годзе Дзятлаўшчыну ў рамках турыстычных вандровак наведалі 68 груп – гэта 1330 чалавек, у тым ліку расіяне, адпачывальнікі санаторыя “Радон”.
Папулярызацыі аб’ектаў Дзятлаўшчыны спрыяе ўдзел спецыялістаў у міжнародных турыстычных форумах, выставах, фестывалях, прысутнасць у сацыяльных сетках. Каардынацыяй турыстычнай работы займаецца раённы турыстычны інфармацыйны цэнтр.

У час абмеркавання паступілі прапановы аб больш цесным супрацоўніцтве святароў са спецыялістамі і службамі раёна для вывучэння і папулярызацыі гісторыі храмаў і святыняў, у тым ліку ў інтэрнэт-прасторы. Сышліся на думцы, што менавіта супрацоўніцтва і згода вядуць да стварэння якаснага турыстычнага прадукта.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga