Чарговае прафарыентацыйнае мерапрыемства ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама “Дзень з прадпрыемствам” прайшло на Дзятлаўшчыне.

Больш падрабязна пра яго расказала галоўны спецыяліст аддзела па працы і занятасці ўпраўлення Наталля Губар:

– На гэты раз на “Дзень з прадпрыемствам” былі запрошаны навучэнцы 9 класа сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы. Я прапанавала ім пазнаёміцца з важнай і запатрабаванай прафесіяй работнікаў сацыяльнай дапамогі. Сустрэча адбылася ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, дзе дзевяцікласнікаў сустрэла  дырэктар установы Таццяна Нікіпорчык. Яна правяла экскурсію па цэнтры і падрабязна расказала аб рабоце яго шасці аддзяленняў. Таццяна Сямёнаўна засяродзіла ўвагу прысутных на тым, наколькі важна знайсці свой шлях у жыцці і любімую работу. Для маладых гасцей цікава было наведаць аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў, дзе яго загадчыца Алена Гуль расказала аб рабоце з асаблівымі людзьмі, пазнаёміла з імі школьнікаў, спыніўшыся на захапленнях, поспехах і дасягненнях наведвальнікаў аддзялення.

У аддзяленні дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту спецыяліст па сацыяльнай рабоце Галіна Ненартовіч расказала прысутным аб рабоце шасці гурткоў і васьмі клубаў, якія функцыянуюць на базе гэтага адзялення, а таксама прапанавала школьнікам перадаць пачутае сваім бабулям і дзядулям, каб і яны пры жаданні далучаліся да гэтых цікавых і карысных заняткаў.

Напрыканцы сустрэчы я паказала дзевяцікласнікам, як можна ў інтэрнэце зайсці на інфармацыйны партал дзяржаўнай службы занятасці, дзе тыя школьнікі, якія яшчэ не вызначыліся з жыццёвым выбарам, могуць прайсці тэсціраванне “Крок у прафесію” і прыняць рашэнне.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации