Фотаздымкі – сведкі гісторыі чалавека, калектыву, арганізацыі, эпохі. Праз гады і дзесяцігоддзі яны даюць магчымасць ратаўнікам узгадаць самыя яркія моманты, падзеі, эмоцыі, саслужыўцаў і тое, як развівалася, мадэрнізавалася пажарная служба Дзятлаўшчыны, заснаваная на прынцыпах мужнасці, братэрства і ўзаемнай падтрымкі.

Гэтаму фота менш за пяць гадоў, а на ім – у той час камандзір аддзялення ПАВП № 13 аграгарадка Раготна, а цяпер старшы інструктар-ратаўнік Уладзімір Шалесны і вадзіцель пажарнай машыны, прапаршчык унутранай службы Сяргей Мазоль рыхтуюцца да паказальнага выступлення да Дня пажарнай службы. Адзін з іх родам з Лозак, былы культработнік, другі – з Падвялікага, пачынаў вадзіцелем у арганізацыях раёна. Аднак іх шляхі сышліся ў адным пункце – пажарным аварыйна-выратавальным пасце № 12 вёскі Падвялікае, каб ператварыцца ў адну прафесійную дарогу, дзе кожны адзін аднаму калега, сябар і надзейны таварыш. Разам яны прайшлі, як кажуць, агонь, ваду і медныя трубы, да гэтага часу працуюць у ПАВП № 13 аграгарадка Раготна. Абодва маюць салідную выслугу ў МНС, пры гэтым прадаўжаюць высакародную і патрэбную людзям справу. У межах праекта яны адказалі на некальні пытанняў пра сябе і прафесію жыцця. 

– Успомніце, як прыйшлі служыць у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

Сяргей Мазоль:

– Мабыць, такое немагчыма забыць. Быў падпісаны загад ад 29 снежня 2001 года, мне было 23 гады, меў за плячыма адукацыю вадзіцеля і вопыт работы па спецыяльнасці ў грамадзянскіх арганізацыях. Першым камандзірам аддзялення на ПАВП № 12 у Падвялікім у мяне быў Юрый Гуз. Калі пачаў працоўны шлях, хутка зразумеў, што пажарная служба – гэта мая стыхія, любоў на ўсё жыццё.

Уладзімір Шалесны:

– Адпрацаваўшы восем гадоў мастацкім кіраўніком у Лявонавіцкім доме культуры, я вырашыў пашукаць долі ў іншай сферы. Я паспяхова прайшоў усе неабходныя іспыты і прыступіў да работы ў ПАВП № 12 вёскі Падвялікае 13 снежня 2019 года. Усяму давялося вучыцца з нуля, але ўсё атрымалася. Адным з вадзіцеляў, з кім працаваў у змене, быў Сяргей Мазоль, з таго часу служым разам і сябруем.

– Ці моцна памянялася пажарная служба за гэты час?

Сяргей Мазоль:

– За дзесяцігоддзе, на працягу якога я працую на ПАВП № 13 у Раготне, адбыліся відавочныя перамены ў бок тэхнічнага прагрэсу: стала больш абсталявання, сучасная і магутней тэхніка з большай змяшчальнасцю сродкаў для тушэння агню. За гэтыя гады мы абжыліся, зрабілі рамонты, каб было камфортна працаваць. З другога боку, радуе, што за гады не памяняліся ўзаемаадносіны ў калектыве, хіба яшчэ больш згуртаваліся ў час работы.

Уладзімір Шалесны:

– Змянілася больш у бытавым плане і ўмовах работы. Я помню, калі прыйшоў працаваць, першую “баёўку” атрымліваў не новую, але ў добрым стане, крагі часам пазычаў у саслужыўцаў. А цяпер маю некалькі персанальных камплектаў спецадзення на розныя выпадкі і патрэбы, якое абнаўляецца згодна з тэрмінам. Дзяржава пільна сочыць за падтрыманнем дастойных умоваў работы і яе аплаты, што не можа не радаваць. Мы таксама не адстаём: каб працавалася лепш, разам з калектывам правялі поўны рамонт свайго працоўнага месца: ад даху і замены свяцільняў да гаража пад рэзервовую тэхніку і падсобных памяшканняў.

– Што найбольш падабаецца вам у рабоце?

Сяргей Мазоль:

– Задавальненне, калі атрымліваецца аператыўна зрэагаваць на надзвычайную сітуацыю, выратаваць людзей або іх маёмасць. Для мяне асабіста немалаважны і графік работы па зменах: магу ўдзяліць дастаткова часу сям’і, дому. Аднак, калі трэба вырашыць рабочыя пытанні ў вольны ад нясення службы час, заўжды раблю гэта.

Уладзімір Шалесны:

– Дружны калектыў, калі прыходзіш на змену, быццам у сваю другую сям’ю. Так мне пашанцавала быць часткай выдатнай каманды ў Падвялікім, Казлоўшчыне і цяпер тут, у Раготне. Служба ў МНС – гэта не гераізм, а веды, вопыт і звычка, выпрацаваная да аўтаматызму, калі ў любой сітуацыі ты не губляешся і ведаеш, як дзейнічаць, і што побач такія ж, як і ты, прафесіяналы.

– Што, па-вашаму, пажарнае братэрства, і ці ёсць яно ў вашым калектыве?

Сяргей Мазоль:

– Вядома, ёсць з першага дня работы і да цяперашняга моманту. Калі выязджаеш са зменай на пажар, ты давяраеш свайму паплечніку самае дарагое – сваё жыццё, а для гэтага чалавеку трэба давяраць на ўсе 100 %, гэта вельмі збліжае. Трэць жыцця мы праводзім разам, а таму саслужыўцы – не проста калегі па рабоце, яны становяцца блізкімі, як сям’я, і самымі надзейнымі, да каго звяртаешся ў першую чаргу па дапамогу.

Уладзімір Шалесны:

– Сапраўднае братэрства – гэта не пакінуць таварыша ў бядзе, усё роўна, з якога ён падраздзялення або паста. Але гэта тычыцца не толькі супрацоўнікаў МНС. Пажарная служба выпрацоўвае ў кожнага з нас важны навык – дапамагаць заўсёды і ўсім незалежна ад таго, на працы ты ці выхадны.  З Сяргеем Мазалём за гады службы мы сталі сапраўднымі сябрамі, шкада, што цяпер працуем у розных зменах. Традыцыі сяброўства і ўзаемнай падтрымкі перадаём малодшаму пакаленню ратаўнікоў, каб гэтыя каштоўнасці захаваліся і ў далейшым.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации