У аграгарадку Круцілавічы пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшоў сельскі сход па пытаннях прафілактыкі надзвычайных здарэнняў і правапарушэнняў.

Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык расказаў, што на тэрыторыі раёна адбыліся 17 пажараў, загінуў адзін чалавек, павялічылася колькасць траўмаваных, якія груба парушылі правілы бяспекі. Ратаўнік прывёў прыклады такіх здарэнняў у Яхноўшчыне, Наваельні, Савічах, нагадаў, як дзейнічаць пры ўзгаранні, заклікаў жыхароў сельсавета мець у жылых пакоях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, папрасіў быць уважлівымі да ўразлівых катэгорый насельніцтва, у час ацяпляльнага сезона паклапаціцца аб пажылых сваяках. Закрануў такія актуальныя пытанні, як паходы ў лес па грыбы, развядзенне вогнішчаў пры навядзенні парадку на прысядзібных участках, падкрэсліў, што строга забараняецца спальваць сухую расліннасць, паказаў, як карыстацца вогнетушыцелем, анансаваў, што з 20 кастрычніка па 6 лістапада будзе праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя “За бяспеку разам” па зніжэнні рызыкі пажараў у перыяд халадоў.

Як абараняюць правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, нагадала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. Цяпер у раёне ў сацыяльна ненадзейным становішчы знаходзяцца 70 дзяцей з 32 сем’яў, 13 непаўналетніх з 5 сем’яў прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржабароне, завяршаецца рэйд “Клопат”, у час якога класныя кіраўнікі наведвалі навучэнцаў дома. Дарослым і надалей трэба звяртаць увагу на занятасць дзяцей, нашэнне флікераў, бяспеку ў інтэрнэце, захаванне непаўналетнімі правілаў дарожнага руху пры карыстанні сродкамі персанальнай мабільнасці.

Загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ЦСАН Дятлаўскага раёна Іна Петрукевіч патлумачыла, як клапоцяцца пра бяспеку жыццядзейнасці і якія віды падтрымкі ёсць для ўразлівых катэгорый дзятлаўчан, расказала пра новыя віды паслугаў па дзённым і доўгатэрміновым доглядзе пажылых людзей і інвалідаў.

Як на тэрыторыі Данілавіцкага сельсавета ідзе работа па прафілактыцы п’янства, утрыманства, супрацьпраўных паводзінаў, далажыў участковы інспектар міліцыі АУС райвыканкама Дзяніс Барук. На мясцовых аматараў моцных напояў складзена 33 адміністрацыйныя пратаколы, на сямейнага агрэсара за нанясенне цялесных пашкоджанняў узбуджана крымінальная справа, чатыры грамадзяніны змешчаны ў лячэбна-працоўны прафілакторый, яшчэ па двух пытанне вырашаецца.

Якіх асноўных патрабаванняў неабходна прытрымлівацца пры карыстанні газавым абсталяваннем у побыце, расказаў галоўны інжынер Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Сяргей Тухто.  

Вынікі падвёў Аляксандр Бараноўскі. Засяродзіў увагу прысутных на важнасці неабыякавых адносінаў да блізкіх, суседзяў, калегаў, пажылых людзей, што найчасцей і дапамагае пазбегнуць надзвычайных сітуацый, часам, трагедый. Зазначыў, што на сямейных агрэсараў і дарослых дзяцей, якія п’юць, жывуць за кошт састарэлых бацькоў, ёсць законныя меры ўздзеяння. Узняў такія важныя тэмы, як камп’ютарныя махлярствы і выкарыстанне работнікамі сельгаспрадпрыемства і веласіпедыстамі ў прыцемках святлоадлюстроўваючых камізэлек, якія дапамагаюць вадзіцелям на дарозе ці мехдвары не дапусціць наездаў. У Год добраўпарадкавання Аляксандр Бараноўскі падзякаваў мясцовым жыхарам і работнікам за чыстыя вуліцы, прыватныя падворкі, выказаў спадзяванне, што на суботніках па добрай вясковай традыцыі яны прадоўжаць навядзенне чысціні на могілках і землях агульнага карыстання.

У рамках Адзінага дня інфармавання сустрэчу прадоўжыла выступленне Марыны Лашкоўскай, якая раскрыла тэму “Роля сямейных каштоўнасцяў у сучасным грамадстве”:

– Моцная сям’я – аснова паспяховага развіцця дзяржавы. Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства, дзяцінства знаходзяцца пад апекай дзяржавы. Абарона інстытута сям’і і традыцыйных каштоўнасцяў знайшлі адлюстраванне ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Сацыяльная арыентаванасць – гэта асаблівасць нашай краіны. Шчаслівая сям’я з’яўляецца адным з прыярытэтаў бягучай пяцігодкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Рэалізуецца комплекс мер па падтрымцы сем’яў з дзецьмі з асаблівым акцэнтам на шматдзетныя. Аднак важна, каб клопат дзяржавы суадносіўся з клопатам саміх людзей аб уласным дабрабыце.

Для дзяцей сям’я – самы важны інстытут сацыялізацыі, дзе закладваюцца асновы маралі і сумленнасці. У час перадачы ад старэйшага малодшаму пакаленню традыцый, культурных каштоўнасцяў, фарміруецца гістарычная памяць, нацыянальная ідэнтычнасць, пераемнасць, а моцныя сямейныя асновы і маральныя арыенціры спрыяюць зніжэнню канфліктаў, злачыннасці, асацыяльных паводзінаў. Такім чынам, сям’я адыгрывае ключавую ролю ў дасягненні дэмаграфічнай устойлівасці, захаванні суверэнітэту і незалежнасці краіны.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации