У 2024 годзе на Дзятлаўшчыне адзначалася зніжэнне крымінальных злачынстваў у сельскай мясцовасці са 128 да 76, або на 40,6 %, аднак па-ранейшаму ў структуры такіх супрацьпраўных дзеянняў значнае месца займаюць крадзяжы з нежылых дамоў. Актуальна гэта і для дачаў, гаспадары якіх у халодны сезон амаль не наведваюць сваю нерухомую маёмасць у сельскай мясцовасці.
Што трэба ведаць, каб злодзеі не пагаспадарылі ў нежылым вясковым доме, расказаў старшы следчы Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Макуца:
– Безумоўна, самы надзейны сродак абароны – гэта ахоўная сігналізацыя і сістэма відэаназірання, але не кожны гаспадар выкарыстоўвае такія сучасныя сродкі абароны ад супрацьпраўных замахаў у сваім нежылым вясковым доме. Калі іх няма, варта паклапаціцца пра надзейныя замкі, а на вокны лепш устанавіць жалезныя рашоткі. Перад ад’ездам з дачы абавязкова трэба ўпэўніцца, што ўсе дзверы і вокны надзейна зачыненыя, у тым ліку ў гаспадарчых пабудовах, яшчэ замкі можна ўсталяваць на веснічках і варотах. Каб стварыць ілюзію прысутнасці і таго, што ў доме пастаянна жывуць, можна ў час ад’ездаў выкарыстоўваць таймеры ўключэння святла і тэлевізара. Дапаможа падтрымаць гэта ўражанне і дагледжаны чысты ўчастак. Не варта пакідаць паблізу ад вокнаў і на адкрытай прасторы каштоўныя рэчы і тэхніку, якія могуць прывабіць злодзея, такую маёмасць наогул лепш перавезці на зіму з сабой на пастаяннае месца жыхарства. Карыснай можа быць і суседская ўзаемадапамога: папрасіце пастаянных жыхароў вёскі звяртаць больш увагі на вашу дачу, пакуль вы ў ад’ездзе, а таксама паведамляць вам пра ўсе змяненні і няпрошаных гасцей.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga