Дзевяцікласнік з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Кірыл Шайбак захапляецца стварэннем камп’ютарных праграм і марыць атрымаць спецыяльнасць, звязаную з праграмаваннем і ўдасканаленнем складанага вытворчага абсталявання.

Нядаўна наш юны зямляк папоўніў свае веды і навыкі ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, дзе пад кіраўніцтвам вопытных выкладчыкаў стварыў яшчэ і ўласнае вынаходніцтва – зараднае прыстасаванне для паўэрбанка, якое выпрацоўвае электрычнасць ад звычайнай хады. Цяпер хлопец можа не хвалявацца, што забыўся зарадзіць мабільны тэлефон ад электрасеткі ці што надоўга прапала электрычнасць: можна крыху прагуляцца – і батарэя зноў будзе поўнай.

– Я мару стаць праграмістам, бо мне цікава займацца камп’ютарамі і ствараць праграмы для іх, – расказаў юнак пра сваё захапленне. – Зацікавіўся гэтым, гледзячы відэаролікі ў інтэрнэце, а пасля ўжо і сам спрабаваў ствараць штосьці падобнае. Сярод любімых школьных дысцыплін – фізіка, матэматыка, інфарматыка, біялогія. І калі мяне цікавіць пэўная тэма, сам пачынаю адшукваць па ёй новую інфармацыю ў кнігах і інтэрнэт-прасторы.

– Як ты трапіў у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк?

– Пра яго мне расказала матуля, патлумачыла, што там ёсць розныя кірункі навучання. Больш падрабязную інфармацыю даведаўся на сайце ўстановы, а мой школьны педагог Кацярына Латушка дапамагла падаць заяўку на навучанне. Прайсці тэсціраванне было няцяжка.

Змена ў тэхнапарку доўжылася з 8 па 31 студзеня, і вучоба мне спадабалася. Кожны дзень быў напоўнены заняткамі па напрамках, карыснымі справамі, мы вучыліся танцаваць, наведвалі розныя мерапрыемствы, я пазнаёміўся з цікавымі людзьмі. Навучанне праходзіла ў секцыі “Электроніка і сувязь”, а маім навуковым кіраўніком па распрацоўцы праекта быў загадчык лабараторыі Міхаіл Барабанаў.     

– Чым абумоўлены твой выбар навуковага праекта?

– Для распрацоўкі і стварэння наватарскага прадукта навучэнцам тэхнапарка прапаноўваюць заяўкі ад беларускіх прадпрыемстваў. Аднак гэта даволі складаныя напрамкі работы, і яны больш па сілах тым вучням, якія праводзяць у тэхнапарку ўжо не першую змену і зацікаўлены атрымаць мэтавыя накіраванні ад прадпрыемстваў для далейшага навучання і працаўладкавання. Я ж выбраў свой будучы праект, адшукаўшы тэму ў інтэрнэце. Так і з’явілася распрацоўка “П’езаэлектрычная сістэма генерацыі і захавання энергіі”, а калі казаць больш зразумелымі словамі, то гэта прыстасаванне для зарадкі паўэрбанка ад звычайнай хады.

– Які прынцып работы ў сканструяванага табой прыбора?

– Ён уяўляе сабой вусцілку для абутку, да якой прымацаваны па прынцыпе паралельнага падключэння п’езаэлементы. Пры механічным уздзеянні на іх атрымліваецца зарад і выпрацоўваецца электраток, які для выпрамлення энергіі праходзіць праз дыёдны мост, а затым па USB-кабелі паступае ў паўэрбанк. Мая вусцілка выраблена з кардону, хаця можна выкарыстаць і больш сучасныя мяккія матэрыялы для камфорту пры хадзе. Сам паўэрбанк невялікі – 3 х 9 сантыметраў, яго можна прымацаваць да абутку і не адчуваць дыскамфорту ў час падзарадкі.

– Чым твой праект зацікавіў навукоўцаў?

– Думаю, іх прывабіў сам прынцып выпрацоўкі энергіі з дапамогай п’езаэлементаў. У тэхнапарку ладзілася выстава-прэзентацыя ўдзельнікаў змены, дзе мы прадстаўлялі свае распрацоўкі. Мая работа зацікавіла спецыялістаў, яны папрасілі мае кантакты.

Па выніках навучання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку я адзначаны сертыфікатам, аднак на дасягнутым спыняцца не збіраюся. Яшчэ як мінімум двойчы хачу прайсці там вучобу і атрымаць магчымасць дыстанцыйнага навучання, каб у далейшым паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову. Дакладна з будучай прафесіяй яшчэ не вызначыўся, але сярод варыянтаў паступлення разглядаю Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі або Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

– Што яшчэ новага і карыснага далі табе заняткі?

– Я даведаўся аб мікракантролерах, для чаго яны, якія функцыі выконваюць, як іх праграмаваць. Таксама навучыўся паяць простыя схемы. Дома прадоўжу ўдасканальваць свае веды, бо ў прафесійнай будучыні мару займацца праграмаваннем, наладкай, павелічэннем прадукцыйнасці складанага абсталявання на прадпрыемстве. Пакуль жа займаюся невялікім удасканаленнем бытавых рэчаў, цяпер, напрыклад, майструю падсветку для гадзінніка.

– Чаго пажадаеш сваім равеснікам? – Каб старанна вучыліся, а не трацілі марна час за камп’ютарнымі гульнямі, больш пазнавалі навакольны свет і не сядзелі на месцы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации