Тэма

Падман з “дэклараваннем грашовых сродкаў” на сёння адна з найбольш небяспечных схемаў махлярства.

Праблема

Махляры тэлефануюць беларусам і на розных падставах вымушаюць іх “задэклараваць” – зняць з рахунка ці перавесці куды-небудзь грашовыя сродкі.

Слова спецыяліста

– Людзі застаюцца без важкіх сумаў, губляюць свае зберажэнні, – расказала старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Ірына Яновіч. – Першы званок звычайна паступае ад “службы бяспекі банка”. Патэнцыяльную ахвяру палохаюць, што з яе рахункам узніклі “праблемы” або на невядомыя спрабуюць аформіць крэдыт ці наогул асабістыя даныя скрадзены і “рахунак удзельнічае ў махлярскай схеме”.

Другі званок (у некаторых выпадках перавод на іншую лінію) ажыццяўляецца ад “супрацоўніка праваахоўных органаў”, які пацвярджае “страшную” інфармацыю, што паступіла раней. Каб пацярпелы змог уратаваць грошы ад “арышту” або “вобыска” іх раяць неадкладна “задэклараваць”. Пры гэтым махляры паведамляюць, што ў банкамаце трэба зняць усе наяўныя сродкі, а таксама забраць грошы з усіх рахункаў, нярэдка нават аформіць крэдыт. Пасля загадваюць перадаць усю суму “кур’еру для праверкі” або перавесці на “часовы абаронены рахунак”, які на справе і належыць злодзеям.

Заўжды памятайце

Сапраўдныя супрацоўнікі банкаў і праваахоўных органаў ні пры якіх абставінах не будуць патрабаваць па тэлефоне зняць наяўныя грошы або перавесці іх, назваць коды СМС-паведамленняў ад банкаўскіх дадаткаў ці даныя банкаўскіх картак, накіроўваць на ваш адрас кур’ера для прыёмкі грошай.

Даведка

Дэкларацыя – гэта афіцыйны дакумент, які запаўняецца на паперы або ў электронным фармаце. Ніхто не “дэкларуе” грошы грамадзян шляхам адабрання іх наяўнымі купюрамі або праз перавод. 

Як абараніць сябе пры званку

– адразукладзіце трубку, не спрачайцеся і не спрабуйце даведацца дэталі;

– не панікуйце: задача зламыснікаў напалохаць ахвяру да стану, калі яна не зможа лагічна мысліць;

– не перазвоньвайце і не набірайце нумары, якія далі зламыснікі;

– калі ёсць сумненні – кладзіце трубку і зрабіце паўзу, а затым званіце на афіцыйны нумар вашага банка (ёсць на сайце ўстановы і вонкавым баку банкаўскай карткі), каб высветліць ці мае месца інцыдэнт.

Парада

Калі пазбегнуць падману не ўдалося і вы паспелі перадаць грошы ці даныя карт-рахунка, тэрмінова тэлефануйце ў банк, каб заблакіраваць картку, а затым звяртайцеся ў праваахоўныя органы па дапамогу.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации