Напярэдадні навагодніх і калядных святаў, зімовых канікулаў дарослыя і дзеці мараць акунуцца ў атмасферу цудаў і прыгажосці.

Як гэта зрабіць, расказаў дырэктар раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Аляксей Ківуля:

– Пачаўся святочны перыяд, і наш цэнтр запрашае жыхароў і гасцей горада на захапляльную экскурсію “Вячэрні Дзятлава з аўдыягідам”.

Чараўніцтва зімовага горада, упрыгожанага агеньчыкамі, інсталяцыямі, святлодыёднымі аркамі, адміністрацыйныя будынкі “з навагоднім настроем” – усё гэта вы зможаце адчуць у час самастойнай прагулкі з аўдыягідам. Гэта зручнае прыстасаванне з прафесійнай фанаграмай дазваляе акунуцца ў гісторыю, больш даведацца пра архітэктуру і пачуць цікавыя факты пра Дзятлава ў камфортным для кожнага рытме.

Як гэта працуе? Карыстацца аўдыягідам вельмі проста: выбіраеце маршрут, знаходзіце на карце-даведніку патрэбную кропку, набіраеце адпаведны нумар на прыстасаванні – і слухаеце аповед. На працягу вандроўкі вы самі вырашаеце, дзе затрымацца, што разгледзець больш падрабязна і колькі часу прысвяціць экскурсіі.

Замовіць паслугу праката аўдыягіда можна па адрасе турінфацэнтра: г. Дзятлава, вул. Леніна, 18 або па тэлефоне 8-01563-3-25-58. Наша ўстанова працуе ў суботу і панядзелак з 8 да 17 гадзін, з аўторка па пятніцу – з 8 да 20 гадзін, нядзеля – выхадны.  

– Аляксей Аляксандравіч, назавіце некалькі “за”, чаму прапановай варта скарыстацца?

– Сярод плюсаў такіх вандровак – свабода выбару маршруту і тэмпу падарожжа, цікавыя гісторыі пра горад, якія вы слухаеце ў прыгожай святочнай атмасферы. Яшчэ падобныя прагулкі зручныя як для сям’і ці кампаніі, так і асобнага чалавека, які хоча цікава, прыемна і з карысцю правесці вечар. Пры гэтым не трэба чакаць усю турыстычную групу, гуляць можна ў любы зручны час.

Падарыце сабе і блізкім незабыўную зімовую прагулку па вячэрнім Дзятлаве. Гэта ўтульна, пазнавальна па-навагодняму прыгожа!

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации