На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца рэалізацыя абласнога праекта “Чырвоная зорка героя”, які стартаваў сёлета ў красавіку.

Нагадаем, што першая крыштальная зорка-сімвал заняла сваё пачэснае месца ў гарадскім пасёлку Наваельня на магіле жанчыны-ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Таісы Грахнёвай.

Праект “Чырвоная зорка героя” аб’яднаў абласную арганізацыю РГА “Белая Русь”, галоўнае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, школы і гімназіі вобласці, людзей, нераўнадушных да подзвігу герояў Вялікай Айчыннай вайны. Яго сімвал увекавечвае памяць абаронцаў Радзімы і ахвяраў ваеннага ліхалецця. Майстрамі ААТ “Шклозавод “Нёман” выраблены і перададзены ў раёны Гродзеншчыны 80 такіх крыштальных зорак. Праект уключае не толькі іх устаноўку, але і догляд воінскіх пахаванняў, мерапрыемствы па пошуку магіл ветэранаў, зборы іх біяграфічных звестак і ў цэлым з’яўляецца часткай маштабнага пошукава-даследчага праекта школьнікаў “Ад вытокаў да будучыні”.

Дэлегацыя дзятлаўчан на чале з намеснікам старшыні райвыканкама, старшынёй раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вадзімам Бяляткам гэтай вясной прымала ўдзел у адкрыцці праекта. Цяпер пад кіраўніцтвам Вадзіма Аляксандравіча на Дзятлаўшчыне прадаўжаецца ўстаноўка знакаў-сімвалаў “Чырвоная зорка героя”.



На могілках у Мядзвінавічах 16 верасня ў прысутнасці школьнікаў, актывістаў грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўнікоў працоўных калектываў крыштальная зорка ўстаноўлена на помніку ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, жыхара вёскі Сверплевічы Пятра Сербіна.

– У год 80-годдзя Вялікай Перамогі мы сабраліся на магіле ветэрана, каб аддаць даніну памяці подзвігу савецкага народа, які адстаяў мір і свабоду ў самай страшнай вайне ў гісторыі чалавецтва, – зазначыў Вадзім Бялятка. – Праект “Чырвоная зорка героя” не проста акцыя, а сімвал нашай памяці і ўдзячнасці, сувязі пакаленняў, адзінства народа. Няхай ззянне гэтых зорак не згасне і асвячае шлях новым пакаленням, нагадваючы, што такое сапраўдная любоў да Айчыны, гонар і годнасць.

– Пётр Сербін нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Сверплевічы, – расказала старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка. – У ліпені 1944-га пасля вызвалення Беларусі Пётр Іосіфавіч быў прызваны ў Чырвоную армію. З лістапада ўдзельнічаў у баях, быў аўтаматчыкам 8-й стралковай дывізіі 8-й арміі 4-га Украінскага фронту. Змагаўся супраць нямецкіх захопнікаў пры ўзяцці горада Святы Мікалаш (Чэхаславакія). 12 лютага 1945 года быў моцна паранены, стаў інвалідам ІІ групы. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на Радзіму, працаваў у сельскай гаспадарцы. За ваенныя заслугі Пётр Сербін узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені, медалём “За адвагу”, ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Памёр у 1994 годзе.
Ала Гародка адзначыла, што спонсарскую дапамогу па добраўпарадкаванні магілы ветэрана аказалі прыватны прадпрымальнік Сяргей Лагуцік і стараста вёскі Гарадкі Аляксей Лагуцік.

Знак-сімвал на помніку Пятра Сербіна прымацавалі Вадзім Бялятка і Ала Гародка. Памяць ветэрана, а з ім і ўсіх загінулых герояў вайны, прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак.


Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА