У Дзятлаве на стадыёне “Колас” адбыўся занальны этап турніру па міні-футболе сярод супрацоўнікаў міліцыі і падлеткаў, з якімі вядзецца індывідуальная прафілактычная работа.


Удзел у ім прымалі зборныя каманды нашага, Навагрудскага, Слонімскага, Карэліцкага, Лідскага раённых аддзелаў міліцыі. Ініцыятарам мерапрыемства выступіла Упраўленне ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама, арганізатарамі – інспекцыі па справах непаўналетніх пяці гэтых раёнаў.


Нават дажджлівае надвор’е не перашкодзіла ўдзельнікам футбольных баталій паказаць свае спрыт і спартыўны запал на гульнявой пляцоўцы.

– Вы сустракаецеся, каб з карысцю для здароўя правесці час, удасканаліць гульнявыя навыкі, атрымаць зарад пазітыву, дастойна прадставіць свае раёны і пазмагацца за званне лепшых у міні-футболе, – павітаў спартсменаў часова выконваючы абавязкі начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Павел Бараноўскі. – Жадаю цікавай гульні і бадзёрасці духу.


– Сумесна з інспекцыяй па справах непаўналетніх мы клапоцімся, каб вы выбіралі правільны шлях у жыцці, – звярнулася да маладых футбалістаў першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – Няхай занальны турнір умацуе вас у думцы, што ў здаровым целе – здаровы дух. Памятайце, што вы адзіная каманда і прадстаўляеце свае раёны. Удачы, поспехаў, няхай гульня атрымаецца зладжанай.

На поле зборныя каманды падлеткаў і супрацоўнікаў міліцыі заклікаў галоўны суддзя спаборніцтваў Уладзімір Ганчар.




Ніякага шанцу на поспех на пляцоўцы іншым не пакінула зборная АУС Слонімскага райвыканкама, якая лідзіравала па колькасці забітых мячоў і стала пераможцай турніру. Крыху саступіла лідарам і аказалася на другой пазіцыі каманда АУС Лідскага райвыканкама. Тройку лепшых закрыла каманда АУС Навагрудскага райвыканкама.


Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga