На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца рэалізацыя абласнога праекта “Чырвоная зорка героя”, які аб’яднаў абласную арганізацыю РГА “Белая Русь”, галоўнае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, школы і гімназіі вобласці, людзей, нераўнадушных да подзвігу герояў Вялікай Айчыннай вайны. Яго сімвал увекавечвае памяць абаронцаў Радзімы і ахвяраў ваеннага ліхалецця.

Напярэдадні Дня народнага адзінства дэлегацыя дзятлаўчан і новаяльнянцаў на чале з намеснікам старшыні райвыканкама, старшынёй раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вадзімам Бяляткам сабраліся, каб ушанаваць памяць пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Міцкевіча. Магіла старэйшага настаўніка мясцовай школы знаходзілася ў непрыдатным стане, не засталося блізкіх сваякоў, каб яе даглядаць. Аднак знайшліся спонсары, якія дапамаглі школе яе добраўпарадкаваць. А сёння чарговая чырвоная зорка была ўстаноўлена на помніку ветэрана.



Навучэнцы Новаяльнянскай школы расказалі, што Аляксандр Міцкевіч прысвяціў выхаванню і навучанню дзяцей 35 гадоў, 26 з якіх – у іх школе. Аляксандр Іванавіч нарадзіўся ў 1903 годзе ў вёсцы Бурцічы Жалудоцкага раёна (цяпер Шчучынскі) Гродзенскай вобласці. У пачатку Першай сусветнай вайны, у 1914 годзе, сям’я была эвакуіравана ў Паволжа. У 1922 годзе вярнуўся ў Беларусь у Гомельскую вобласць, дзе і пачаў сваю педагагічную дзейнасць настаўнікам матэматыкі. У 1927 годзе пасля дэмабілізацыі з Чырвонай арміі Аляксандр Іванавіч па вярбоўцы паехаў у Іркуцкую вобласць. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, у лістападзе 1941 года быў прызваны ў рады Чырвонай арміі. Служыў у 60-й гаўбічнай артылерыйскай ордэна Кутузава брыгадзе, быў залічаны ў 796-ы асобны разведвальны полк у званні чырвонаармейца.

За бездакорную службу ветэран Вялікай Айчыннай вайны ўзнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”, “За Перамогу над Германіяй”, “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне”.
У 1947 годзе сям’я пераехала ў Беларусь у Дзятлаўскі раён. Аляксандр Іванавіч пачаў працаваць настаўнікам матэматыкі ў Новаяльнянскай сярэдняй школе. За шматгадовую працу ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, нагрудным знакам “Выдатнік народнай адукацыі”.

Як адзначыла настаўніца Новаяльнянскай школы Тамара Крывеня, гэта быў дабрэйшай душы чалавек, які заўжды добрасумленна выконваў сваю працу, матэматыку любіў бязмежна, сціплы, паважлівы, гатовы прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну. Памяць пра яго жывая заўжды.
– Акцыя, да якой далучыліся сёння, заклікана падтрымліваць гістарычную праўду аб подзвігу нашага народа ў часы вайны і перадаваць яе наступным пакаленням, – зазначыў Вадзім Бялятка. – У Дзятлаўскім раёне ўжо ўстаноўлена некалькі “Чырвоных зорак героя”, спадзяюся, работа па захаванні памяці аб ветэранах будзе прадоўжана, бо гэта справа вельмі важная ў жыцці нашага народа і моладзі.


У знак глыбокай павагі прысутныя ўсклалі кветкі на магілу Аляксандра Міцкевіча і ўшанавалі памяць аб ім хвілінай маўчання.






Святлана ГРЫШЫНА
Фота Наталлі АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #РАЗАМ #17Верасня #МЫедины #адзiннарод