Рэгістрацыя дзяржмаёмасці, завяршэнне капітальных рамонтаў, Адзіны дзень бяспекі, дзейнасць гандлёвых аб’ектаў – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Кантроль цэнавой сітуацыі
Тэма кантролю за цэнамі на харчовыя і нехарчовыя тавары застаецца на пільным кантролі з боку эканамічнай службы райвыканкама. Сёлета было праведзена 16 маніторынгаў аб’ектаў гандлю як дзяржаўнай, так і прыватнай формаў уласнасці, з іх 4 – на рынках.
Яны паказваюць, што сярод асноўных парушэнняў, якія дапускаюць суб’екты гандлю, прэвалююць адсутнасць цэннікаў, завышэнне кошту, адсутнасць дакументаў аб якасці і бяспецы тавараў.
– Навесці парадак у гэтым сегменце эканомікі неабходна. Да маніторынгавай дзейнасці павінны падключыцца іншыя службы, а таксама сельскія саветы – кіраўніцтва сельвыканкамаў добра ведае, калі і хто ажыццяўляе выязны гандаль, як працуюць мясцовыя стацыянарныя магазіны. Нельга абмяжоўвацца толькі рэкамендацыямі, адказнасць павінна быць, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.
Бяспека ў доме
У асенне-зімовы перыяд бяспека ў домаўладаннях з пячным ацяпленнем у многім залежыць ад спраўнасці печаў. На гэтым асабліва акцэнтуюць увагу супрацоўнікі РАНС.
Як праінфармаваў начальнік аддзела Сяргей Казушчык, яшчэ рамантуюцца чатыры печы ў домаўладаннях катэгарыраваных груп грамадзян. Да 1 кастрычніка работы будуць завершаны. Праводзяць ратаўнікі і паўторнае абследаванне ў сельскай мясцовасці.
Таксама Сяргей Сяргеевіч анансаваў правядзенне 24 верасня Адзінага дня бяспекі. Мэта мерапрыемства – навучанне грамадзян дзеянням ва ўмовах пажараў і іншых няштатных сітуацый, а таксама аказанню першай дапамогі. У гэты дзень работнікі РАНС наведаюць пяць арганізацый, каб аказаць кансультатыўную дапамогу па правядзенні трэніровачных заняткаў, уключаючы эвакуацыю людзей з будынкаў пры пажары.
Ці рэалізуюцца планы?
На бягучым тыдні камісія райвыканкама падвядзе прамежкавы вынік выканання бізнес-планаў прадпрыемствамі раёна за 9 месяцаў. Як патлумачыла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, гэта магчымасць своечасова выявіць праблемныя моманты, каб скарэкціраваць дзейнасць арганізацыі для рэалізацыі да канца бягучага года намечаных планаў.
Абмеркавалі на нарадзе тэму рэгістрацыі дзяржмаёмасці. Цяпер распрацоўваюцца дакументы па 13 сельскагаспадарчых аб’ектах. Жыллёва-камунальнай гаспадарцы неабходна зарэгістраваць 32 (20 з іх ужо афармляюцца ў БТІ).
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga