На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама падведзены вынікі пяці сацыяльных расследаванняў у сем’ях, дзе гадуюцца дзеці да 18 гадоў. Усе непаўналетнія прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы. 

“Градус” прыняцця рашэнняў

Літаральна на пераднавагоднім пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх былі прааналізаваны вынікі сацыяльнага расследавання ў сям’і з дзецьмі, дзе п’яны бацька быў затрыманы дзяржаўтаінспекцыяй за рулём, а на чарговай сустрэчы камісіі – новыя героі.

Сацыяльныя расследаванні праводзіліся з-за таго, што двое мужчын, у якіх ёсць сем’і і дзеці, выпівалі разам, а потым зразумелі, што ў іх скончыліся цыгарэты. У магазін па тытунёвыя вырабы пайсці пешшу дарослыя паленаваліся, тым больш што адзін з сяброў быў на машыне. Праўда, сесці за руль нападпітку сам пабаяўся, давер аказаў п’янаму сябру. Ад’ехалі недалёка, і ў хуткім часе былі затрыманы работнікамі міліцыі. Згодна з беларускім заканадаўствам, абодва “зарабілі” адміністрацыйныя пратаколы і вялікія сумы штрафаў: адзін за ваджэнне ў стане ап’янення, другі – за свядомую перадачу руля п’янаму чалавеку і супраціўленне работнікам міліцыі. Аднак такі фінал гісторыі не самы горшы, бо ў жыцці нямала прыкладаў, калі нецвярозы вадзіцель становіцца злачынцам на дарозе, губіць жыцці іншых удзельнікаў руху.

Прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці па гэтых артыкулах з’яўляецца яшчэ і законнай падставай для прызнання ў сацыяльна ненадзейным становішчы дзяцей, якія гадуюцца ў сем’ях абодвух парушальнікаў, а іх усяго пяцёра. Члены камісіі адзінагалосна падтрымалі такое рашэнне.

Двойчы на адны і тыя ж граблі?

Пасля сацыяльнага расследавання школа выступіла з хадайніцтвам у адрас камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама аб прызнанні дваіх дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы.

Непаўналетнія гадуюцца ў поўнай сям’і, аднак іх маці раней ужо была пазбаўлена бацькоўскіх правоў на дваіх старэйшых дзяцей, у наш раён прыехала з іншага, каб пачаць новае жыццё. На жаль, жанчыне пакуль гэта кепска ўдаецца, і сям’я ўжо прызнавалася ненадзейнай з-за захаплення маці алкагольнымі напоямі. Як за абавязанай асобай у адносінах да старэйшых дзяцей, за ёю наладжаны пільны кантроль адказных службаў, аднак гэта не перашкаджае жанчыне ўчыняць прагулы на рабоце, хаця за гэта прадугледжана крымінальная адказнасць. Яшчэ работнікі міліцыі разглядаюць яе як адну з кандыдатак на накіраванне ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

Маці выдатна ведае, які лёс можа чакаць дваіх яе малодшых дзяцей, бо раней ужо прайшла гэты шлях. Пасля ўскладнення сітуацыі ў сям’і яна рашылася на кадзіраванне ад алкагольнай залежнасці і потым п’янай не была заўважана. Тым не менш, члены камісіі задаволілі хадайніцтва школы: непаўналетнія прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы, а дарослых папярэдзілі аб недапушчэнні п’янак. Калі бацька ці маці дазволяць сабе спіртное – дзяцей адразу ж прызнаюць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, ад гэтай жа працэдуры да чарговага пазбаўлення бацькоўства – адзін крок.

Мілыя сварацца – толькі цешацца?

Сямейны скандал з рукапрыкладствам стаў падставай для яшчэ аднаго сацыяльнага расследавання, цяпер ужо ў маладой сям’і, дзе гадуецца дзіця. На шчасце, на момант канфлікту маленькі сын гасцяваў у бабулі. Дарослыя пасварыліся з-за таго, што жонка вярнулася ад сяброўкі позна вечарам, а муж у парыве рэўнасці пачаў выхоўваць яе не словамі, а кулакамі. З цялеснымі пашкоджаннямі жанчына звярнулася да ўчастковага інспектара міліцыі, а пасля яшчэ і падала дакументы на развод. У адносінах да сямейнага скандаліста была выкарыстана такая мера адказнасці, як ахоўнае прадпісанне.

З-за амаральных паводзінаў бацькі і накладзенага на яго адміністрацыйнага пакарання, якое з’яўляецца паказчыкам сямейнага недабрабыту, непаўналетні хлопчык прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы.

Муж і жонка пакуль знаходзяцца ў працэсе скасавання шлюбу, ці захаваюць яны сям’ю, вырашаць толькі ім, аднак дзіця не павінна гадавацца ў атмасферы канфліктаў і страху. Паводзіны бацькоў будуць знаходзіцца на кантролі, і мужчыну рэкамендавана звярнуцца па кансультацыю да доктара-нарколага. Як далей складзецца сітуацыя – пакажа час.

Без кантролю – ніяк

На сёння ў сям’і гадуецца трое непаўналетніх дзяцей, бо старэйшыя ўжо дарослыя, а раней іх таксама неаднаразова прызнавалі ў сацыяльна ненадзейным становішчы, нават маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. На жаль, як паказвае жыццё, сям’я патрабуе пільнага кантролю: толькі летась у адносінах да яе былі арганізаваны тры сацыяльныя расследаванні, чарговае сёлетняе выявіла крытэрыі і паказчыкі недабрабыту, таму дзяцей зноў прызналі ў сацыяльна ненадзейным становішчы.

Усё таму, што дарослыя час ад часу дазваляюць сабе “крыху” выпіць і пры гэтым мала зважаюць на парадак у жылых пакоях, чысціню бялізны, аплату камуналкі, хаця як шматдзетныя атрымалі добраўпарадкаваную кватэру. Запазычанасць за выгоды цывілізацыі ў іх налічвае тысячы рублёў, аднак, здаецца, гэты факт больш непакоіць спецыялістаў адказных службаў, чым саміх карыстальнікаў.

Бацькоў папярэдзілі, што калі яны прадоўжаць піць і не будуць паступова ўносіць плацяжы за камунальныя паслугі, дзяцей наогул прызнаюць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. 

Вадзім БЯЛЯТКА,
старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
У сферы адказнасці – якасць тавараў і бяспека спажыўцоў
«Встречная полоса!»

«Встречная полоса!»

12 февраля, 2026
Як захаваць мір?

Як захаваць мір?

12 февраля, 2026

Похожие публикации