Categories: Падзеі

Магазін на колах

З кожным годам колькасць сельскіх жыхароў няўхільна змяншаецца. І там, дзе калісьці стаялі сельмагі, сёння застаюцца толькі шыльды з раскладам работы аўтамагазіна. Наколькі эфектыўная і патрэбная людзям праца “аўталаўкі”, спытаем у саміх вяскоўцаў, для чаго завітаем у вёску Труханавічы нашага раёна.

 

 

Мясцовыя жыхары цэлым сходам сустракаюць у прызначаным месцы на ўскрайку вёскі прадуктовую машыну. Пабываўшы ўжо ў Плябанавічах, сюды прыехала прадавец Галіна Бялевіч разам з вадзіцелем Іванам Дзяхцевічам.

Ля машыны адразу ж выстройваецца ладная чарга з вяскоўцаў і дачнікаў, якую па негалоснай дамове ніхто не парушае. Людзі прыходзяць да аўтамагазіна не толькі сёе-тое прыдбаць, але і пагутарыць, даведацца мясцовыя навіны.

 

Мясцовая жыхарка Вера Пятроўна, закупіўшы ўсё неабходнае, складвае важкую сумку ў кошых веласіпеда: ведама, шлях да дома не надта далёкі, але так зручней. Да аўтамагазіна і работнікаў гандлю нараканняў не мае:

— Добра працуюць, што тут яшчэ дадаць? Што неабходна – прывозяць, калі што замовіць з тавараў, давязуць дадаткова. Па аўторках адразу пасля абеду прыязджае машына, а па пятніцах яшчэ раней. Ды і Галіна “Бацькаўна” – чалавек што трэба – заўжды ветлівая да нас, уважлівая.

Сваю аднавяскоўку падтрымлівае Ганна Аляксандраўна, якая прыйшла да машыны на закуп. Тут яна набывае няхітры набор прадуктаў: хлеб з батонам ды малако, каўбасу для сына, а для сябе – салодкага ліманаду.

— Добра нас абслугоўваюць, – не чакаючы пытання, запэўнівае жанчына. – І пячэнне, і цукеркі, а садавіна – усякія прысмакі прывозяць, нават марожанае.

Дасведчаная ў вясковых справах жанчына сярэдніх гадоў сябе не называе, але аўтарытэтна заяўляе, што з харчовымі прадуктамі перабояў у вяскоўцаў няма: у вёску прывозяць прадукты і кааператыўны гандаль, і прыватнікі з Наваельні, добра дапаўняючы адны другіх.

 

Прадавец аўталаўкі Галіна Бялевіч ужо 41 год у спажывецкай кааперацыі, 13 з іх – у аўтамагазіне ездзіць па азначаным маршруце. Пасля Труханавічаў яе чакаюць пакупнікі ў Апаліна-Басіна, Жыбартоўшчыне, Агародніках, Аляксандравічах, Разважжы, Русаках, Алёхнавічах, Страле, Зачэпічах, Каршаках, Малых і Вялікіх Краглях. Выязджаючы са склада каля 10-й раніцы, дадому прадавец вяртаецца толькі пасля 9-й вечара. Працуе на маршруце разам з напарніцай, аб’язджаючы вёскі па два, а то і тры разы.

—Работа не з лёгкіх, – шчыра зазначае Галіна Іосіфаўна. – Летам больш працы, бо больш пакупнікоў. Дзесьці ў вёсцы адзін раз спыняемся, а недзе і два, тры, каб усе вяскоўцы змаглі дайсці да машыны.

 

Дзённая выручка аўтамагазіна летам дасягае 16 мільёнаў рублёў. Па словах прадаўца, сучасныя машыны для выязнога гандлю, абсталяваныя паліцамі і халадзільнікамі, дазваляюць пашырыць асартымент тавараў, у тым ліку, прывезці нешта па замове. На Дзятлаўшчыне аўтамагазіны ездзяць па 6 маршрутах, на кожным – немалая нагрузка.

Кааператыўным выязным гандлем ахоплены 158 населеных пунктаў раёна, уключаючы самыя аддаленыя ад райцэнтра. Удзельная вага выручкі ад рэалізацыі прадукцыі аўтамагазінамі – каля 10% ад агульнай па гандлёвай сістэме спажывецкай кааперацыі. Калі падлічыць, аўталаўкі – не самы выгадны для арганізацыі від дзейнасці, але ён вельмі патрэбны людзям.

Н. АВЯРЧУК

 

administrator

Recent Posts

Святлана Лагута: “Здаровы сэнс перамог”

7 мая Міжнародны алімпійскі камітэт зняў усе абмежаванні з беларускіх спартсменаў, такім чынам адкрыўшы ім…

12 часов ago

Футбольныя мячы – да Дня Перамогі

Напярэдадні 9 Мая ў рамках мерапрыемстваў у падтрымку дзіцяча-юнацкага футбола ў Рэспубліцы Беларусь Дзятлаўшчыну наведаў…

12 часов ago

“Перамога: погляд праз 81 год. Спадчына, памяць, выбар маладых”

Дыялогавая пляцоўка пад такой назвай  прайшла ў гімназіі № 1 горада Дзятлава. Пагаварылі пра тое,…

13 часов ago

Гістарычная памяць – аснова працвітання грамадства

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага…

13 часов ago

8 мая — Международный день Красного Креста и Красного Полумесяца

Этот важный день служит напоминанием о необходимости сохранения и укрепления ценностей гуманности, сострадания и безвозмездной…

13 часов ago

Нам даверана памяць. Не згасне слава тых, хто набліжаў Перамогу

У межах акцыі “Беларусь помніць. Помнім кожнага” на Дзятлаўшчыне прайшлі мітынгі, прысвечаныя 81-й гадавіне Перамогі…

14 часов ago