Categories: Падзеі

4 ліпеня – Дзень кааперацыі

У першую суботу ліпеня адзначаюць сваё прафесійнае свята работнікі спажывецкай кааперацыі. Для Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства гэта добрая нагода адзначыць лепшых у сваёй прафесіі, уручыць заслужаныя ўзнагароды. Напярэдадні свята кааператараў пазнаёмімся з некаторымі з іх.

 

ІРЫНА КАСКО –  ураджэнка Дзятлаўшчыны, усё сваё жыццё прысвяціла спажывецкай кааперацыі раёна. Апошнія тры гады яна працуе аператарам ЭВМ: ад працы жанчыны залежыць, ці правільна будзе разлічаны кошт на тавары з улікам гандлёвай нацэнкі. А вось пачынала свой працоўны шлях Ірына Мікалаеўна пасля заканчэння Навагрудскага тэхнікума ў далёкім 1989-м на пасадзе рэвізора. За гады плённай працы жанчына паспрабавала сябе на пасадзе інструктара па кадрах, экспедытара, пабачыла не адну рэарганізацыю Дзятлаўскай спажывецкай кааперацыі, аднак засталася вернай абранай аднойчы прафесіі. За добрасумленную працу Ірына Мікалаеўна Каско сёлета была ўзнагароджана Ганаровай граматай праўлення аблспажыўтаварыства і абкама прафсаюза работнікаў спажывецкай кааперацыі. У прафесійнае свята адзін з самых вопытных работнікаў спажывецкай кааперацыі раёна жадае сваім калегам здароўя і цярпення, астатняе – дадасца.

 

 

ТАІСІЯ ТРАЙНЕЛЬ з 1984 года ў раённым спажывецкім гандлі. Яна нават адукацыю атрымлівала ў Дзятлаве, вучылася ў мясцовай школе-магазіне. Прыйшоўшы 30 гадоў таму працаваць у магазін малодшым прадаўцом, на сёння жанчына “дарасла” да прадаўца вышэйшага 6-га разраду, загадчыцы вядучага харчовага магазіна – універсама “Ветэран”. Па словах Таісіі Яўгенаўны, яна любіць сваю справу за тое, што кожны дзень працуе з людзьмі: прыходзяць у магазін пакупнікі з розным настроем, густамі і запытамі, а задача прадаўцоў – каб іх магазін пакінулі з пакупкамі і ўсмешкай. За адданасць сваёй справе Таісія Трайнель узнагароджана Падзячным пісьмом старшыні Дзятлаўскага райвыканкама. Дзень кааперацыі жанчына сустрэне з калектывам магазіна “Ветэран”, які за столькі гадоў сумеснай працы стаў, як сям’я. Сваім калегам яна жадае здароўя, багатых пакупнікоў і дабрабыту ў сям’і: бо калі дома ўсё добра, і працуецца з задавальненнем.

 

 

ЭЛУІЗА СІДОРЧЫК – вядучы бухгалтар Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Пасля заканчэння Маладзечанскага улікова-планавага тэхнікума ў 1979 годзе яна прыехала з Іўеўшчыны ў гарпасёлак Наваельня, каб працаваць у спажывецкай кааперацыі нашага раёна. Ужо працуючы бухгалтарам Наваельнянскай міжрайбазы, Элуіза Віктараўна атрымала вышэйшую бухгалтарскую адукацыю ў Гомельскім кааператыўным інстытуце. Пасля далучэння прадпрыемства да Дзятлаўскага філіяла жанчына, як і яе калегі па працы, перайшла працаваць у райцэнтр. Па словах бухгалтара са стажам, больш за ўсё ў працы ёй падабаецца дакладнасць і парадак: бухгалтэрыя хаосу не церпіць. А калі бухгалтар у працы прывык да парадку, то і дома, у паўсядзённым жыцці, ад гэтага правіла не адступае. Сёлета Элуіза Сідорчык адзначана Ганаровай граматай праўлення аблспажыўтаварыства і абкама прафсаюза работнікаў спажывецкай кааперацыі. Прафесійнае свята яна сустрэне разам з калегамі па працы, праўда, зазначае, многія з тых, з кім пачынала працаваць, ужо на заслужаным адпачынку. Усім работнікам спажывецкай кааперацыі яна зычыць поспехаў у нялёгкай (хоць не заўсёды фізічна) працы, здароўя і дабрабыту.

 

 

АКСАНА КУЛІК адносна нядаўна ў Дзятлаўскім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Жанчына прыехала ў наш раён з Расіі, з далёкага Чарнагорска, у якім атрымлівала адукацыю і працавала, працягнула работу па спецыяльнасці ў дзятлаўскім рэстаране “Ліпічанка”, дзе з’яўляецца поварам 4-га разраду. Аксана Уладзіміраўна кажа, што працаваць у грамадскім харчаванні ёй падабаецца, бо любіць гатаваць і прыносіць радасць людзям. І гэта атрымліваецца ў повара няблага, бо сыты чалавек – задаволены чалавек. За добрую працу Аксана Кулік атрымала першую ў спажывецкай кааперацыі ўзнагароду – Падзячны ліст старшыні Дзятлаўскага райвыканкама. Прафесійнае свята жанчына, як і звычайна, сустрэне ў кухні рэстарана за плітой: каб свята ўдалося на славу – повар павінен напружана папрацаваць. А святкаваць будзе з роднымі, калі выдасца выхадны. У прафесійнае свята і будні жанчына жадае ўсім кааператарам жыццёвых сілаў і добрага настрою.

Н. АВЯРЧУК

administrator

Recent Posts

Святлана Лагута: “Здаровы сэнс перамог”

7 мая Міжнародны алімпійскі камітэт зняў усе абмежаванні з беларускіх спартсменаў, такім чынам адкрыўшы ім…

11 часов ago

Футбольныя мячы – да Дня Перамогі

Напярэдадні 9 Мая ў рамках мерапрыемстваў у падтрымку дзіцяча-юнацкага футбола ў Рэспубліцы Беларусь Дзятлаўшчыну наведаў…

11 часов ago

“Перамога: погляд праз 81 год. Спадчына, памяць, выбар маладых”

Дыялогавая пляцоўка пад такой назвай  прайшла ў гімназіі № 1 горада Дзятлава. Пагаварылі пра тое,…

12 часов ago

Гістарычная памяць – аснова працвітання грамадства

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага…

12 часов ago

8 мая — Международный день Красного Креста и Красного Полумесяца

Этот важный день служит напоминанием о необходимости сохранения и укрепления ценностей гуманности, сострадания и безвозмездной…

12 часов ago

Нам даверана памяць. Не згасне слава тых, хто набліжаў Перамогу

У межах акцыі “Беларусь помніць. Помнім кожнага” на Дзятлаўшчыне прайшлі мітынгі, прысвечаныя 81-й гадавіне Перамогі…

13 часов ago