Сумесную акцыю да Свята працы, 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, Дня друку і ў рамках супрацоўніцтва правялі юныя журналісты раённай газеты “Перамога”, навучэнцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, і супрацоўнікі рэдакцыі выдання.


Навучэнцы і дарослыя пасадзілі дзве алеі маладых туяў: адну – каля школы, другую – каля рэдакцыі. Дрэўцы сімвалізуюць супрацоўніцтва юных і прафесійных журналістаў, пераемнасць пакаленняў, захаванне гістарычнай памяці аб подзвігу беларускага народа.



























– Ініцыятарам сумеснай акцыі стала рэдакцыя раённай газеты “Перамога”, на базе якой працуе клуб “Юны журналіст”, – расказала галоўны рэдактар выдання Ірына Камарова. – Мы набылі саджанцы дрэўцаў і прапанавалі вучням першай школы, якая з мінулага года стала базавай пляцоўкай для супрацоўніцтва, не толькі пабыць удзельнікамі сумеснай акцыі да 9 Мая – усенароднага свята Перамогі, у гонар якога названа наша газета, але і патрымаць у руках фотаапарат, паназіраць, як на месцы падзей працуюць журналісты, пагрузіцца ў прафесію. Спачатку навучэнцы прыходзілі ў рэдакцыю на экскурсіі, зараз пад рубрыкай “Спроба пяра” пішуць у нашу газету артыкулы, а ў перспектыве – ладзіць сумесныя выхады на рэпартажы. Магчыма, некаторыя члены клуба захопяцца журналісцкай дзейнасцю і пасля заканчэння школы выберуць яе як прафесійную. Дзверы рэдакцыі для юных журналістаў заўжды адчынены, чакаем іх на майстар-класы, павучым не толькі пісаць публіцыстыку розных жанраў і фатаграфаваць, але і працаваць з нейрасеткай. Супрацоўніцтва мяркуем прадаўжаць.

– Сёння ў рамках правядзення мерапрыемстваў да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне мы, вучні 9 “Б” класа як юныя карэспандэнты раёнкі, іх кіраўнік Наталля Белаус і я падтрымалі ідэю рэдакцыі і высадзілі алеі Памяці, – адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы Марына Нячай. – У знак Перамогі туі з’явіліся каля будынкаў школы і рэдакцыі. Спадзяёмся, што гэта мерапрыемства паспрыяе далучэнню падрастаючага пакалення да таго ўкладу, які ўнеслі ў Перамогу нашы продкі. Адметна, што ў некаторых вучняў іх прадзеды з’яўляліся ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Алеі Памяці будуць нагадваць нам пра Перамогу, якая дасталася беларусам вельмі дарагой цаной. Спадзяюся наша добрая справа будзе працягнута, і ў рамках святкавання мерапрыемстваў да 9 Мая да яе далучацца іншыя ўстановы. Мы ж прадаўжаем супрацоўніцтва з рэдакцыяй, бачым новыя перспектывы, абмяркуем іх. Думаю, на наступны навучальны год падцягнецца больш дзяцей, кіраўнік аб’яднання “Юны журналіст” у нас паспяхова працуе, гэта работа спрыяе прафарыентацыі, дае дзецям рэальную магчымасць адчуць сябе юнымі журналістамі, папрацаваць на месцы падзей.


Развіталіся ўдзельнікі сустрэчы на прыемнай ноце: юныя карэспандэнты і іх дарослыя калегі абмяняліся ўражаннямі, планамі і салодкімі сюрпрызамі.

Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны СТЫРНІК, Уладзіслава ШАЛЕСНАГА, Яўгенія КАВАЛЬСКАГА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#образование #нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина